Як падпалкоўнік Рудзько дзяўчат за рукі хапаў


Журналістка Марына Маўчанава, якую хочуць засудзіць «за выраб і распаўсюд» ейных артыкулаў, распавяла, як на яе складалі пратакол.
Учора журналістка з Бабруйску Марына Маўчанава знаёмілася з матэрыяламі справы. Паводле беларускіх праваахоўнікаў, журналістка Марына Маўчанава парушыла артыкул 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» (дэ-факта за працу без акрэдытацыі – belsat.eu). Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, ёй пагражае штраф да Br 7,5 млн. У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні яна напісала, што не годная з ім, бо нічога не парушала.
Пасля Марына Маўчанава папрасіла, каб ёй далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Паколькі копіяў зрабіць не дазволілі, я рабіла выпіскі ад рукі.

«Калі я скончыла гэта рабіць, і перадала падпалкоўніку Сяргею Рудзько матэрыялы справы, а сабе ўзяла копію пратакола, ён выхапіў у мяне з рук аркушы, на якіх я рабіла выпіскі, – распавядае журналістка. – Я паспрабавала адабраць іх назад. У адказ на што ён падхапіўся і пачаў заломліваць мне рукі. Я спужалася, і выбегла ў фае, паведаміўшы пра тое, што адбываецца дзяжурнаму і тым, хто там быў, каб былі сведкі

».

У адказ на гэта падпалкоўнік Рудзько хутка прыдумаў сваю версію: журналістка хацела парваць матэрыялы справы, таму ён вымушаны быў так дзейнічаць.

«Я патрабавала, каб ён аддаў мне мае аркушы і копію пратаколу. Копію ён аддаў, а пра астатняе сказаў, што нічога не ведае, у яго нічога няма, – працягвае Марына Маўчанава. – Я абышла стол, і ўбачыла, што мае аркушы ў яго на каленях. Я паклікала сваю сястру з фае, каб яна была сведкаю, тады Рудзько кінуў паперы пад стол. І калі я хацела падняць іх з падлогі, зноў пачаў хапаць мяне за рукі. Я ўзяла паперы, перадала іх сястры, тады ён схапіў за рукі яе. Але, паколькі гэта было ўжо ў фае, ён вымушаны быў яе адпусціць. Сказаў толькі, што думаў, што я нейкія ягоныя дакументы вырашыла забраць, таму ён так сябе паводзіў

».

Журналістка напісала скаргу на дзеянні падпалкоўніка, але яе не прынялі: было пазней за 18.00 і канцылярыя не працавала.
У матэрыялах справы сярод іншага былі запыт ў МЗС, ці Марына Маўчанава акрэдытаваная як прадстаўнік якога-небудзь СМІ ў Беларусі, і адказ адтуль, што не.
У пятніцу, 29 жніўня, незалежная журналістка атрымала позву з патрабаваннем з’явіцца ў бабруйскай міліцыі ў якасці асобы, якая парушыла заканадаўства аб СМІ. Справаю займаецца падпалкоўнік Сяргей Рудзько. «Ён спецыялізуецца на палітычных справах у Бабруйску. Праз яго праходзяць усе праваабаронцы, палітычныя актывісты», – адзначала раней ў размове з «Белсат» Марына Маўчанава. Асаблівую цікаваць падпалкоўнік праявіў да артыкулу журналісткі пра дабрачынны рух «Клуб-5000», апублікаваны ў тым ліку і на belsat.eu, у якім распавядаецца пра тое, як грамадскія актывісты дапамагаюць анкалагічным цэнтрам.
АК, belsat.eu
Стужка навінаў