Як неба адчынілася на Вадохрышча – вяскоўцы кажуць пра Божы знак. Фотафакт

photo

Паводле народнага павер’я, у ноч на Вадохрышча адчыняецца неба. Вяскоўцы пад Светлагорскам сцвярджаюць, што бачылі на небе «яркае вока».

Сёння ўвечары жыхары пасёлку Чыркавічы пад Светлагорскам назіралі незвычайную зʼяву – ружовае святло, якое раптам з’явілася на небе ўжо пасля заходу сонца. Гэткую з’яву ў народзе называюць «адчыненым небам». Гэта знак, што Вадохрышча з Калядамі развітваецца, лічаць Чыркавічах.

Пенсіянерка Марыя расказала, што сядзела на кухні ды чытала газету, як раптоўна пакой стаў напаўняцца ружовым святлом. «Тады я хуценька кінулася да акна паглядзець, што адбываецца ў небе. А там яскравае-яскравае вока глядзіць на мяне і ззяе ружовым колерам», – падзялілася ўражаннямі відавочца. З’ява доўжылася нядоўга – усяго некалькі хвілінаў. Для чыркаўчанаў гэта сталася падзеяй, шмат хто падкрэслівае: гэта Божы знак перад Вадохрышчам.

Даследуючы міфалагічную мадэль свету ва ўспрыманні беларусаў, этнографы, да прыкладу, зафіксавалі на Случчыне перакананне: «Неба мае сем столак, ці пёнтраў. Мы бачым толькі першае неба, а Бог жыве аж на сёмым». Паводле іншай версіі, нават «першае неба» зачыненае ад нас вадою, падае энцыклапедычны слоўнік «Міфалогія беларусаў».

19-га студзеня Праваслаўная Царква адзначае Вадохрышча – хрышчэнне Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан. Гэтае свята называюць яшчэ Богаяўленнем, бо падчас хрышчэння Ісуса на Яго ў вобразе голуба сышоў Дух Святы, а Бог-Айцец прамовіў з нябёсаў, што Ісус – Ягоны Сын. Гэтак людзям абʼявілася ўся Боская Тройца.

У старажытным хрысціянстве Богаяўленне было ўспамінам не толькі хрышчэння Ісуса Хрыста, але і працягам святкавання Ягонага нараджэння.

МА, МЯ, belsat.eu
Фота МА

Глядзі таксама
Каментары