«Як сабака Пуціна ўручаў медалі»: героі расейскіх кніжак для дзяцей змагаюцца са шпіёнамі і панаваннем долара


Том Соер «асуджаны» за бадзяжніцтва, а Валодзя Пуцін амаль такі ж старанны, як Валодзя Ленін. Расейскія ўлады не стамляюцца ўваскрашаць метады савецкіх часоў – цэнзура і прапаганда з’явіліся нават у дзіцячай літаратуры.

Дума пра самых маленькіх думае

Каля трох гадоў таму, акурат напярэдадні Дня дзіцяці, у Расеі ўнеслі змены ў Федэральны закон «Пра абарону дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю».

З ініцыятывы Дзяржаўнай Думы выйшаў загад абавязкова пазначаць усю прадукцыю медыяў адпаведнымі ўзроставымі маркёрамі – ад «0+» да «18+». Некаторыя ў Расеі нават смяяліся, што ў адпаведнасці з новымі крытэрыямі, ад прадстаўнікоў малодшага пакалення трэба было б хаваць, напрыклад, большасць… расейскіх народных казак. І не толькі іх, але нават і кнігі, якія ўваходзяць у канон сусветнай дзіцячай літаратуры.

І гэта была на страшная казка, але досыць змрочная рэчаіснасць, у якую сёлета ў сакавіку зноў акунулася Дзяржаўная Дума. Дарадца прэзідэнта Пуціна Уладзімір Талстой прачытаў на адным з паседжанняў ніжняй палаты расейскага парламенту дакумент аддзелу адукацыі Іркуцкай вобласці, дзе, без сумневу, натхніліся вясёлай заканадаўчай працай дэпутатаў-маралістаў.

Ад чаго трашчаць духоўныя скрэпы

Гэта быў спіс кніг, якія цалкам забаранілі чытаць дзецям рознага ўзросту ды не дазвалялі распаўсюджваць сярод няпоўнагадовых. Пералік склалі ў поўнай адпаведнасці з законам пра абарону дзяцей. У чорны спіс, да прыкладу, патрапіла кніга «Карлсан, які жыве на даху», на падставе якой быў створаны культавы савецкі мультфільм. Чым жа не дагадзіла аўтарка твору – Астрыд Ліндгрэн (Astrid Lindgren)? Аказваецца, адмаўленнем сямейных каштоўнасцяў і фармаваннем адсутнасці павагі да бацькоў. У сваю чаргу дзве іншыя ейныя кнігі – «Роня, дачка рабаўніка» ды «Расмус-валацуга» – могуць прывесці да бадзяжніцтва расейскіх дзяцей. Гэтаксама як і «Прыгоды Тома Соера» аўтарства Марка Твэна (Mark Twain). Пра Ганса Крыстыяна Андэрсэна (Hans Christian Andersen) лепш не гаварыць наагул нічога – нават «Дзюймовачка» змяшчае поўныя гвалту сцэны падбухторвання да прымусовага шлюбу.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Але што там заходняя мараль… З ёй і так усё ясна. Горш, што скрэпы расейскай духоўнасці трушчыць таксама мясцовая класіка. У казцы «Іван-царэвіч і шэры воўк» адшукалі сцэны разбою – была выкрадзеная там не толькі прыгожая Алена, але і конь. У «Калабку» пабачылі моманты фізічнага гвалту. Гэтак жа, як і ў «Машы ды мядзведзю», «Марозку», «Падзяцы шчупака» і «Залатым пеўнічку». «Гусі-лебедзі» – гэта проста гімн выкраданню дзяцей. Зусім не лепшым аказаўся Аляксандр Пушкін. У сцэне пакарання святара, апісанай у «Казцы пра папа і яго работніка Балду», ахоўнікі дзіцячай нявіннасці знайшлі «адсутнасць спагады да ахвяры».

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

І падобныя страшныя зверствы выяўлялі па ўсёй Расеі. У Екацярынбургу іх пошукам заняўся адмысловы «Уральскі бацькоўскі камітэт». У Стаўрапольскім краі са школьных бібліятэк выдалілі «хуліганскія вершы» Сяргея Ясеніна і містычныя творы Уладзіміра Набокава. Вядома, для некаторых Набокаў больш, чым з містыкай, асацыюецца з вычварэнскай эротыкай. Але што мусіла цюкнуць у галовы чыноўнікаў з Масквы, што яны абвінавацілі ў адсутнасці патрыятызму кнігу «Сцягі свету»? Вось дзе сапраўдная містыка і вычварэнства.

Ад чорных спісаў да гарачых вогнішчаў

Ініцыятыва знізу, назойлівасць, нязграбныя спробы адпавядаць сучасным трэндам? Магчыма.

«Склалася недарэчная сітуацыя, з якой усё пагаджаюцца і прымаюць як належнае забойчы для культуры факт: чыноўнікі кіруюць адукацыяй. Не вучоныя, не педагогі, не адмыслоўцы па дзіцячай псіхалогіі, а чыноўнікі, адукацыйны ўзровень якіх даволі бядотны. У любым выпадку не ідзе ні ў якое параўнанне з адукацыйным узроўнем педагогаў. Адкуль бяруцца «ўральскія бацькоўскія камітэты» і чаму знаходзяцца людзі, якія іх падтрымліваюць, я не ведаю. Магу выказаць здагадку, што бацькоўскія камітэты ствараюцца на распараджэнне чыноўнікаў менавіта для падтрымання той бюракратызацыі, якая ператварае нармальнае грамадства разнастайных людзей з разнастайнымі інтарэсамі ў грамадства «зомбі». А спісы забароненай літаратуры – першы крок у бок вогнішчаў з кнігаў», – сказала год таму пісьменніца Людміла Уліцкая ў размове з lenta.ru.

Лідгрэнам і Андэрсанам ды падазроным героям расейскіх казак няцяжка знайсці замену. І першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зробленыя.

Пузік і Тузік, або як атрымаць узнагароду ад сабакі Пуціна

У маленькім мястэчку, дзе жылі два сябры – кот Пузік і сабака Тузік, – раптам з’явіўся мярзотны KotDonalds, што прадаваў котбургеры і кота-колу. Уладальнікі бару падсыпалі ў ежу шкодны хімічны «парашок шчасця». На шчасце, Пузік з Тузікам выкрылі варожую змову. Ворагі былі арыштаваныя, і адважныя сабака з катом вырашылі адкрыць уласны рэстаран – са здаровай ежай без хімічных дабавак. Мясцовая адміністрацыя падтрымала іх бізнес-план.

Больш паспяховым, для герояў цыклу апавяданняў «Школа дабра Пузіка і Тузіка», стала будаўніцтва Снежнага гарадку для дашкольнікаў: сімпатычных жывёлінак запрасілі ў Крэмль да самых высокапастаўленых чыноўнікаў.

«Пузік атрымаў залаты гадзіннік з лап лабрадора Коні»

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Хто гаспадар лабрадора Коні, які жыве ў Крамлі, павінна ведаць кожнае дзіця ў Расеі…

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Кніжка выйшла накладам 10 000 экзэмпляраў яшчэ ў 2008 годзе. А ў 2014-м санэпідэмслужбы пачалі ззачыняць «KotDonaldsy» ва ўсёй Расеі – у адказ на заходнія эканамічныя санкцыі.

Пафарбуй Вову і Дзіму

Тыя, што не здагадаліся, хто ж там у Крамлі раздае ўзнагароды, – вам дапаможа гэтая мілая размалёўка. Яе героі ўжо не якія-небудзь жывёлінкі, а два дружалюбныя хлопчыкі:

«Вова і Дзіма добра ведаюць усіх дзяцей у Расеі. І шмат з іх хочуць быць падобнымі да нашых герояў. Часта на пытанне «Кім хочаш стаць, калі вырасцеш?» дзіця адказвае: «Вовам або Дзімам». І цяпер дзякуючы выдавецтву «Факультэт» кожнае дзіця мае магчымасць, размаляваць жыццё Вовы і Дзімы», – гаворыцца ў сціплай нататцы на вокладцы.

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

«Пуціняты» на загад прэзідэнта

Выдавецтва «Навуковая кніга» з Саратава  вырашыла не гуляць у намёкі.. «Пуціняты» – гэта назва зборніка вершаў Ірыны Конавай. У спадарыні інжынера – спецыяліста па тапаграфіі – літаратурны талент прачнуўся да выхаду на пенсію. Яна пастанавіла падзяліцца сваймі патрыятычныя пачуццямі і з дзецьмі, і з бацькамі:

[vc_single_image image=”13″ img_size=”large”]

Што праўда, фантазіі спадарыні тапографа праславіліся толькі ў інтэрнэце. У «рэале» яе творчасць абмежавалася 200 асобнікамі і, падобна, яны разглядаліся як забаўны факт нават у Крамлі, куды саратаўскае выдавецтва не вырашылася адправіць адзін асобнік гэтага зборніка вершаў.

У казачным свеце пераможнага рубля

Тым не менш гэта не перашкаджае іншым крэатыўшчыкам унесці свой уклад у працу па выхаванню дзяцей і маладых людзей у новым патрыятычным духу. Аўдытар, эканаміст і ўладальнік выдавецкага дому Яўген Сіўкоў аўтар каля 70 кнігаў – у асноўным у галіне бухгалтарскага ўліку. Не дзіўна, што ўрокі патрыятызму ён вырашыў узбагаціць элементамі эканомікі. Дакладней – элементамі са свету фінансаў.

Вынікам яго працы стала кніга для дзяцей «на падставе гістарычных фактаў, якія будуць добрай дапамогай, каб разабрацца ў эканамічнай сітуацыі ў краіне».

«Аўтар не забыўся, што выхаванне ў дзецях пачуцця адказнасці і патрыятызму з’яўляецца важнай задачай», – гаворыцца ў апісанні твору ў кніжнай інтэрнэт-краме «Лабірынт».

Назва (і вокладка) не патрабуюць дадатковага тлумачэння: «Як адважны рубель спрытны долар перамог».

[vc_single_image image=”15″ img_size=”large”]

Вядзьмарства, магія, здзяйсненне жаданняў… Гэта атрыбуты, неабходныя для існавання казачнай рэальнасці. Такой, у якой долар ЗША не мае ніякіх шанцаў канкураваць з магутнасцю расейскага рубля, а подлыя змовы ворагаў выкрываюць нават сабакі і каты – проста, каб зрабіць жыццё Вовы і Дзімы больш маляўнічым. І расейскія дзеці сапраўды павінны ў гэта паверыць? Шмат дарослых ужо паверылі…

Cezary Goliński, belsat.eu/pl, ЮВ, МЯ

Стужка навінаў