Як Сашко «Мядзведзь-Гара» збег з Крыму, каб далучыцца да штабу Яраша


Асабістая гісторыя чалавека на фоне палітычнай катастрофы.

З Сашком мы сустрэліся ў Львове. Дахаты ён прыходзіў вечарамі, пасля выездаў ды заняткаў у новай структуры Яраша – УДА (Украінская добраахвотніцкая Армія). Двухметровы мужчына з пазыўным «Мядзведзь-Гара» свайго сапраўднага прозвішча не называе. Сашко – бежанец з Крыму. Праўда, бежанец не з ліку тых, хто толькі просіць прэферэнцыяў, але які таксама хоча прыносіць карысць сваёй краіне, частка якой трапіла пад акупацыю. Баец УДА прызнаецца, што ў свае 36 год засвоіў 15 спецыяльнасцяў, пачынаючы ад кухара, сканчаючы цесляром. Апошнім часам працаваў ахоўнікам у Ялце. З Крыму вырваўся на пачатку снежня мінулага года. Пра пачатак анексіі, праблемы паўвострава, рэаліі ды міфы расейскай акупацыі Сашко пагадзіўся распавесці нашым чытачам.

«Мірная» анексія

У Ялце ў 2014-ым анексія прайшла спакойна, ніхто нікога не чапаў. Так званыя «зялёныя чалавечкі» хадзілі ў цывільным – у футболках ды куртках. Яны пераапрануліся ў санаторыі Чарнаморскага флоту. Туды заехала 2–3 машыны з Севастопалю, наўпрост па трасе. Яны пасля зарганізавана хадзілі па горадзе, адкрыта зброю не паказвалі, але бачна было, што пад курткамі «нешта» ёсць.

Выступоўцаў скінулі са сцэны, узнялі трыкалоры

Я асабіста тады хадзіў на два праўкраінскія мітынгі. На першым было чалавек 20. З другім наагул цікава атрымалася. Мы з сябрам троху спазніліся, дык за гэты час выступоўцаў паскідвалі са сцэны, вакол узнялі трыкалоры: мітынг перарос у прарасейскі…

«Крым – гэта Украіна, а вы тут у гасцях»

[/vc_column_text][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=wSg1Q-bCgfM”][vc_column_text]Каля Левадыйскага палацу ў тыя дні я ўбачыў машыну з расейцамі, падышоў. Машына была з вайсковымі нумарамі ды са сцяжком РФ. Там толькі камандзір быў апрануты па форме, да яго я і звярнуўся, маўляў, Крым – гэта Украіна, а яны тут у гасцях і час ужо ехаць дадому. Ён адказаў: «Крым – гэта ўжо Расея, а мы будзем рабіць тое, што палічым належным». На гэтым размова скончылася. Свабода і мабільная сувязь Аднаго дня крымчане прачнуліся без мабільнай сувязі. Ані «Лайфу», ані МТС не было, нічога! Гэта здарылася ўжо прыкладна праз год пасля анексіі. Расея ўсё валіла на ўкраінскі бок, Украіна – на расейцаў. Пасля пачаў працаваць МТС, але картку на яго можна было ўзяць толькі з пашпартам, ва Украіне ж дагэтуль такога не было… У Расеі ўсё аказалася па-іншаму. Пашпартоў на ўсіх не хопіць? Наагул, у Крыме з’явілася такое паняцце, як «несвабода». Усіх адразу прымусілі мяняць дакументы: у першую чаргу бюджэтнікаў, пад страхам звальнення або неатрымання пенсіі. З 5-ай ранку пенсіянеры першымі займалі чэргі ля пашпартных сталоў, каб атрымаць новыя дакументы. Ажыятаж быў шалёны, баяліся, хіба, што на ўсіх не хопіць пашпартоў…

Койкі па калідорах

З’явілася бясплатнае медычнае абслугоўванне для крымчанаў, бо ўва ўсёй Украіне яно платнае. Фармальна бясплатнае, але за аперацыі ды роды ты плаціш, а тут нібы, ясплатна ўсё! Але, зноў жа, вылезла бокам: усе адразу пачалі ламацца ў шпіталі ды лякарні, дзе койкі стаялі па калідорах.

Запалкі, грэчка і нясмачны шакалад

Моцна змяніліся крамы. Засталося толькі самае неабходнае: хлеб, малако, запалкі, грэчка. Няма той раскошы, якая была пры Украіне. Тады паліцы ламаліся, няхай нават ад рознай непатрэбшчыны, якая стварала ўражанне выбару, свята. Мо яно табе і не трэба, але ты возьмеш, каб стол добра выглядаў. Дарэчы, шакалад расейскі – нясмачны, таму я кантрабанду купляў.

Санкцыі

Не забывайцеся, што ёсць санкцыі для Расеі, а ёсць – асобна ля Крыму, яшчэ больш жорсткія. Якая тут логіка? Вось вас захапілі ў палон, а мы вас яшчэ і пакараем? У адваротным выпадку, калі рэферэндум быў свабодным, дэмакратычная Амерыка карае людзей за свабодны выбар?.. Нонсэнс.

«Крым наш», а мяжа засталася?

[/vc_column_text][vc_single_image image=”128675″ img_size=”large”][vc_column_text]На фота: дэсантна-штурмавая група РФ акружыла вайсковую частку № 2320 (паміж Ялтай і Сімферопалем)

Паміж Расеяй і Крымам засталася мяжа, як не дзіўна. Паміж Керчу і портам Каўказ ёсць памежны пункт, які там быў заўжды, ён нікуды не знік. Людзей там абшукваюць, правяраюць пашпарты і рэчы. Наколькі я ведаю, паміж расейскімі вобласцямі такога няма. Цікава, што расейскі пашпарт у Крыме выдае не пашпартны стол, а мытная служба, у ім так напісана. Крым для расейцаў і свой, і чужы адначасна.

«Україна» супраць «Родины»

Пачалася кампанія перайменоўвання. Санаторыі сталі першымі. Па маршруце Ялта–Алупка быў санаторый «Україна». Яго перайменавалі ў «Родина». У Керчы санаторый «Київ» таксама перарабілі ці ў «Москву», ці ў «Россию», не памятаю. Гэта ж тое самае, як бы цяпер у Львове перайменавалі вуліцу «Руская» ва «Украінскую».

«Дзякуй» за спартовы касцюм

У Ялце я да апошняга хадзіў у спартовым касцюме колеру ўкраінскага сцягу. За гэта людзі на вуліцы мне казалі «Дзякуй». З іх словаў, я даваў ім надзею, што Крым некалі зноў стане ўкраінскім. Канфліктаў не было, усе на мяне нармальна глядзелі. Ну як нармальна… «з жахам» (смяецца). У мяне ж рост 2 метры, дык мо і не ведалі, што чакаць – можа я радыкал украінскі…

Смелыя людзі

Зараз не прынята размахваць украінскім сцягам. Калі ў Крыме нехта скажа, што Крым – гэта Украіна, то за заклікі да сепаратызму можа атрымаць 5 гадоў у плечы. Я вельмі рэдка пасля анексіі бачыў украінскія сцяжкі або налепкі на аўто ці нешта падобнае. Гэта адзінкі, смелыя людзі.

Украіна праз спадарожнік

Мой сябар ставіць спадарожнікавыя антэны. Каб глядзець украінскія каналы, зараз трэба ставіць адмысловыя галоўкі. Дык ён кажа, што 70–80% людзей, якія да яго звяртаюцца, просяць менавіта такія галоўкі. Раней жа ўсе глядзелі «1+1», «Інтер» ды інш. Гэта таксама паказвае погляды людзей, не?..

Святло і цені

Адключэнні святла пачаліся ўвосень 2015-га. Хлоп! Выключылі святло на 36 гадзінаў, гэты быў першы раз. Ніхто не ведаў, што адбываецца, ніхто ні з кім не мог звязацца. Уключылі на 1–2 гадзіны, пасля зноў выключылі – на 12, і гэтак некалькі разоў. Усе пачалі шалёна шукаць генератары, на якія падняліся кошты… Генератары тады зніклі ў крамах за момант, іх прывозілі ды прадавалі «з-пад палы». Нават цяпер кожны 2–3 гадзіны ў Крыме няма святла. Калі ў соднях 24 гадзіны, то 12 з іх электрычнасці няма. Прычым графіку дакладнага няма. Сядзіш сабе ў цемры і не ведаеш, што рабіць.

Апошняя кропля

Мяне не бралі на працу нікуды без расейскага пашпарта, які я адмовіўся браць. Я ўкраінец і хачу заставацца ўкраінцам. Гэты дакумент, які называюць «пашпартам», я браць адмовіўся…

Не факт, што выпусцяць

Нават калі чалавек ад’язджае з Крыму, то не ведае, ці яго выпусцяць. Мужыкоў наагул выпускаюць неахвотна, плюс палітычны фактар: напрыклад, твае допісы ў сацсетках… Калі не выпускаюць, то не тлумачаць прычыны. Разварочваюць – і ідзеш сабе назад, а там пешкі да найбліжэйшага населенага пункту, бо аўтобус не чакае. Калі прапусцяць – новы аўтобус з украінскага боку вязе цябе ў Херсон.

Ноч, стэп, калона ідзе, пражэктар у твар…

Я ехаў з адным цэлафанавым пакетам: думаў, не выпусцяць. Памежны пункт – гэта будка сярод поля. Уяві сабе: ноч, стэп, калона ідзе, пражэктар свеціць у твар… Нейкі 37-ы год. У будцы ці тое ФСБ-эшнікі, ці спецвойскі нейкія… На памежнікаў у Керчы прынамсі не падобныя. Неяк абышлося – выпусцілі. «Зайцам» на Бацькаўшчыну Я даехаў да Херсону, ноч, холад, пачатак снежня ўжо. Мне пашчасціла, што аўтобус ехаў да Адэсы, таму я дабраўся ажно да Мікалаева «зайцам»: грошай не было. Там толькі ранкам, мяне кіроўца вылічыў і высадзіў. Там я пайшоў па сацслужбах ды ваенкаматах, маўляў, што далей рабіць.

400 грыўняў на месяц выдадуць… часткамі

Украіна сустрэла мяне халодна. З ваенкамату мяне выправілі, а сацслужбы паабяцалі дапамогу памерам… 400 грыўняў ($ 15  – аўт.) на месяц, якія будуць выдавацца часткамі. І гэта ў выпадку, калі я знайду працу. Я засмяяўся, вядома, і перапытаў, ці гэтыя людзі самі вераць, што на 400 грыўняў можна пражыць. Мне адказалі, што на такія пытанні адказваць не ўпаўнаважаныя. Ва Украіне паўсюдна кажуць пра «акупаваныя тэрыторыі», але калі звяртаешся, то разумееш: ты нікому не патрэбны.

Актывістаў арыштаваць – гэта лёгка

[/vc_column_text][vc_single_image image=”128671″ img_size=”large”][vc_column_text]На фота: прарасейскія актывісты на мітынгу ў Сімферопалі

Цяпер я баец, або актывіст, у штабе Яраша, называй як хочаш. Не так даўно мы былі ў Тэрнопалі на судзе над палітвязнямі. Год таму актывісты затаўкалі ў смеццевы бак прадажнага дэпутата, які быў пры Януковічу, за што іх пасля арыштавалі. Нікога ж не пасадзілі з суддзяў, пракурораў, дэпутатаў, звязаных з расстрэламі на Майдане, з сістэмай Януковіча. А вось актывістаў пасадзіць – гэта без праблем… Такія рэаліі. Дарэчы, актывістаў, пад ціскам грамадскасці, на судзе выпусцілі. Таму з’ездзілі не дарма. Я збіраюся прыносіць карысць Украіне бліжэйшым часам. Чым змагу, тым дапамагу.

*** Напрыканцы размовы прашу Сашка апрануць камуфляж, які вісіць побач, для партрэтнага фота. Суразмоўца махае рукой, саромеецца. Раблю фота каля вялізнай мапы Украіны на сцяне. Напрыканцы, праводзячы мяне да дзвярэй, Сашко з сумам дадае: «Расея ніколі не аддасць Крыму…».

Фота: АК, argument.ua

АК, belsat.eu

Стужка навінаў