Як працуе новы лясны кодэкс і на чым нажываецца Светлагорскі лясгас


Нарыхтоўка дроваў у Светлагорскім лясгасе, што на Гомельшчыне, справа клопатная і, як правіла, не танная, непадёмная шмат для якіх гаманцоў вясковых жыхароў, якія жывуць каля лесу. На вачах у людзей мноства дзялянак, на якіх гніюць паваленыя ветрам дрэвы і ламачча, але дзяржава не дае ім нарыхтаваць дроваў з ні на што не прыдатнага дрэва.

Новы лясной кодэкс дзее ўсяго з пачатку года. Але новая версія дакументу ўжо прынесла клопаты вяскоўцам на Гомельшчыне. Нарыхтоўка дроваў у Светлагорскім лясгасе зрабілася занадта каштоўная.

«Раней было так: пойдзеш, загатуеш дроваў, пойдзеш выпішаш. А цяпер гэта… самі загатуюць. Дзе стаўкі дзяруць. Лепей няхай кажа пагніе, як людзям аддаваць», – кажа жыхар вёскі Яланы Васіль Шэнец.

Згодна з новым кодэксам самастойная загатоўка дроваў для сялянаў каштуе ад 7 да 18 капеек за куб. Але ў рэчаіснасці лясгасы не выпісваюць людзям таннае ламачча і буралом, а прапаноўваюць купляць лес з паслугамі лясгасу ў штабелях. У залежнасці ад пароды лесу гэта – ад 8 руб да 11 за куб! Розніца істотная.

«Дрэва хварэе і хварэе, і такіх дзялянак тут мора. Патаму шта… Не даюць выпісваць людзям», – кажа Аляксей Шамякоў з вёскі Баравікі.

Раз лясгасы незацікаўленыя дробнымі замовамі, на малых аб’ёмах маглі б працаваць індывідуальныя прадпрымальнікі – набываць пашкоджаныя дрэвы, годныя для апрацоўкі, і прадаваць як піламатэрыял. Прынамсі гэтак было раней, але два гады таму дробных бізнесоўцаў абавязалі набываць лес на аднолькавых умовах з буйнымі прадпрыемствамі ды лясгасамі. Гэта зрабіла дзейнасць ІП неканкурэнтаздольнай.

«Нават у цяжкадаступных месцах, дзе буйным прадпрыемствам проста не выгадна вывозіць той лес і рэалізаваць і перапрацаваць ІП усе роўна не даюць яго? Не дапускаюць і пасля павалаў, ураганаў, буранаў», – кажа ІП Ігар Сінельнікаў.

Лясгасы ў сваю чаргу абяцаюць, што ў хуткім часе сітуацыя мае змяніцца і набываць ламачча ды буралом стане лягчэй.

«Проста мы зараз адправілі дакументацыю для ўнясення ў праект. Занясем у праект і на пры канцы красавіка на пачатку траўня мы пачнем выпісваць насельніцтву вось гэты ўвесь бардак», – мяркуе галоўны ляснічы Светлагорскага лясніцтва Віктар Ярашэўскі.

Пакуль жа ўвесь гэты бардак літаральна гніе пад нагамі. Бо новы лясны кодэкс пакуль працуе паводле прынцыпу – ні сабе, ні людзям.

Сяргей Пятрухін, «Белсат»

Стужка навінаў