Як настаўніца беларускай мовы робіць беларускую школу ў Берасцейскай вобласці расейскай

photo

Юлія Папко збірае подпісы жыхароў Гошчава, каб перавесці школу на расейскамоўнае навучанне. Фота svaboda.org

Жыхарка вёскі Гошчава, што ў Івацэвіцкім раёне на Берасцейшчыне, ініцыюе перавод мясцовай школы з беларускай на расейскую мову навучання. Юлія Папко, маці дваіх дзяцей, перакананая, што родная мова не патрэбная дзецям, бо ў будучыні будзе ствараць для іх толькі перашкоды.

Ініцыятыву падтрымалі большасць бацькоў

Юлія – выпускніца факультэту беларускай філалогіі ды літаратуры, а таксама журналістыкі Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка. Настаўніца беларускай мовы паводле адукацыі імкнецца ўжо з наступнага навучальнага году ўвесці расейскую мову ў гошчаўскай школе. Свае дзеянні жыхарка вёскі, якая сама ў свой час навучалася ў мясцовай навучальнай установе па-беларуску, абгрунтоўвае тым, што дакладныя навукі мусяць быць менавіта па-расейску. Маўляў, дзецям насамрэч вельмі складана вучыцца па-беларуску:

«Я зусім не супраць беларускай мовы, наадварот, толькі за. Але вось у верасні маё дзіця ідзе ў першы клас у школу. Але ўжо ў падрыхтоўчай групе дзеці сутыкнуліся з сурёзнай перашкодай: яны не разумеюць, пра што ім кажуць настаўнікі. Справа ў тым, што ў сям’і, паміж сабою дзеці не размаўляюць па-беларуску і не чуюць мовы. Я б не ўздымала гэтую праблему, калі б пасля школы навучальныя ўстановы былі на роднай мове. Але гэтага нідзе проста няма. Нават калі дзеці ідуць навучацца ў наш мясцовы ліцэй у Івацэвічах, то і там няма навучання па-беларуску, дзецям не даюць такой магчымасці, нават падручнікаў няма. Таму пасля вясковай школы, якая заўсёды была беларускай, дзеці глядзяць на расейскамоўныя навучальныя дапаможнікі па матэматыцы, фізіцы як на замежныя. І ў гэты ж час гарадскія дзеці паспяхова рашаюць задачы, вясковыя ж дзеці спачатку перакладаюць, а толькі пасля гэтага пачынаюць займацца рашэннем».

У Гошчаве ў школу ходзяць каля 100 дзяцей. Фота svaboda.org

Клопат пра дзяцей ці барацьба са сваймі комплексамі?

Юлія спасылаецца на свой асабісты досвед і кажа, што некалі сама сутыкнулася са шматлікімі перашкодамі. Нягледзячы на тое, што жанчына навучалася ва ўніверсітэце на факультэце беларускай мовы і літаратуры, на роднай мове выкладалася толькі некалькі прадметаў:

«Нашыя дзеці і так пакрыўджаныя, бо не бачаць таго ж, што бачаць гарадскія дзеці. А моўны бар’ер – гэта істотная і вялізная праблема. Дзеці не могуць знайсці сяброў. Іх часта называюць калгаснікамі і гэтак далей. Што да мовы – то я лічу беларускую мову вельмі прыгожай і мілагучнай, я вельмі яе люблю. Але, на жаль, вымушаная дзеля сваіх дзяцей пайсці насуперак сваім меркаванням».

Таму, лічыць Юлія, перавод мясцовай школы на расейскамоўнае навучанне палегчыць жыццё ейных дзяцей. Гэтую ініцыятыву падтрымалі і шматлікія іншыя бацькі школьнікаў, якія навучаюцца ў Гошчаве:

«Мы ўжо сабралі подпісы 48 бацькоў. А гэта бацькі 65 вучняў школы, у якой цяпер навучаецца каля 80 дзяцей. Пры гэтым я яшчэ не патрапіла да ўсіх, бо некаторыя былі на працы. А таксама не наведвала тых, у каго дзеці навучаюцца ў выпускных класах. Прычым большасць бацькоў падтрымалі маю прапанову, пагаджаюцца са мною. Мая ініцыятыва ў тым, каб можа нават не раптоўна ўвесці расейскую мову, але паступова. Напрыклад, з першага класа. Бо я разумею, што ў аддзеле адукацыі можа і не будзе адразу ж падручнікаў для школы па-расейску».

Сярэдняя школа вёскі Гошчава Івацэвіцкага раёну. Фота svaboda.org

Вёска болей не аплот беларушчыны

Пазалетась у Івацэвіцкім раёне вясковая школа ў Стайках таксама стала расейскамоўнай. Настаўнікі гошчаўскай школы кажуць, што на такі крок там пайшлі ў сувязі з пагрозай пераводу сярэдняй школы ў базавую, бо было вельмі мала вучняў. Такую пастанову аддзел адукацыі прымае, калі ў школе меней за 100 навучэнцаў. Ініцыятыву перавесці навучанне ў вясковай школе на расейскую падтрымалі як бацькі, гэтак і настаўнікі. У Гошчаве ж сітуацыя іншая. Дырэктар школы Аляксей Халадовіч прыняў ініцыятараў прапановы. Але сустрэча мела характар прыватнай гутаркі, бо подпісы і ліст ад бацькоў ён не зарэгістраваў. Па сутнасці адбылася толькі прыватная гутарка на гэты конт. Хаця дырэктар прызнаецца, што яму блізкія погляды бацькоў:

«Шчыра скажу, што я не супраць ініцыятывы. Людзі маюць права выказаць сваю думку, дыскутаваць. Іншая справа, наколькі ініцыятыва можа быць адпаведная заканадаўству. Гэта не так усё проста, і я прасіў людзей не спяшацца».

Пры гэтым дырэктар адзначыў, што ўжо ў наступным годзе назбіраецца ў школе каля 100 вучняў. Таму пытанне гэтае пакуль не актуальнае для школы, бо пагрозы пераводу з сярэдняй у базавую школу няма. У сваю чаргу Юлія Папко, якая хоча русіфікаваць школу, кажа: калі дырэктар не дапаможа ў рэалізацыі яе ініцыятывы, то яна звернецца адразу ж да кіраўніка раённага аддзелу адукацыі.

Супраць русіфікацыі школы

Апрача бацькоў школьнікаў і настаўнікаў і раённага аддзелу адукацыі, рашэнне аб пераводзе з беларускай на расейскую мову навучання ў школе прымаецца яшчэ і са згоды грамадскага меркавання вёскі. А тут якраз думкі істотна падзеленыя.  Шмат якія жыхары Гошчава, асабліва старэйшае пакаленне, не разумеюць, якім жа чынам школа ў вёсцы можа быць расейскамоўнай, бо такога ніколі раней не было. У сваю чаргу маладзейшыя жыхары Гошчава наадварот схільныя да русіфікацыі школы. Праўда, старэйшых жыхароў у паселішчы большасць. Але ці пераважыць іх голас у абароне беларускай мовы?..

Паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары