Як «Начныя ваўкі» ізноў «нахілялі» ДАІ

Марныя былі мае заклікі берагчы гонар мундыру! Дарэмныя спадзяванні на тое, што ДАІ абароніць сваю Біблію, Талмуд і Каран ад бязбож… бязшлёмнікаў! Піша Зміцер Ягораў.

Што будзе, калі працаўнік Берасцейскага ДАІ пабачыць, як міма праязджае матацыкліст без шлема?

Экіпаж на службовай машыне разварочваецца і кідаецца ў пагоню па вузкіх вуліцах праз прыватны сектар! Добра, што ніякае дзіця не выскачыла на дарогу. Але ж для ДАІ гэта страшна прынцыпова – злавіць матацыкліста без шлема! Перад ПДР усе роўныя! А матацыклістаў ДАІ асабліва любіць «падраўняць».

Але ёсць тыя, што вышэй за закон. «Начныя ваўкі» ізноў прыязджалі ў Беларусь ды ізноў ездзілі проста пад носам Берасцейскай Дзяржаўтаінспекцыі парушаючы святыя запаветы ПДР.

У 2015 годзе мне давялося перапісвацца на гэтую ж тэму з упраўленнем Дзяржаўтаінспекцыі. У адказ на зварот ДАІ прызнала, што парушэнне сапраўды мела месца, а «супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі ўказана на неабходнасць больш дбайнага правядзення інструктажаў з кіроўцамі перад пачаткам руху ў арганізаванай калоне».

І тут ізноў Залдастанаў гарцуе на сваім жалезным кані ў цэнтры Берасця, за ім – паплечнікі, хто ў папасе, хто ў бандане. За цэласнасць іхных чарапных каробак не надта перажываю, але што ж з нашымі прынцыповымі інспектарамі? Ці ж гэта не плявок на мундыр? Тым больш ведалі, ведалі, што «Начныя ваўкі» здольныя на такое. У 2015 годзе я, як адказны грамадзянін, ДАІ пісьмова папярэдзіў і нават прапанаваў забараніць Залдастанаву перасоўвацца на матацыкле па нашых дарогах. Больш за тое, кіраўніцтва ДАІ ў 2015 зрабілі выснову, што Залдастанаў лётае без шлёму «магчыма, дзеля правакацыі».

Што ж гэтым разам пайшло не так?

«Прашу разабрацца ў сітуацыі: як так гэта магчыма, што замежныя матацыклісты на вачах працаўнікоў ДАІ цынічна парушаюць патрабаванні ПДР. Прашу прыняць неабходныя захады па недапушчэнню падобных сітуацыяў у будучыні. Прашу разглядзець магчымасць забароны на ўезд у Беларусь чальцам мотапрабегу ў сувязі з сістэматычным парушэннем ПДР і наўмыснай дыскрэдытацыі праваахоўных органаў РБ і працаўнікоў ДАІ ў прыватнасці». З чарговага звароту ў ДАІ.

Але марныя былі мае заклікі берагчы гонар мундыру! Дарэмныя спадзяванні на тое, што ДАІ абароніць сваю Біблію, Талмуд і Каран ад бязбож… бязшлёмнікаў!

«Сапраўдным растлумачваю, – піша мне ў афіцыйным адказе начальнік УДАІ М.В. Банадык, – што згодна з п.2 арт.2…» Цытаваць цалкам ліст не буду, бо гэта проста размазаны на аркуш А4 сказ «мы нічога рабіць не будзем». А «сапраўдным растлумачваю» – проста цікавая бюракратычная абракадабра, якую маскіруюць пад беларускую мову.

Берасцейскае ДАІ не хоча распачынаць аніякай адміністрацыйна справы, бо выслаў я ім свой зварот не галубамі і на паперы, не поштаю, а гэтым гадкім інтэрнэтам, разам са скрыншотамі і спасылкамі. А як ты спасылку да справы прыш’еш? Тым больш, што прышываць нічога не хочацца. У запляваны «Начнымі ваўкамі» мундыр? Ну нічога страшнага. Высахне.

А вось калі б здарылася трагедыя, і які-небудзь залдастанаў – у папасе, бандане ці проста з непакрытаю галавою ўдарыўся аб берасцейскую брукаванку? Як бы «сапраўдным растлумачыў» М.В. Банадык, што ДАІ недаглядзелі, як рухаецца калона байкераў?

Ці, пачакайце… можа так і задумана? Тады прапаную афіцыйна дазволіць ці нават рэкамендаваць «Начным ваўкам» у Беларусі не толькі лётаць без шлёму, але і абганяць па сустрэчнай праз двайную, стаяць пад стралой ды есці незнаёмыя грыбы.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў