Як Расея і Беларусь прадаюць зброю ісламскім тэрарыстам


Нечаканая змена амплуа. Нашая краіна, вядомая, сярод іншага, як актыўны прадавец зброі, засвяцілася як… пакупнік. У амерыканскім Солт-Лэйк-Сіці спецслужбы затрымалі чалавека, які спрабаваў пераправіць буйную партыю элітных стрэльбаў у Беларусь. Звестак пра здарэнне мала, а вось пытанняў адносна яго – наадварот багата. Куды вядзе скандал з Солт-Лэйк-Сіці?

Набыць праз Інтэрнэт у ЗША амаль сотню фінскіх снайперскіх вінтовак ды вывезці іх у Беларусь, супраць якой Задзіночаныя Штаты наклалі эмбарга на пастаўкі зброі – прынамсі нелагічна. Аднак менавіта гэта намагаўся зрабіць грамадзянін Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Колар Рахман Аніс Ур Рахман. Злачынцу затрымалі, яго чакае суд. Між тым 89 стрэльбаў, якія фігуруюць у справе, нараджаюць, бадай, не менш пытанняў.

«У Расеі, якая мяжуе з Фінляндыяй гэткія вінтоўкі, якія выкарыстоўваюцца паліцыянтамі, прадаюцца ў крамах з паляўнічай зброяй. Таму вельмі дзіўна, навошта гэтаму арабскаму грамадзяніну было закупляцца ў Задзіночаных штатах Амерыкі» – зазначае вайсковы эксперт Аляксандр Алесін.

Дый навошта гэта ўласна Беларусі?

Для ўзбраення войска гэтай колькасці стрэльбаў, відавочна, замала, дый жаўнеры карыстаюцца снайперскімі вінтоўкамі армейскага ўзору. Элітныя ж спецпадраздзяленні і без таго маюць высокакласнае, у тым ліку замежнае, узбраенне, аднолькава эфектыўнае як супраць тэрарыстаў ды «зялёных чалавечкаў», гэтак і супраць магчымага беларускага Майдану. Прыватным жа віп-паляўнічым куды прасцей узбройвацца праз Расею, адзначае Аляксандр Алесін.

lykash_640

Дарэчы, менавіта нашыя ўсходнія суседзі апошнім часам усё больш настойліва прапаноўваюць уласны адказ на гэтае пытанне на старонках расейскіх медыяў. Гэтак, у артыкуле з красамоўнаю назваю «Памагатыя і арсеналы тэрарызму» на прапуцінскім сайце «Взгляд» Беларусь наўпрост абвінавачваецца ў продажы зброі ісламскім тэрарыстам пры пасярэдніцтве Катару.

«Катарскай арміі беларуская зброя (сістэмы ПЗРК, ПТРК і РПГ) не патрэбная, бо яна абсталяваная паводле амерыканскіх стандартаў. Відавочна, закупы ідуць для «трэціх бакоў». Сярод канчатковых атрымальнікаў – лівійскія ісламісты, баевікі на Сінаі ды сірыйскія прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы» – тлумачыць Яўген Сатаноўскі, прэзідэнт Інстытуту Блізкага Усходу.

Цікава, што падобныя абвінавачванні апошнім часам гучаць і ў бок Украіны ды Турэччыны – краінаў, дачыненні з якімі ў Расеі сёння далёкія ад хаўрусніцкіх.

Што ж да Беларусі, то высновы расейскага эксперта прынамсі грунтуюцца на скажоных фактах: вайскоўцы Катару маюць вельмі стракатае, паводле паходжання, ўзбраенне: ад французскага – да савецкага. Дый пра гандаль з тэрарыстамі каму-каму, але не Крамлю гаварыць.

«Сама Расея заключыла не так даўно з Савудаўскай Аравіяй, якую лічыць адным са спонсараў тэрарызму, ваенных кантрактаў на 20 мільярдаў долараў ЗША. Штопраўда, зараз яны крыху прытармазілі, але раней Расея пастаўляла шырокае кола зброі арабскім краінам, якія, як цвердзіць Масква, супрацоўнічаюць з ІДІЛ» – падкрэслівае Аляксандр Алесін.

Лукашэнка адбіваецца ад рук

Крамлёўскія ж нападкі на ці не апошняга свайго хайўрусніка стваральнік арганізацыі «Белы легіён» Сяргей Чыслаў тлумачыць проста: Масква лічыць, што Лукашэнка адбіваецца ад рук – і яго трэба паставіць на месца!

«Расея можа весці шматхадовую гульню, як гэта было са шведскімі мядзведзікамі, памятаеце? Тады выгадаатрымальнікам апынулася толькі Расея, якая паказала беларусам, што хвалёная беларуская супрацьпаветраная абарона нічога з сябе не ўяўляе – і пасля гэтага Лукашэнка быў змушаны падпісаць пагадненне аб Адзінай прасторы супрацьпаветранай абароны» – мяркуе Сяргей Чыслаў, стваральнік «Белага Легіёну».

«Таму менавіта ціск асабіста на Лукашэнку. Іх больш палохае як раз змена вектару – тое, што Лукашэнка, у іх разуменні, перастаў будаваць «рускі свет» – дадае Сяргей Чыслаў.

А таму незалежна ад таго, ці цьмяная гісторыя са спробай закупкі арабам фінскай зброі ў ЗША для Беларусі – праўда альбо добра зрэжысэраваная правакацыя, у прыцэле вінтоўкі усё роўна застаецца нашая краіна.

Валер Руселік, Belsat.eu

Стужка навінаў