Як немцы хвалілі беларускі алкаголь у Берліне


У Нямеччыне – «Зялёны тыдзень». Традыцыйнае свята аграрыяў сабрала ў сталіцы гэтае краіны працаўнікоў сельскае гаспадаркі з усяго свету. Карэспандэнтка «Белсату» ў Нямеччыне знайшла на выставе-кірмашы і беларускія прысмакі.

У юбілейны 80-ы раз у Берліне адбываецца кірмаш-выстава «Зялёны тыдзень». Сярод прадуктаў сельскай гаспадаркі з амаль 70-ці краінаў свету ёсць і беларускія прысмакі.

Акрамя ж ежы ды пітва, з розных куткоў планеты, тут можна ўбачыць рэдкіх пародзістых жывёлінаў, набыць расаду, а таксама наведаць семінар паводле новых біятэхналогіяў. Да таго ж, «Зялёны тыдзень» – выдатная магчымасць для таго, каб наладзіць важныя кантакты з імавернымі партнёрамі і замоўцамі.

Багата тут і беларускіх харчоў: кансерваў, печыва і шакаладу, аднак найбольшаю папулярнасцю ў берлінскіх наведнікаў карыстаецца беларускі алкаголь.

Мужчына:« Вельмі добрая гарэлка! Сцякае ўнутр мякка, як алея!»

Жанчына: «Сапраўды, добрая якасць. Мне пасмакавала!»

Мужчына: «І бутэлька выдатна зробленая. Сапраўды прыгожы дызайн!»

Нямецкія гандляры тлумачаць гэткую папулярнасць беларускіх моцных напояў не толькі іх добрым смакам, але і высокай якасцю.

Філіп Нойман, дыпламаваны дыстылятар адзначыў: «Тут перапрацоўваюцца лекавыя расліны, якія захоўваюць свае добрыя якасці. Калі мы выпарым 1 літр вадкасці, тут застанецца 7,5 грамаў расліннага рэчыва. У знакамітым нямецкім лікёры «Егермайстэр» яго непараўнальна меней. Я б выбіраў беларускі бальзам, ён мае высокую якасць і, дарэчы, утрымлівае меней цукру ды таму больш здаровы».

Сёлета ганаровым госцем кірмаша-выставы стала Латвія, якая акурат год таму далучылася да еўразоны. Сёлета латвійцы спрабуюць зацікавіць наведнікаў Зялёнага тыдня не толькі нацыянальнаю кухняю. На вялікім стэндзе можна даведацца, напрыклад, як хутка растуць дрэвы ў латвійскім лесе і што вырабляюць з дрэва тамтэйшыя разьбяры.

Шмат хто прыходзіць сюды, на кірмаш, набываючы квіткі адразу на некалькі дзён, бо абысці паўтары тысячы гандлёвых пунктаў за дзень – немагчыма. Дый дзе ж яшчэ кулінарную вандроўку вакол свету можна ажыццявіць усяго за 14 еўраў?

Штогод «Зялёны тыдзень» наведваюць больш за 400 тыс. чалавек, кажуць арганізатары.

Сёлетні ж кірмаш працягнецца да канца тыдня, таму хто не паспеў пакаштаваць папулярных, а можа і экзатычных страваў, зрабіць гэта пакуль не позна.

Жанна Кромэр, «Белсат», Берлiн

Стужка навінаў