Як размаўляць з Лукашэнкам?


Не паспелі расейскія і беларускія праваахоўнікі ідэнтычна брутальным чынам разагнаць пратэсты ў сваіх сталіцах і рэгіёнах, як зʼяўляецца інфармацыя, што доўгачаканая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі адбудзецца ўжо трэцяга красавіка. Тым часам кіраўнік Беларусі запрошаны таксама і ў ЗША.

На мінулым тыдні былі заявы пра непарушнасць вайсковага хаўрусу і высмеянае адмыслоўцамі раскрыццё цэлых лагераў баевікоў, нібыта фінансаваных заходнімі краінамі. Пасля брутальнага разгону пратэстаў у Расеі ды Беларусі, Аляксандр Лукашэнка выступіў з чарговымі прызнаннямі лаяльнасці Крамлю.

«У нас Уладзімірам Уладзіміравічам Пуцінам бліскучыя дачыненні. Бліскучыя! Падбярэм час, сустрэнемся і ўсе праблемы вырашым. Без пасярэднікаў сустрэнемся і нам ня трэба ніякае пасярэдніцтва. Мы родныя браты, нам няма што дзяліць. Можа яшчэ зʼявіцца час – казаў я яму, калі давядзецца спіна да спіны стаць і адстрэльвацца», – гаварыў Лукашэнка.

Ад каго збіраецца адстрэльвацца кіраўнік Беларусі – ужо добра распавялі дзяржаўныя медыі. Ад фінансаваных захадам баевікоў і правакатараў. Ягоны расейскі калега таксама на мінулых выходных бараніўся ад свайго народу, абуранага ўзроўнем карупцыі. Паводле адмыслоўца, магчыма, згуляў чыннік ідэйнае еднасці.

«З гледзішча значнай часткі расейскага грамадства, Лукашэнка перадухіліў Майдан. Лукашэнка змагаўся з нацыяналістамі. Што называецца куй жалеза, покуль гарачае і Лукашэнка можа выкарыстаць гэты момант на сустрэчы трэцяга красавіка з Пуціным, каб пад гэтай маркай атрымаць усе гэтыя эканамічныя даброты, якіх раней не ўдавалася атрымаць», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

У падобным ключы вяртання двухбаковых дачыненняў да нормы выказваліся і абодва прэмʼеры ў чацвер.

«Цяпер самы час прыняць дадатковыя захады, якія б дазволілі вярнуцца на той узровень гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, які мы мелі яшчэ некалькі гадоў таму», – казаў прэмʼер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

Заклікаў прэмʼер Беларусі свайго расейскага калегу. Той падкрэсліў, што добра разумее, пра якую супрацу вядзецца Менску.

«Перадусім гэта супраца на паліўна-энэргетычным узроўні. Пакуль, на жаль дайсці да пагаднення не атрымалася, давайце паспрабуем знайсці развязку», – сказаў Дзмітрый Мядзведзеў.

А развязку Крэмль прапаноўвае простую – спачатку Менск выплаціць запазычанасць ужо на семсот мільёнаў долараў за газ, а там, магчыма, можна будзе паразмаўляць і пра зніжку. У выніку размовы на ўзроўні прэмʼераў чарговы раз да канкрэтыкі не прывялі. Ці дасць плён сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў?

«У Лукашэнкі  цяпер вельмі складаная сітуацыя і тое, што на перамовах у Маскве ня здолелі дасягнуць дамоўленасці аб запазычанасці сведчыць аб тым, што Расея захоўвае важны рычаг ціску на Лукашэнку. І тое, што ўлады падавілі гэтыя пратэстныя настроі не азначае таго, што праблемы скончыліся», – выказвае меркаванне палітолаг, былы працаўнік МЗС Беларусі Валер Кавалеўскі.

Праблемы скончыліся, але поле для манеўру ёсць. Як стала вядома на пачатку тыдня, праз тры дні пасля сустрэчы з Пуціным кіраўніка Беларусі чакае іншы адзін замежны візіт – яго запрасілі… у Канзас, на ўрачыстасці, прысвечаныя стагоддзю пачатку Першай сусветнай вайны. Запрашэнне даслалі яшчэ ў лютым – у росквіт лібералізацыі. Хоць з Менску адказу дагэтуль няма, Лукашэнка наўрад ці адмовіцца ад такога шанцу.

«Для яго, хто не разбэшчаны частымі візітамі ў заходнія краіны, тым больш у ЗША – гэта сапраўды можа стаць магчымасцю неяк паспрабаваць палепшыць беларуска-амерыканскія адносіны. І я маю надзею, што ўласна перспектыва гэтага візіту можа стрымаць афіцыйны Менск ад нейкіх жорсткіх крокаў супраць грамадзянскае супольнасці», – кажа Віталь Цыганкоў.

Хоць запрашэння адклікаць не збіраюцца, Еўрапейскі Звяз паказаў Лукашэнку жоўтую картку. Маўляў, на сёння пра нейкі дыялог з Менскам казаць цяжка.

«Пакуль будуць затрыманыя, дыялог мусіць быць спынены. Але, калі затрыманых вызваляць, мы мусім працягнуць дыялог, бо і з пункту гледжання інтарэсаў Польшчы і ўсяго Еўразвязу важна камунікаваць міжсобку», – кажа сенатар Польшчы Богдан Барусэвіч.

Пакуль на такой пазіцыі спынілася Міжпарламенцкая асамблея трох краінаў – Украіны, Польшчы і Літвы, што сустракалася ў аўторак у Варшаве. Тым часам ужо ў наступны чацвер Еўрапарламент вызначыцца з агульнаеўрапейскаю рэакцыяй на падзеі ў нашай краіне. Пытанне санкцыяў на афіцыйным узроўні пакуль не гучыць, але, калі ўлады Беларусі не зменяць паводзінаў, – Брусель можа змяніць стратэгію.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет»

Іншыя тэмы праграмы:

Ці атака сілавікоў на «Белсат» звязаная з візітам Лукашэнкі да Пуціна?

Інтэрвʼю з дырэктарам нашага тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

Ці трэба Лукашэнцы ехаць у ЗША?

Стужка навінаў