Як расейцы ганяюць на цюнінгованых «Беларусах»


У Растове-на-Доне адбыліся гонкі на трактарах. Да спаборніцтва дапускалі толькі беларускія трактары МТЗ, хоць гонку арганізоўвае кампанія, што мае слоган «Кіравец» – трактар № 1 у Расеі».

У заездзе ўзялі ўдзел механізатары з васьмі расейскіх вобласцяў і Крыму. Траса гонкі мае агульную працягласць каля 11 кіламетраў, на розных этапах механізатарам давялося пераадольваць трампліны, ямы з брудам ды крутыя павароты.

Падчас заеду адзін трактар нават загарэўся: гоншчыкі мусілі праехаць праз драўляную канструкцыю, якую дзеля эфекту аблілі смалой і падпалілі. Адзін з трактарыстаў не ўпісаўся ў браму, што палае і гаручая смала трапіла на колы.

Найлепшым трактарным гоншчыкам стаў механізатар Алі Ахметаў з калгасу імя Леніна ў Растоўскай вобласці.

Да спаборніцтваў дапускаліся выключна трактары МТЗ-80, МТЗ-82, Беларус-826, -892, -920, -952 ды іх мадыфікацыі. Капоты павінны былі мець жорсткую фіксацыю, як у спартовых аўтаў, унутры машыны абавязковае спартовае крэсла, дугі бяспекі, а гоншчык мусіў мець шлем.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў