Як прагуляць з дзяўчынай дармаедскі падатак? Тры сцэнары на 8 сакавіка


Тэрмін выплаты дармаедскага падатку скончыўся ў лютым. Гэта значыць, што бюджэт «дармаедаў» на святкаванне 8 сакавіка мусіў стаць меншым прыкладна на 200 долараў. Мы сустрэліся з хлопцам і дзяўчынай у Менску каб разам вырашыць, як выдаткаваць гэтую суму.

«Дармаеды» вымушаны былі плаціць свой падатак акурат у перыяд святаў, калі хочацца зрабіць для блізкіх і родных сюрпрызы і падарункі. Сёння ў Беларусі адзначаюць 8 сакавіка – Міжнародны жаночы дзень або Дзень абароны правоў жанчын – кожны фармулюе так, як яму зручней з гэтым жыць. Дзяўчаты, мамы і бабулі чакаюць віншаванняў. Мы прапанавалі адной беларускай пары паразважаць, што можна зрабіць на суму дармаедскага падатку ў дадатковы святочны выходны, каб парадаваць сябе і блізкіх.


Адразу ж Дзяніс і Надзея згаджаюцца, што 200 долараў – немаленькая сума.

«Кожны вечар траціць 200 баксаў, – гэта, канешне, зашмат. Калі казаць, што мы святкуем зараз 8 сакавіка ў якасці «жаночага дня» нягледзячы на тое, як і хто да гэтага ставіцца, мне здаецца, што 200 баксаў больш чым дастаткова, каб добра правесці вечар. У Менску зараз шмат варыянтаў, як можна выдаткаваць грошы, атрымаўшы добрыя эмоцыі і ўражанні. Добры план – тэатр, потым рэстаран або нейкі актыўны адпачынак», – кажа Надзея.

Ідзем шукаць уражанні.

Сцэнар першы: вечар 8 сакавіка ў Менску

Перш за ўсё, узгадаем бацькоўскі метад – кіно. За сто гадоў існавання кінематограф даказаў сваю здольнасць у прыцемках аб’ядноўваць душэўныя памкненні. Можна прапанаваць пары салодкае кіно на мяккай канапе за 20 рублёў на дваіх.

Калі прадбачыць, што выхад у кіно не надта здзівіць вашага партнёра, трэба рыхтавацца да больш маштабных івентаў. Да прыкладу, тэатр. Пастаноўку нельга паглядзець удома ды і тэматычных пастановак да 8 сакавіка хапае. Акрамя таго, можна падараваць каханай квіткі на бліжэйшыя даты. Да прыкладу, у тэатр імя Янкі Купалы на 9 сакавіка на «Выкраданне Еўропы альбо тэатр Уршулі Радзівіл» – як раз для тых, каму бліжэй дзень абаронаў правоў жанчын. Квіткі ў партэр на дваіх будуць каштаваць 37 рублёў.Калі ж трэба пра каханне, то калі ласка: «Адэль» за 24 рублі на дваіх у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Квіткі на канцэрты 8 сакавіка пачынаюцца прыкладна ад 30 рублёў на танцпол «Без білета» або дальнія сектары «Брутто» да 120 за адзін квіток на джаз «De Phazz» у «Prime Hall». Гэта калі хлопцу пашчасціла і яго каханая не спявае пад душам Лепса і не марыць атрымаць у падарунак білет на яго канцэрт.

Такім чынам, культурную імпрэзу 8 сакавіка ў Менску можна арганізаваць за кошт ад 10 да 100 долараў на дваіх.

Рэшту сумы нашая пара прапануе патраціць на добрае віно і вячэру ў рэстаране. Калі хадзілі ў кіно – можна дазволіць сабе нават вячэру ў «Grand Cafe». Дзяніс з Надзеяй палічылі, што гарачае з келіхам віна акурат будзе каштаваць каля 400 рублёў. Калі вы лавілі асалоду на джазавым канцэрце, трэба выбіраць сярод больш танных варыянтаў.

Сцэнар трэці: падарожжа

Дзяніс з Надзеяй прытрымліваюцца думкі, што рабіць прыемныя сюрпрызы адно аднаму трэба не толькі па святах. Але калі 8 сакавіка – дадатковы выходны, то гэта добрая нагода правесці яго разам і арганізаваць актыўны адпачынак. Напрыклад, з’ехаць у падарожжа.

Адзін з варыянтаў – банальны да болю, але падыміце рукі тыя, хто яго хоць аднойчы спраўдзіў: Мір-Нясвіж з начлегам у Мірскім замку. Калі ёсць аўто, тады выдаткі на бензін складуць каля 20 рублёў і астатняе можна траціць на забавы. Калі не, можна ўзяць аўто ў арэнду. Гэта абыдзецца каля 70 долараў на два дні. Далей палічыце 70 рублёў на экскурсіі і 182 рублі за ноч у пакоі Мірскага замка. Як сапраўдныя князь з князёўнай.

Толькі вось павячэраць як шляхта атрымаецца толькі ў выпадку, калі «коні» былі свае. Калі ж бралі аўто ў арэнду, то ад 200 долараў там ужо мала што засталося. Можна павячэраць і бутэрбродамі. Сапраўды, мы ж не есці сюды ехалі.

Другая опцыя – з’ехаць за мяжу. Напрыклад, у Вільню з начлегам. Квіткі туды-назад на аўтобусе будуць каштаваць каля 40 долараў на дваіх, 30 еўра складуць выдаткі на асобную кватэру праз «Airbnb» і застанецца яшчэ 130 долараў павячэраць і пагуляць па Вільні, што для літоўскай сталіцы не так ужо і мала.

Ажыццяўляльна, пры ўмове, калі ў пашпарце стаіць Шэнген. Калі не, паспрабуйце Кіеў: 75 долараў на аўтобусныя квіткі, 40 – на кватэру або гатэль. Але гэта варыянт для сапраўдных «дармаедаў» : трэба мець тры вольных дні, каб хаця б адну ноч адпачыць у ложку, бо дарога на аўтобусе займае амаль ноч.

Ну і сайты лоукостаў у рукі кожнаму, хто вырашыў сустрэць вясну дзе-небудзь у Стакгольме, або нават у Парыжы. Сапраўдная рамантыка! Дзяніс, дасведчаны падарожнік, дзеліцца, што нават дзень у дзень, не плануючы загадзя, можна знайсці варыянты.

«За 200 баксаў на дваіх? Лёгка!» – кажа Дзяніс.


Трэці, чацверты і пяты сцэнар: для экстрэмалаў, дамаседаў і тых, хто рашуча настроены
Можна заказаць палёт на верталёце над Менскам. Каштуе 400 рублёў за 20 хвілін. Пасля такога хопіць вячэры нават у «Макдоналдсе».

Сцэнар другі: для дамаседаў


Для дамаседаў і тых, каму вясновы дождж не даспадобы, можна накупіць якасных свежых прадуктаў, далікатэсаў, якія вы даўно марылі пакаштаваць, бутэльку добрага віна і зрабіць выдатную рамантычную вячэру. Застанецца яшчэ на падаруначак і на заўтра смачная ссабойка на працу.

Калі ў вас вельмі сурʼёзныя намеры, то вясновыя святы – добрая нагода сказаць дзяўчыне словы, якіх яна даўно чакае. Або не чакае, гэта таксама даволі часта здараецца. У любым выпадку дэкарацыі прапановы пайсці замуж запатрабуюць выдаткаў на суму ў залежнасці ад фантазіі. Зразумела, што ў незалежнасці ад свята і яго ідэалагічнага колеру, у такі дзень хочацца зрабіць нешта запамінальнае. З Дзянісам і Надзеяй мы зайшлі ў магазін ювелірных вырабаў і высветлілі, што за 200 долараў там можна набыць тое, што неабходна для такой нагоды.

Вядома ж, грошы ў каханні – не галоўнае. Да гэтага ж, самымі прывабнымі якасцямі характару мужчынаў, па версіі «Mens Health», жанчыны лічаць пачуцце гумару, розум і захапленне чым-небудзь. Шчодрасць – толькі на пятым месцы і датычыць не столькі сум грошай, але маральных сілаў, часу і ўвагі.

«Кожнаму чалавеку важная ўвага каханай асобы. Зусім не абавязкова выдаткоўваць грошы, каб зрабіць прыемна. Грошы – гэта толькі інструмент, які трошкі пашырае магчымасці», – кажа Надзея.

Напрыклад, грошы, сплочаныя ў кошт дармаедскага падатку, маглі пашырыць магчымасці даехаць да матуль і бабуль у раённыя цэнтры і купіць ім кветкі і торт. Вось яны дакладна заўсёды чакаюць сваіх «дармаедаў».

«Можна зрабіць штосьці, што ты даўно планаваў, але неяк заўсёды не хапала. Напрыклад, купіць абанемент у басейн або спартзал на паўгода. Улічваючы, што сума вялікая, будзе матывацыя хадзіць туды. Так проста з бюджэту такія сумы нялёгка выдаткаваць. Але калі раптам дэкрэт аб дармаедстве адменяць і ў чалавека рэзка з’явяцца 200 долараў, то я б на яго месцы патраціўся б на такое», – разважае Дзяніс.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары