Вып'ем за Мінфін: як расейская паленая гарэлка заліла Беларусь


У Беларусі моцна ўпалі продажы алкаголю. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за першае паўгоддзе адносна таго ж перыяду мінулага года ў рублёвым эквіваленце беларусы сталі менш купляць гарэлкі: ажно на 13,8%. На 20% упалі продажы лікёра-гарэлачных вырабаў і пладовых вінаў, на 6% – піва. І гэта без уліку інфляцыі. Ці значыць гэта, што беларусы ўрэшце сталі менш піць?

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

«Галоўная прычына – збядненне насельніцтва. У людзей паменшыліся заробкі».

«Калі глядзець на тое, што мы бачым раніцай ля пад’ездаў, я не думаю, што людзі сталі менш піць. Яны сталі піць менш якаснае».

«І людзі сталі купляць маленькія. Раней вялікія бралі, а цяпер маленькія, і маленькіх у продажы няма :(».

«Па сабе суджу: як пілі, так і пьем».

Тое самае кажа і міліцэйская статыстыка. Расце колькасць адміністратыўна пакараных за п’янства ў грамадскіх месцах, амаль у паўтара разу больш алкаголікаў адправілі ў ЛПП. У Галоўным упраўленні барацьбы з эканамічнымі злачынствамі ведаюць, адкуль дзьме вецер.

ВЕРАНІКА ПАСМЕЦЬЕВА, ГУБЭЗ МУС:

«Статыстыка сведчыць, што піць менш не сталі… У Беларусь хлынуў кантрафакт з Расейскай Федэрацыі».

«Северный ветер», «Царская охота», «Русская берёза» – з Саюзнай дзяржавы да нас плывуць тоны як «паленай», гэтак і сапраўднай расейскай гарэлкі. Беларускі алкаголь прайграе таннаму безакцызнаму. І цэлымі караванамі цераз празрыстую мяжу з Расеі едуць спіртавозы. Сівушны подых братэрскага народу пачулі нават дзяржаўныя медыі.

У Беларусі з таннага расейскага спірту робяць барматуху, якую потым прадаюць у падпольных алкакрамах, найчасцей у прыватным сектары.

СЯРГЕЙ СКРАБЕЦ, БЫЛЫ БІЗНЕСОВЕЦ, БЫЛЫ ПАРЛАМЕНТАР:

«З аднаго літру спірту можна зрабіць 5 бутэлек гарэлкі, а спірт вельмі патаннеў у Расеі. Зараз літр спірту каштуе $1-3».

Спіртавозаў ловяць, выпісваюць штрафы, але аб’ёмы паленага алкаголю толькі растуць.

СЯРГЕЙ СКРАБЕЦ, БЫЛЫ БІЗНЕСОВЕЦ, БЫЛЫ ПАРЛАМЕНТАР:

«Памер кантрабанды вельмі вялікі, бо кошт прыбытку складае да 1000%».

Віталь Рымашэўскі – сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», лічыць, што алкабізнес квітнее з-за буйной карупцыі ў айчынных сілавых органах ды з-за адсутнасці беларуска-расейскай мяжы. І «левы» спірт – толькі адзін з вядомых фактараў.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, ЭКС-КАНДЫДАТ У ПРЭЗІДЭНТЫ:

«Безліч і транзіту нелегальнага людзей, злачынцаў праз гэтую мяжу, і наркатрафік. Вядома, што адна з прычынаў распаўсюду тут спайса – гэта адкрытая мяжа з Расеяй».

Аднак ва ўрадзе прапанавалі не новыя памежныя пункты, а новыя падаткі. Сёння Міністэрства фінансаў у законапраекце аб зменах у Падатковы кодэкс прапанавала павялічыць акцызы на алкаголь – да 20%. То бок, чыноўнікі хочуць зрабіць айчынную гарэлку і «чарніла» яшчэ даражэйшымі. Калі закон прымуць, беларускія і расейскія бутлегеры могуць з радасцю падняць чарачку «За Мінфін

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў