Як працуе «Белсат». Галоўныя факты за 5 хвілінаў


«Белсат» – гэта ўнікальны медыяльны праект, створаны сіламі беларускіх журналістаў, якія штодня выходзячы на вуліцу рызыкуюць. Але праслухоўванні, штрафы і нават арышты не спыняць нас. «Белсат» – першае незалежнае тэлебачанне, па-беларуску і без цэнзуры.

Факты пра «Белсат»

Тэлебачанне «Белсат» з’яўляецца першым незалежным тэлебачаннем у Беларусі.

Паўстала ў 2007 годзе як супольны праект МЗС Польшчы і Польскага публічнага тэлебачання (TVP).

Аўдыторыя – да 500 000 жыхароў Беларусі.

Даступная бясплатна на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расеі праз спадарожнік Astra 4A, а таксама праз інтэрнэт.

Бюджэт: 5,5 млн. еўраў.

У Беларусі налічвае больш за 100 працаўнікоў і каля 80 рэдактараў, менеджараў і тэхнікаў у Варшаве. Ёсць карэспандэнты ў Літве, Нямеччыне, Украіне, Чэхіі і Бельгіі.

Медыяльнае асяроддзе

У справаздачы на тэму свабоды медыяў, што падрыхтавала арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» і якая ахоплівае 179 краінаў, Беларусь на 157 месцы.

У 2014 годзе Беларусь трапіла ў спіс «Freedom House», у якім называныя краіны, дзе не захоўваюць палітычны правы і грамадзянскія свабоды.

Беларускае права забараняе працу без акрэдытацыі медыям, якія зарэгістраваныя ў іншых краінах. Гэта з’яўляецца сурёзнаю перашкодаю для працы нашых журналістаў.

Нашая прапанова для гледачоў

Кожны будні дзень – 3 гадзіны навінаў і абмеркавання актуальных падзеяў у жывым эфіры са студыі ў Варшаве.

Гледачы атрымліваюць агляд найважнейшых падзеяў дня, каментары экспертаў і афіцыйных асобаў, незалежных медыяў. Агляд падзеяў культуры, навіны спорту і прагноз надвор’я.

У праграме «Белсату» – дакументальныя і мастацкія фільмы ды адукацыйныя праграмы.

Вяшчанне распачынаецца штодня а 7 раніцы і доўжыцца да поўначы.

«Белсат» стварыў больш за 100 дакументальных фільмаў, значная частка якіх – вяртанне сапраўднай, а не савецкай гісторыі Беларусі ды стужкі, якія апавядаюць пра рэчаіснасць.

Дакументальныя фільмы «Белсату» агулам атрымалі больш за 40 міжнародных узнагародаў.

www.belsat.eu

Онлайн-трансляцыя, архіў праграмаў і дакументальных фільмаў.

Чатыры моўныя версіі: беларуская, расейская, польская ды ангельская.

Самы папулярны сярод беларускіх навінных Youtube-канал з арыгінальным кантэнтам і сотнямі тысячаў праглядаў. Рэкордная колькасць праглядаў аднаго роліка – больш за 4 млн. разоў.

Камунікацыя з інтэрнаўтамі з дапамогаю сацыяльных сетак: далучыся да нашых акаўнтаў у Facebook, VK, Twitter. Профіль «Белсату» ў Facebook – самы папулярны сярод беларускіх тэлеканалаў.

Структура

Тэлебачанне «Белсат» з’яўляецца паўнапраўнаю часткаю TVP, але рэдакцыйная палітыка ёсць поўнасцю незалежнаю.
«Белсат» супрацоўнічае з «Фондам свабода і дэмакратыя» (Польшча) і Беларускай асацыяцыяй журналістаў у аспекце пошуку фінансавання.

У Дарадчую Раду «Белсату» ўваходзяць выбітныя беларускія інтэлектуалы. Рада ажыццяўляе нагляд за развіццём каналу.

Глядзі таксама
Каментары