Як Сашка-качагар дрывасекам стаў (Відэа для моцных духам)


Сашка-качагар на валанцёрскіх пачатках стаў дрывасекам. Даплату за колку дроў яму рабіць не будуць. Замерзлыя тоўстыя калоды з вялікай колькасцю сукоў звычайная сякера не бярэ, пакідае на дрэве толькі неглыбокія парэзы, нібы ад нажа. Што рабіць? Калі ўзяўся за гуж, дык не кажы, што не дзюж – кажа народная прымаўка. Не нарубіш дроў – агонь у катле патухне і пасялковы магазін ператворыцца ў палац Зюзі, славянскага богу зімы.

Чытайце таксама: Спрытны дармаед, або Гісторыя аднаго качагара

Таму Міхайлавіч, колькі ёсць моцы ў яго руках, з адмысловым крыкам (не «Кій-я!», як у фільмах з бойкамі, а працяглым «Ха-а-а-а!») замахваецца цяжкім калуном на акалелую ад марозу калоду, падымае яе ўгару, праз плячо за спіну, пасля рэзка кідае. Аднак пузатая не паддаецца, не хоча расколвацца на часткі і Сашку-качагару даводзіцца ізноў ды тзноў паўтараць смяротныя для калоды, замахі, выкрыкваючы сваё гучнае, на ўсю ваколіцу, «Ха-а-а-а

https://youtu.be/kLh3WOQ1P2U
Тады раззлаваны Міхайлавіч, аж пачырванелы ад натугі, яшчэ з большай моцай кідае праз плячо непадатлівую калоду. З яго грудзей ужо вырываецца раз’юшанае «А-а-а-а!» Пасля яшчэ раз і яшчэ… Стомлены, спацелы, дрывасек нарэшце выдыхнуў, апусціў мазолістыя рукі ды заўсміхаўся: «Нарэшце!»

«Працуй як хочаш!»

Ключы ад качагаркі

Як пачаліся моцныя маразы ды снегапады, у Сашкі-качагара цяпер штодня такія прыгоды з колкай дроваў. Раённае спажывецкае таварыства моцна, вельмі моцна пакрыўдзіла свайго супрацоўніка. Найперш тым, што не паапекавалася пра наяўнасць спецвопраткі ды працоўныя інструменты для яго. «Толькі ключы ад качагаркі далі. І ўсё, працуй як хочаш!» – разводзіць рукамі качагар.

Міхайлавіч мусіў прынесці 3 свае глыбокія вёдры, венік, садовыя баваўняныя пальчаткі, сякеру. А калун з доўгай ручкай пазычыў у аднавяскоўца. Той даў яму за «пузыр» тэрмінам на месяц. «Якраз на маразы», – смяецца Сашка і круціць у руках калун, паказвае мне як блішчыць добра наточанае ім лязо.

лязо калуна сам тачыў

Мех вуглю ўзяў у свайго сябра-сабутыльніка, у таго самага, што ў мінулым годзе нарабіў некалькі бочак хатняга віна. Той сябар да Сашкі ў качагарку часцяком прыходзіць. І сёння быў, дапамагаў кацёл агледзець. А ён, той кацёл, стары ды дзіравы – мае больш за 23 гады эксплуатацыі! За гэтую зіму качагар ужо тры разы «замаскіроўваў» яго трэшчыны.

кацёл пацёк
Атрымаў Сашка ключы ад качагаркі, а ці атрымае абяцаныя 1,4 млн за месяц працы без выходных? Кажа, што, калі меней заплоцяць, кіне гэтую качагарку. Проста возьме і сыдзе. Сапраўды, прапанаваны заробак – гэта здзек з чалавека, бо аплата такой цяжкой фізічнай працы меншая за мінімальны заробак на 1,1 млн. На другой працы качагару абяцалі заробак крыху большы за 2 млн. Там гадзіна дзённай Сашавай працы каштуе 10 тыс.

Тэхніка бяспекі і яе парушэнні

ДРЫВАСЕК

Сашка п’яны і працуе, тым самым парушае тэхніку бяспекі. А яму ўсё роўна. Бо і раённае спажывецкае таварыства таксама парушае яго ўмовы працы. У інструкцыі па ахове працы для качагара, што ў файліку на падваконні ў качагарцы, чорным па белым напісана, што пры ручной загрузцы катлоў, якія працуюць на цвёрдым паліве, качагару павінны выдаць адмысловы вогнеупорны касцюм з напалову ільняной парусіны і такую ж шапку, а таксама акуляры, керзавыя сапагі, валёнкі, галошы ды брызентавыя рукавіцы. І яшчэ адзін касцюм на выпадак, калі будуць моцныя маразы.

А Міхайлавіч, самі бачыце, голымі рукамі ў кацёл дровы садзіць і голы ходзіць. Каб не цёплая верхняя вопратка з другой сваёй працы, з качагаркі дарожнага кіравання, то не на жарт умёрз бы.

У «Агульных патрабаваннях па ахове працы» Сашу не падабаецца пункт №4, які гучыць так: «Акрамя дадзенай інструкцыі качагар павінен ведаць палітыку Светлагорскага раённага спажывецкага таварыства ў галіне аховы здароўя». Качагар бубніць, маўляў, шмат чаго ён павінен ведаць і рабіць, ды толькі ў адносінах да яго ніхто нічога не павінен. Дзе тая справядлівасць?

Беспярэчна Міхайлавіч выконвае толькі адзін пункт: старанна мые рукі перад ежаю. Праўда, не акуратна, запэцквае ўмывальнік, за што жонка лаецца.

Працаўнік на ўсе рукі

У Сашкі-качагара працы пабольшала. І да яго пасёлка даляцеў раз’юшаны цыклон Даніэла. Усе дарогі пазамярзалі пасля дажджоў. Цяпер паўсюль каток. Пасля колкі дроваў Міхайлавіч ачышчае ганак крамы ад лёду і снегу, каб пакупнікі не паслізнуліся і не пападалі. А то будуць траўмы.

У Сашкі і так гора. Адзін з супрацоўнікаў дарожнага кіравання, дзе Саша таксама качагарыць, замерз насмерць. Мужчыны дзівяцца, і чаго іх сябра ў такія маразы на лецішча паехаў?! Там, напэўна, добра ўмазаў, лёг спаць і не прачнуўся. Вось табе і тэхніка бяспекі.

А тым часам да крамы доўгачаканыя прадукты прывезлі. Хто будзе заносіць у склад? Сашка-качагар! Бо прадавачка не падыме мех цыбулі, не жаночая гэта справа, цяжар такі насіць. У жаноцкія рукі – сырную галаву з Берасцейскай вобласці.

Прывезлі прадукты

Прадавачка абураецца, кажа кіроўцы, што не замаўляла сыр. А той у адказ: «Ва ўсе крамы сыр. І сказалі, без размоваў». Такое строгае раённае спажывецкае таварыства. Няхай бы яны лепей у тэрмін свой клопат пра людзей паказвалі. Пасялкоўцы яшчэ не забыліся, як іх святочныя сталы на Раство пакінулі пустымі. Тады ў краму не прывезлі прадукты. А мужчыны раззлаваліся і патэлефанавалі са скаргай у Міністэрства гандлю. З тых часоў па ўсім раёне праверкі ездзяць. А гэтая крама нарэшце дачакалася сваю навагоднюю замову на яблыкі, хурму, мяса, хрэн, гарчыцу, маянэз.

Прывезлі, як заўжды, шмат алкаголю. Нават паўлітровікі з півам, чаго раней ніколі не было. І цыгарэты. Сашка-качагар усцешыўся, калі адчыніў каробку, а там яго «Астра» ды «Прыма» ляжаць. Сучасныя модныя з фільтрам не курыць, за выключэннем «Фэсту» сіняга, бо яны не такія моцныя і каштуюць дорага.

У качагарцы

У краме Міхайлавіч усё зрабіў па-гаспадарску, каб з толкам. Пасля пайшоў дапамагчы мясцоваму святару пачысціць дарожкі каля дому. Атрымаў за гэта пачастунак – асвечаныя мандарынкі, цукеркі ды пранікі. Прынёс дадому, паклаў на засцелены даматканым абрусам стол.

пачастунак ад святара

Адукаваны качагар

Міхайлавіч не проста качагар – адукаваны, корачкі мае! Паказаў, колькі ў яго розных працоўных пасведчанняў – ажно цэлая гара, хоць ты веерам раскладвай. Міхайлавіч умее атапліваць пры дапамозе брыкету, вугалю і дроў. Упраўляецца і з газавымі катламі. Двойчы ездзіў у Менск на месячныя курсы. Пасля праходзіў двухтыднёвую практыку ўжо ўдома. Такая няхітрая навука качагара. А праца складаная і адказная.

https://youtu.be/oBXvXuB7pBE

Качагарам парасілавых катлоў Саша стаў у кастрычніку 1993 года. На яго памяці качагаркі саўгаса, арганізацыі «Белая Русь», хлеба-прыёмнага пункту ды дарожнага кіравання. У 2008 годзе Міхайлавіч вывучыўся на дарожнага рабочага і варшчыка бітуму. Цяпер Сашу – 54 гады. Вось і атрымоўваецца, што добрую частку свайго жыцця мае чорныя рукі качагара ці рабочага з нізкім заробкам. А калісьці, у 80-х, быў жа міліцыянерам!

Ядзя Бурштынава, belsat.eu
Фота аўтаркі.

Глядзі таксама
Каментары