Як непераможны баршчэўнік захоплівае Віцебшчыну


Мінпрыроды абяцае ў бліжэйшыя два гады звесці папуляцыю баршчэўніку Сасноўскага да мінімуму. Ці гэта рэалістычныя планы? Паўночныя раёны краіны працягваюць зарастаць шкоднай раслінаю.

Баршчэўнік Сасноўскага (Heracléum sosnówskyi) у натуральных умовах расце на Паўночным Каўказе, у Закаўказзі і Турцыі. Гэтая расліна валодае здольнасцю выклікаць моцныя апёкі, якія доўга не загойваюцца. Упершыню ў Беларусь насенне гэтага віда патрапіла ў 1955 годзе з Ленінграда і было высаджана ў Цэнтральным батанічным садзе АН БССР. Першыя вытворчыя пасевы віда закладзеныя восенню 1960 года ў саўгасах «Світанак» і «Бальшавік» Менскага раёну. За 1960–1970 гады баршчэўнік распаўсюдзіўся па ўсёй краіне, асабліва ў цэнтральных і паўночных раёнах. Як кармавая расліна баршчэўнік Сасноўскага вырошчваўся ў Беларусі, Украіне, Расеі, Літве, Латвіі, Эстоніі ды былой ГДР, забруджанымі раслінай аказаліся і краіны Скандынавіі.

Сёлета ў Беларусі абвешчаная вайна баршчэўніку. «За два гады павінны звесці папуляцыю да мінімуму. А далей лакальна знішчаць тыя асяродкі інвазійнай расліны, якія засталіся», – гэткія планы агучыў намеснік прэм’ер-міністра краіны Міхаіл Русы.

Самыя вялізныя папуляцыі баршчэўніку Сасноўскага – на поўначы краіны: зарастаюць Браслаўскі, Ушацкі ды Віцебскі раёны.

Мясцовыя ўлады таксама паабяцалі развязаць праблему і для гэтых мэтаў з абласнога бюджэту выдзелілі 310 тысячаў рублёў на закупку гербіцыдаў, яшчэ 120 тысяч плануюць даць райвыканкамы.

Але пакуль выглядае на тое, што з пастаўленай задачай мясцовыя ўлады не спраўляюцца. Прынамсі, у Віцебскім раёне.

Вёска Старое сяло, што пад Віцебскам, ужо каторы год пакутуе ад баршчэўніку. Па словах мясцовых жыхароў, сёлета расліна разраслася яшчэ больш.

«Побач з вёскай працякае Заходняя Дзвіна, але да яе немагчыма нармальна спусціцца. Усё навокал пазарастала баршчэўнікам. І ніхто яго асабліва не косіць» – гаворыць мясцовая жыхарка Таццяна Сухадолава.

Жанчына распавядае, што летась спрабавала самастойна змагацца з непажаданай раслінай, але гэтая барацьба скончылася для яе хімічнымі апёкамі скуры па ўсім целе.

Прайшоўшыся трошкі па Старым Сяле, адразу заўважаеш, што амаль усе пустуючыя ўчасткі зямлі ды ўскрайкі дарог пазарасталі баршчэўнікам. Пакуль яго ніхто не касіў, і цяпер гэткія плантацыі выглядаюць, як сапраўдны лес. Дзе-нідзе заўважаюцца пажаўцелыя сляды ад хімічнай апрацоўкі расліны, аднак праводзілася яна толькі ў асобных месцах і таму слаба паўплывала на агульнае становішча. Баршчэўнік укараніўся між калгасных палёў ды пад лініямі электраперадачы, і ў гэтых месцах з ім нават не спрабуюць змагацца.

Як жа эфектыўна змагацца змагацца са шкоднай раслінай? Эколаг-аматар ды ляснік Уладзімір Панасюк дае наступныя парады:

«Баршчэўнік Сасноўскага размнажаецца насеннем, а не каранёвымі парасткамі. У такім выпадку, знішчаючы матачныя расліны да пачатку саспявання насення, можна перамагчы амаль любыя расліны, якія размнажаюцца гэткім спосабам. Касіць баршчэўнік давядзецца адзін-два разы за сезон, і гэтак на працягу некалькіх гадоў, пакуль тое насенне, што рассыпалася раней, не прарасце ды не будзе знішчанае».

Выходзіць, што ў такой сітуацыі, калі асобныя расліны заўсёды застаюцца цэлымі, гэткая барацьба можа аказацца безвыніковай і расцягнуцца на доўгія гады.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Стужка навінаў