Як растлумачыць дзіцёнку, што такое парламенцкія выбары


Фота: Васіль Федосенка / Reuters

У Беларусі праходзяць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Што за Палата і што за прадстаўнікі?

Дэпутаты працуюць у шпіталі?

Будынак парламенту – белага колеру, і параўнанне Палаты прадстаўнікоў са шпіталем (звычайна псіхіятрычным) – нярэдкая з’ява.

На самой справе, слова «Палата» паходзіць ад лацінскай назвы ўзгорку Палацін, на якім паўстаў Рым. Паводле легенды, узгорак абавязаны сваім імем Палесе, багіні пастухоў, у гонар якой праводзіліся святы ачышчэння Паліліі. (У Беларусі традыцыя жывая дагэтуль: улетку, падчас адключэння гарачай гараджане просяць паліць ім на галаву.)

На Палаціне жылі самыя ўплывовыя грамадзяне, а таксама большасць рымскіх імператараў. Менавіта таму назвы жытла каралёў і арыстакратаў у Еўропе гучыць аднолькава: «palace» па-ангельску, «palast» па-нямецку або «palасio» па-іспанску.

Палата прадстаўнікоў знаходзіцца ў Менску на вул. Савецкай, 11. Ад самага высокага беларускага пагорку – гары Дзяржынскай – да Палаты прадстаўнікоў роўна 30 км на паўночны ўсход.

У кожнага беларуса ёсць свой прадстаўнік?

Так. У склад Палаты прадстаўнікоў уваходзіць 110 чалавек. То бок, адзін дэпутат прадстаўляе ў сярэднім 86 350 чалавек.

Што робяць прадстаўнікі?

Разглядаюць праекты законаў і прымаюць іх у адкрытым галасаванні – націскаючы на гузікі «за» або «супраць», якія знаходзяцца перад кожным дэпутацкім крэслам.

Таксама Палата прадстаўнікоў прызначае прэзідэнцкія выбары, дае згоду кіраўніку краіны на прызначэнне прэм’ера або прымае адстаўку прэзідэнта (апошняе пакуль не здаралася).

Колькі цягнуцца парламенцкія выбары?

11 верасня – сімвалічная дата. Насамрэч выбары ў Беларусі цягнуцца 6 дзён, з аўторка да нядзелі.

Даўжэй за беларускія выбары – толькі выбары папаў. Гэтак, Рыгора Х-га канклаў абіраў 2 года, 9 месяцаў і 3 дні, Іаана ХХІІ-га – 2 года, 4 месяцы і 6 дзён, Мікалая ІІІ-га – 5 месяцаў і 26 дзён.

Чаму нельга галасаваць дзецям?

Сярод паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў – разгляд, між іншага, законаў пра шлюб, сям’ю, дзяцінства, мацярынства, бацькоўства, выхаванне і адукацыю – ключавых актаў для маленькіх беларусаў. Калі б дзеці мелі права голасу, кандыдаты ў дэпутаты абяцалі б не толькі легалізацыю марыхуаны, але і бясплатнае марожанае кожны дзень.

У Беларусі жыве амаль 2 млн дзяцей. Улічваючы, што выбарчыя ўчасткі знаходзяцца ў школах, у стоадсоткавай яўцы можна было б не сумнявацца. Марожанае на палачцы каштуе ~10 руб. На рэалізацыю гэтай праграмы дзяржава б мусіла выдаткаваць з бюджэту каля $ 10 млн. Да гэткіх рэформаў Беларусь пакуль не гатовая.

Чаму выбары праходзяць у выходны дзень?

Выбары адмыслова ладзяцца ў выходныя, калі ў школах няма дзяцей. Па-першае, дзеці заўважаюць больш, чым дарослыя, і яны маглі б лёгка выявіць фальсіфікацыі. Па-другое, дзеці – нашая будучыня, а ў Беларусі, згодна са старажытнарымскай традыцыяй, выбіраюць мінулае.

Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары