Як Расея псуе дачыненні Беларусі з Украінай


Гарачы год у стасунках Менску і Кіева блізіцца да завяршэння. Як аказалася, Беларусь – не толькі пляцоўка мірных перамоваў, але і месца, дзе ўкраінскіх грамадзянаў выкрадаюць і арыштоўваюць. Што стаіць за міралюбнымі словамі Лукашэнкі і Парашэнкі, і каму выгадныя шпіёнскія скандалы ў нашай краіне? Адказы на пытанні – у матэрыяле Кацярыны Андрэевай.

Тры сустрэчы прэзідэнтаў за год, рост тавараабарачэння паміж краінамі і традыцыйная братэрская рыторыка Лукашэнкі. А таксама выкраданне Паўла Грыба, гандаль з сепаратыстамі і шпіёнскія скандалы. Чым 2017 год у беларуска-ўкраінскіх дачыненнях адрозніваецца ад папярэдніх, і якія выклікі чакаюць нашыя краіны ў будучыні?

Дыпламатычныя стасункі паміж Менскам і Кіевам развіваліся даволі спакойна. Мірныя перамовы пра Данбас ішлі з пераменным поспехам, Аляксандр Лукашэнка, здаецца, цалкам ужыўся ў ролю «міратворца».

«Менск прагучаў як пляцоўка міралюбнасці ды міру, гэта добра, але гэта – не галоўнае. Галоўнае, каб мір быў на Данбасе, і каб тут больш-менш нечага дасягнулі», – заяўляў кіраўнік Беларусі.

Адзінай нагодай для незадаволенасці паўднёвых суседзяў стала ягоная заява ў 2015-м аб «баевіках», якія нібыта спрабавалі трапіць у Беларусь з Украіны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

«Канструктыўныя асабістыя стасункі лідараў дазвалялі здымаць палітычныя праблемы ды развязваць праблемы эканамічныя. Гэта вельмі пазітыўны фактар. У 2017 годзе, на жаль, сітуацыя ўскладнілася», – кажа Уладзімір Фясенка, старшыня Цэнтру палітычных даследаванняў «Пента».

Тэма «ўкраінскіх баевікоў» зноў загучала сёлета ў сакавіку, калі Беларусь ахапілі пратэсты «недармаедаў». У КДБ, імаверна, палічылі, што кадры прарыву джыпам украінска-беларускай мяжы ўразяць людзей і прымусяць не расхістваць чоўна. Тады ж Лукашэнка заявіў пра лагеры для падрыхтоўкі баевікоў ва Украіне. СБУ папрасіла беларускіх калегаў патлумачыць гэтую заяву, але адказу не атрымала.

Негатыўны інфармацыйны фон не перашкодзіў Парашэнку назваць беларускага кіраўніка «дасведчаным» і «вельмі годным» падчас красавіцкай сустрэчы ў чарнобыльскай зоне.

Праз тры месяцы Лукашэнка ляціць у Кіеў: традыцыю ўскладаць кветкі да Алеі Герояў Нябеснай сотні ён ігнаруе, але рыторыка з ягоных вуснаў гучыць цалкам міралюбная: «Вы, украінцы, мусіце ведаць, што ў вас ёсць блізкія і родныя людзі, якія жывуць крыху на поўнач ад вас, але нічым ад вас не адрозніваюцца, І калі вам цяжка, у чым толькі зможам – заўжды дапаможам».

Гатовасць супрацоўнічаць датычыць і гандлю з Украінай. Пасля рэзкага абвалу тавараабарачэння ў 2014-м пачалося паступовае, але заўважнае паляпшэнне дынамікі.

У параўнанні з першым кварталам 2016 года за такі ж перыяд сёлета таваразварот вырас на 21,4 % і склала амаль 2 мільярды 73 мільёны долараў ЗША.

Большую частку экспарту складаюць нафтапрадукты, тытунёвыя вырабы, а таксама грузавікі МАЗ і оптыка для ўкраінскага войска. Праўда, дэталяў гандлю ў сферы ВПК Менск афішаваць не любіць. І зразумела, чаму – за такімі пастаўкамі асабліва пільна сочаць у Крамлі.

Ёсць яшчэ адзін аспект, пра які маўчаць афіцыйныя асобы, – гэта бізнес беларускіх кампаніяў з непрызнанымі ДНР і ЛНР. Летам медыі даведаліся, што буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы – заводы «Крышталь», «Крыніца» ды іншыя пастаўляюць тавары на падкантрольныя баевікам тэрыторыі. Частка ўкраінскіх экспертаў нават прадказвала санкцыі для беларусаў.

«Кропкавыя санкцыі супраць канкрэтных прадпрыемстваў, якія гандлююць наўпрост, а не праз пасярэднікаў. Праз пасярэднікаў гэта магчыма, і наўрад ці за гэта будуць караць. Але калі ёсць факты наўпроставага гандлю з ДНР і ЛНР, то гэтыя прадпрыемствы могуць трапіць пад украінскія санкцыі», – лічыць Фясенка.

Тэма санкцыяў заціхла, і на парадак дня выйшла выкраданне ўкраінца Паўла Грыба ў Гомлі. 24 жніўня памежнікі прапусцілі яго ў Беларусь, але пазней расейскія спецслужбы схапілі Грыба на гомельскай аўтастанцыі і вывезлі ў Смаленск. Цяпер хлопец у Краснадарскім СІЗА чакае суду як абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэракту.

МЗС Украіны выказала рашучы пратэст і дагэтуль чакае тлумачэння ад Менску: на якой падставе ФСБ выкрадае іх грамадзянаў.

Гэты момант робіцца пунктам адліку, пасля якога над саюзнікамі пачалі збірацца хмары.

«На жаль, у другой палове года з’явіўся цэлы шэраг праблемаў, звязаных з Расеяй, – гэта і вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі РБ, якія стварылі павышаную напружанасць і кепска паўплывалі на дачыненні паміж Беларуссю і Украінай, але галоўная праблема – гэта так званыя шпіёнскія скандалы», – кажа Уладзімір Фясенка.

Не паспеў скончыцца інфармацыйны паток з нагоды «Захаду-2017», а Мінабароны запэўніў міжнародную супольнасць, што ўсе расейскія вайскоўцы вярнуліся дадому, як КДБ арыштаваў паводле падазрэння ў шпіянажы журналіста Паўла Шаройку.

Імаверна, справа Шаройкі і стала прычынай для трэцяй за год сустрэчы Лукашэнкі з Парашэнкам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Бакі трымалі маўчанне амаль месяц, ведучы напружаныя перамовы. Існавала дамоўленасць «маўчаць як мага даўжэй», таму, калі калегі Шаройкі заявілі пра затрыманне, рэакцыя Менску была хуткая і нервовая.

«У Беларусі Павел Шаройка стварыў агентурную сетку з грамадзянаў РБ, якія за матэрыяльнае ўзнагароджанне збіралі разведвальныя звесткі ў вайскова-палітычнай сферы», – каментаваў справу прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын.

КДБ нібыта схапіў Шаройку на гарачым, а ў яго ўдома знайшлі «копіі данясенняў у цэнтр», хоць цяжка ўявіць, навошта прафесійны разведчык мог іх капіяваць.

Шаройка звольніўся з Галоўнага ўпраўлення выведкі яшчэ ў 2009 годзе, а ў Менску працаваў карэспандэнтам з 2011-га. Спачатку – УНІАН, пасля – Украінскае Радыё, спакойна наведваў афіцыйныя імпрэзы і нават прэс-канферэнцыю Лукашэнкі.

Менавіта таму арышт сёлета выглядае дзіўна і наводзіць экспертаў на думку аб вызначальнай ролі Масквы ў раздзіманні скандалу паміж Менскам і Кіевам.

«Гэтая інфармацыя была дасланая расейцамі ў Беларусь і адпаведным чынам была выкарыстаная і дзеля дэзінфармацыі найвышэйшага кіраўніцтва, і каб падвесці пад патрэбныя рашэнні, якія потым маглі б абвастрыць дачыненні як з Украінаю, гэтак і з Захадам», – кажа Арсен Сівіцкі, Цэнтр стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

Алею ў агонь падліла ўзаемная высылка дыпламатаў: КДБ назваў першага сакратара амбасады Украіны Ігара Скварцова «куратарам» Шаройкі і абвясціў персонай нон-грата.

Аднак да адкрытай спрэчкі прэзідэнтаў не дайшло – увесь удар заяваў прынялі на сябе сілавікі і дыпламаты. Дык што стаіць за раптоўным пахаладаннем?

Магчыма, Расея не проста зацікаўленая, але і можа зрабіць пэўныя крокі для далейшай эскалацыі паміж Менскам і Кіевам.

«Можна разглядаць любыя правакацыі. Адной з іх можа стаць нейкі памежны інцыдэнт. Пасля Расея можа яго выкарыстаць дзеля абгрунтавання размяшчэння сваіх войскаў на мяжы з Украінай. Ёсць відавочная пагроза новага наступу Расеі на Данбасе», – кажа Арсен Сівіцкі.

Масква хоча выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ціску на суседзяў. А Лукашэнка супраціўляецца, наколькі яму дазваляе вузкае поле манеўру.

Кацярына Андрэева

Сюжэт паказалі 22 снежня ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Таксама ў праграме:

  • «Няма ніякай Беларусі» – кажуць маскоўскія медыі. Як беларусы рэагуюць на гэта і як мы павінны рэагаваць?
  • Чаму расейцы не прызнаюць чужыя дзяржаўныя межы? Інтэрв’ю з Наталляй Зубар пра ўплыў расейскай культуры на ўкраінцаў і беларусаў;
  • Апошні туз у рукаве Лукашэнкі
Стужка навінаў