Як працуе сакрэтная сувязь і хто дазваляе палёты дронаў? Топ цікавінак з выставы TIBO-2018


На гэтым тыдні ў «Менск-Арэне» праходзіць 25-я міжнародная спецыялізаваная выстава TIBO-2018. Сёлета ў ёй удзельнічаюць 20 краін, чыя прадукцыя прадстаўленая больш чым на ста стэндах. Belsat.eu наведаў выставу і адмыслова пацікавіўся найноўшымі беларускімі распрацоўкамі ў сферы інфармацыйнай бяспекі і не толькі.

Засакрэчаная «Prima»

Нашую ўвагу прыцягнуў стэнд кампаніі «Агат», якая ўваходзіць у холдынг «Геаінфармацыйныя сістэмы ўпраўлення» і займаецца ў тым ліку вытворчасцю прыладаў спецыяльнага прызначэння. Напрыклад, у гэтым годзе яны выпусцілі апаратуру крыптаграфічнай аховы інфармацыі «Prima», прасцей кажучы, шыфравальнік.

Як гаворыцца ў рэкламным праспекце, прызначаная «Prima» для гарантаванага закрыцця сакрэтных паведамленняў з магчымасцю іх перадачы па адкрытых каналах. Гэта значыць, што зашыфраваныя звесткі можна дасылаць праз звычайную мабільную сувязь, але адбывацца гэты абмен можа толькі паміж «сваймі» – трэба, каб у адрасата была аналагічная прылада. Абарона ад несанкцыянаванага доступу ажыццяўляецца дзякуючы ўнікальнаму крыптаграфічнаму алгарытму. Атрыманае паведамленне можна адразу раздрукаваць на прынтары, што ўваходзіць у камплект.

Рэкламны праспект з інфармацыяй пра апаратуру для сакрэтнай сувязі, фота Белсат

Праўда, даслаць відэа праз такую апаратуру не атрымаецца – памер файла не павінен перавышаць 1 мегабайт. Затое тэкст дойдзе без праблем.

На самім стэндзе гэтую апаратуру не дэманструюць. «Бо яна належыць да засакрэчаных тэхналогіяў», – тлумачыць прадстаўніца «Агату». Паводле яе словаў, найбольшы попыт на «Prima», натуральна, узнікае ў сілавых структураў, КДБ. Папярэдняя мадэль апаратуры ўжо выкарыстоўваецца для ўрадавай сувязі. Не выключаюцца таксама пастаўкі на экспарт у лаяльныя Беларусі краіны.

«Абарона, а не шпіянаж»

Для абароны сакрэтных дадзеных «Агат» распрацаваў Кросплатформавую сістэму кантролю цэласнасці. Яна дазваляе адсачыць, ці ўмешваўся хтосьці старонні ў камп’ютар. Гэтае праграмнае забеспячэнне сумяшчальнае як з Windows, так і з Linux.

Калі ўмяшанне адбываецца, адміністратару прыходзіць папярэджанне.

Цікавімся ў супрацоўнікаў «Агату», ці можна з дапамогай сістэмы не толькі адсочваць цэласнасць сваіх дадзеных, але і займець доступ да чужых, самім здзяйсняць атакі.

«Не, нашая распрацоўка прызначаная выключна для абароны, а не для шпіянажу, іначай гэта ўжо крымінальны артыкул», – тлумачыць супрацоўніца.

Дзяржзамова і экспарт – па розных коштах

Яшчэ адна кампанія з холдынгу, ААТ «Агат-сістэм», паказала на TIBO мультырэжымную радыёстанцыю ў двух мадыфікацыях – статычная і пераносная. Яе асаблівасць – здольнасць перадаваць інфармацыю пры любых прыродных умовах.

Элементная база, часткі, з якіх складаецца прылада, «Агат-сістэм» набывае збольшага ў Расеі.

Радыёстанцыя вытворчасці “Агат-сістэм”, фота Белсат

Як распавёў карэспандэнтцы belsat.eu адзін з прадстаўнікоў кампаніі, такія радыёстанцыі ўжо выкарыстоўваюць ва ўзброеных сілах. Пастаўляюць іх і за мяжу, аднак кошты адрозніваюцца.

«Для паставак узбраення і нашай прадукцыі ў прыватнасці беларускаму войску існуе дзяржзамова, і гэта вызначаная сума. Для замежных жа пакупнікоў кошты будуць іншымі.

Раскрываць лічбу мы не можам з двух прычынаў: па-першае, гэта камерцыйная таямніца. Па-другое, калі адзін з пакупнікоў даведаецца кошт гэтай прылады, то пацікавіцца, чаму існуе адрозненне», – тлумачыць прадстаўнік «Агат-сістэм».

Дазвол на палёты дронаў выдае Служба бяспекі прэзідэнта

Асаблівую ўвагу наведнікаў TIBO прыцягнуў стэнд Беларускай федэрацыі беспілотнай авіяцыі з дронамі розных мадэляў і памераў.

Федэрацыя – недзяржаўная структура, з’явілася ў сакавіку 2017 года. У яе ўваходзяць як юрыдычныя асобы, так і прыватныя ўласнікі дронаў. Кожнаму чальцу выдаецца пасведчанне міжнароднага ўзору, а на дрон прыляпляюць налепку з асабістымі дадзенымі ўласніка і штрых-кодам.

Самы маленькі дрон на выставе, фота Белсат

Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі №81 «Аб выкарыстанні авіамадэляў», беспілотнікі прыраўнялі да ўдзельнікаў руху ў паветранай прасторы краіны. Паводле заканадаўства, ёсць два галоўныя патрабаванні: дрон павінен быць у полі зроку аператара і не падымацца вышэй за 100 метраў. Пры гэтым існуюць забароненыя зоны для палётаў. Мапу такіх зонаў можна паглядзець на сайце Нацыянальнага кадастравага агенцтва.

«Мы фактычна ўзялі на сябе функцыю пасярэднікаў паміж дзяржавай і ўласнікамі дронаў. Калі нейкая арганізацыя хоча замовіць сабе здымку з дрона, яна звяртаецца да нас. Федэрацыя, у сваю чаргу, просіць дазвол на палёт у Службы бяспекі прэзідэнта. Атрымаўшы дазвол, мы паведамляем пра гэта ўласніку дрона і ён можа выконваць палёт», – распавядае Сяргей К., каардынатар БФБА па Віцебскай вобласці.

Заява ў СБП, якую накіроўвае БФБА, каб атрымаць дазвол на палёт дрона, фота Белсат

Сяргей паказаў нам, як выглядае падобны пісьмовы запыт у Службу бяспекі прэзідэнта. На бланку стаіць пячатка гэтай спецслужбы і прыпісана: «Непасрэдна перад выкананнем паведаміць па тэлефоне…» Акрамя таго, федэрацыя і СБП часам дамаўляюцца ў Telegram – на ўзгадненне патрабуецца не больш за содні.

Прадстаўнік БФБА першы загаварыў пра скандал вакол дронаў, якія зніклі падчас святкавання Дню Волі ў Менску.

«У міліцыі мне сказалі: ну вы ж самі ўсе разумееце». Хто скраў дроны на «Свяце незалежнасці»?

«З сілавікамі камунікуем пастаянна. Літаральна на днях намесніка старшыні нашай федэрацыі выклікалі ў міліцыю грамадскай бяспекі. Цяпер там разбіраюцца з гэтым пытаннем. Дзе самі беспілотнікі цяпер знаходзяцца фізічна – я дакладна не ведаю. Імаверна, іх даследуюць».

Нагадаем, што сёлета на Дні Волі адразу некалькі СМІ, сярод якіх быў і «Белсат», згубілі дроны, якія арандавалі ў прыватных прадпрымальнікаў для відэаздымак. Пазней адзін з ІП звярнуўся з заяваю ў міліцыю і запатрабаваў адшукаць прыладу – выніку пошукаў няма дагэтуль.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў