Як прадпрымальнікі збіралі мітынг у Воршы, а ўлады перашкаджалі ўсімі спосабамі


Гучных пратэстаў больш няма, але гэта не значыць, што барацьба скончылася.

Камітэт выратавання прадпрымальніцтва спрабаваў правесці мітынг на рынку ў Воршы. Спрабаваў, бо мясцовы райвыканкам усяляк перашкаджаў.

«Ходзіць адміністрацыя па пятах, ходзяць пераапранутыя супрацоўнікі спецорганаў. У нас ужо праверыла міліцыя пашпартныя дадзеныя. Ідзе такое запалохванне», – кажа Алесь Макаеў з Руху салідарнасці «Разам».

Гэта ўдалося зафіксаваць і нашым камерам – супрацоўнікі ў штацкім здымалі і мітынг, і тых, хто ставіў подпісы. У такой сітуацыі, распавядае Алесь Макаеў, удалося сабраць усяго 45 подпісаў. Патрэбныя ж 50 тыс., бо актывісты плануюць перадаць адмысловы зварот у Канстытуцыйны суд.

«Перагледзець антыпрадпрымальніцкія, на наш погляд, указы прэзідэнта РБ – 222 і 48 – якія фактычна робяць немагчымай нармальную прадпрымальніцкую дзейнасць», – называе патрабаванні будучага звароту старшыня барысаўскай філіі БСДП (Грамада) Алесь Абрамовіч.

На Алеся Макаева і Алеся Адамовіча склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Абодвух забралі ў міліцыю, але ў выніку адпусцілі.

Ганна Любакова

Стужка навінаў