Як нашы высялялі японцаў. Вайна вачыма дзяцей


Belsat.eu працягвае серыю публікацый-успамінаў пра вайну. Далорэс Мураўёвай было 4 гады, калі яна пачалася. Яна жыла ў Львове. Тата быў памежнікам.

Я ўбачыла вайну 21 чэрвеня 1941 года. На вуліцы застрэлілі жанчыну. Яна несла ў руках дзве буханкі хлеба. Куля трапіла ёй у спіну. У суседнім з нашым домам жыў прафесар-паляк. Ён прыйшоў да нас і сказаў, што заўтра будзе вайна і нас, як сям’ю памежнікаў расстраляюць. Бацька быў памежнікам і ён таксама нам гаварыў, што будзе вайна. Ён быў на заставе. Нас маглі забіць і немцы і з мясцовых знайшліся б жадаючыя, бо памежнікі шмат у каго асацыяваліся з новай камуністычнай уладай. І гэта зразумела.

Другі раз я ўбачыла вайну на крылах нямецкага самалёта з крыжамі. Мы былі ў калоне ўцекачоў. Дзеці былі на вазах, дарослыя ішлі побач. Казалі, што самалёт гэта фанерная рама і нічога страшнага ад яго ня будзе. А з яго пачалі расстрэльваць людзей. Бацькі хапалі дзяцей і кідалі іх у канаву. Самі лажыліся на іх. Мяне зачапілі 3 кулі, а бабулю – 8. У вёсцы Мена нам аказалі дапамогу і мы пайшлі далей.

Як нашы высялялі японцаў

Вайна для мяне не скончылася ў 1945 годзе. Бацьку накіравалі на Далёкі Усход. У 1947 годзе мы трапілі на выспу Кунашыр. Была цынга і людзі на катэрах хадзілі на іншыя выспы і збіралі там чарамшу і дзікі кішміш. І вось у адзін такі дзень я была на кацеры. Мы падплылі да пірса і тут я ўбачыла на ім шмат японцаў. Іх высялялі з выспы. Паколькі ў бухту не мог зайсці вялікі карабель, туды ўвайшлі баркасы. На гэтых баркасах звычайна жалезным тралам лавілі крабаў. Іх потым варылі ў вялікіх чыгунах і прадавалі па 12 капеек за штуку. І вось гэтымі траламі пачалі грузіць на баркасы японцаў… У адной жанчыны з плечавога меху выпала маленькае дзіця ў акіян. Яна закрычала, а нейкі японец сталага веку з вострай барадой ёй нешта крыкнуў і яна замоўкла. Заплюшчыла вочы і стала асядаць… Твар яе стаў белы-белы… Потым у дамы японцаў засялялі вайскоўцаў і ўсіх, каго накіравалі на выспу…

Японцы прыходзілі помсціць

Там такія туманы былі, што пальцаў рукі не было бачна. Калі былі адлівы, японцы маглі прыходзіць на выспу. Яны прыходзілі помсціць. Мы жылі ў доме, які ўзмацнілі бярвеннямі, якія прывезлі з мацерыка. Тата быў камандзір дывізіі. У адзін з такіх дзён японцы прабраліся да нашага дому. Яны абрэзалі тэлефон, электрычнасць, каб мы не маглі паклікаць падмогу. Стралялі з паўгадзіны. Ардынарац таты пасадзіў нас з мамай каля сцяны, дастаў меч і сказаў, што, калі што, то лепш ён сам усё зробіць, бо японцы ўсё роўна, калі здолеюць трапіць у дом, то ўсіх заб’юць, але спачатку будуць катаваць. Мы сядзелі і глядзелі на гэты меч…

Вайна вачыма маленькай мянчанкі

Любоў Лунёва, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары