На запраўках «А-100 АЗС» загаварылі па-беларуску. Што пра гэта думаюць кліенты?


Перайсці на беларускую мову не было складана, а як толькі з’явілася такое патрабаванне, дык і загаварылі, распавялі працаўнікі аўтазаправак «А-100».

Сетка аўтазаправачных станцыяў «А-100» з 1 студзеня 2015 году распачала пераход на беларускую мову. Перадусім – што да працоўнай мовы, а таксама тэхнічнага і рэкламнага афармлення. Кіраўніцтва групы кампаніяў называе гэта першымі крокамі доўгатэрміновага праекту беларусізацыі «А-100 АЗС», падае радыё «Свабода».

Аўтазаправачная станцыя кампаніі «А-100» на Баравой, 7 пад Менскам – адна з трыццаці трох, размешчаных у розных гарадах Беларусі. Персанал сеткі абслугоўвання – моладзь у веку «25 +- 5». Хлопцы і дзяўчаты за стойкамі кавярні і аператары запраўкі ў форменнай вопратцы спакойна і нібыта звыкла вітаюць частых наведнікаў па-беларуску, прапаноўваюць каву, нагадваюць, каб не забывалі рэшту. Тым часам для бальшыні з іх – гэта толькі першыя дні камунікацыяў па-беларуску.

Адна з працаўніц па-беларуску загаварылі толькі ў пачатку гэтага года. »Як толькі такое правіла было ўведзенае, так і загаварыла», – распавяла жанчына. Паводле яе, зрабіць гэта было нескладана: «У Беларусі ж жыву».

Сярод 500 працаўнікоў кампаніі ёсць ня толькі беларусы, але і выхадцы з Расеі, і людзі іншых нацыянальнасцяў. А таму напачатку для ўсіх распрацаваны неабходны слоўны мінімум. Гэтаксама як і ў вонкавым афармленні станцыяў – перавод на беларускую мову шыльдаў, надпісаў і цэтлікаў адбываецца паступова, кажа кіраўніца ўпраўлення маркетынгу групы кампаніяў «А-100 АЗС» Ніна Ніканорава:

«Мы вырашылі распачаць з сэрца нашай гандлёвай залі – кава-куточка. Таму вы можаце заўважыць, што з’явіліся нейкія цэтлікі, нейкія інструкцыі па выкарыстанні кава-апаратаў, інструкцыі па выкарыстанні мікрахвалёўкі. Таксама вы бачыце тут рэкламныя матэрыялы па-беларуску. І гэта толькі пачатак. Мы ствараем для нашых кліентаў камфортнае беларускамоўнае асяроддзе. І, каб гэта не было неспадзяванасцю, мы робім гэта малымі крокамі. Але паступова ўся аздоба, усе знакі навігацыі для кліентаў стануць беларускамоўнымі».

Супрацоўнікі «А-100» паведамляюць: пасля таго як праз інтэрнэт распаўсюдзілася інфармацыя пра беларускую мову на аўтазапраўках іхнай кампаніі, заўважна паболела наведнікаў, перадусім – беларускамоўных і ўвогуле тых, хто прыхільна ставіцца да роднай мовы.

«Пачуў беларускую мову. Цікава, незвычайна, прыемна», – падзяліўся адзін з кліентаў. Адзін з юнакоў падкрэсліў, што на беларускую мову з вуснаў персаналу сам стараецца адказваць на роднай мове. «Прыемна, вельмі прыемна, цудоўна нават», – захапіўся маладзён.

«Думаю, што гэта добрая ініцыятыва. Бо беларуская мова ў нашай паўсядзённасці выкарыстоўваецца вельмі мала, калі выкарыстоўваецца ўвогуле. Таму гэтая ініцыятыва цудоўная. І спадзяюся, што кліенты будуць з задавальненнем вучыцца беларускай мове, хоць бы вось гэткім апасродкаваным чынам», – лічыць маладая жанчына-кіроўца.

Пераход групы кампаніяў «А-100 АЗС» на беларускую мову з 1 студзеня 2015 году – гэта сацыяльны праект па адраджэнні беларускай мовы, які заахвочвае, але не абавязвае да ўдзелу ў ім працаўнікоў кампаніі. Па жаданні наведнікаў абслугоўванне вядзецца таксама і на расейскай мове, кажа генеральны дырэктар Ірына Валадзько. Перадусім вядзецца пра папулярызацыю беларускай мовы, а праз яе — і беларускага бізнесу, кажа яна.

«Кампанія «А-100» — гэта цалкам беларускі бізнес. І пытанне пераходу на беларускую мову для нас было ўсяго толькі пытаннем часу. Мы жадаем, каб да беларускай мовы было крыху іншае стаўленне, каб людзі далучаліся да беларускай культуры. Наша мэта — каб беларуская мова гучала шырэй. Невялікімі крокамі мы гэта робім у нашым бізнесе, і таму, напэўна, ён будзе пашырацца таксама. Мы заўсёды адрозніваліся і цяпер працягваем быць наперадзе сярод тых, хто таксама стараецца. І я ўпэўнена, што гэтая ініцыятыва будзе падтрыманая і іншымі прадстаўнікамі сэрвісных кампаніяў», – распавяла спадарыня Валадзько.

Прадстаўніца кампаніі адзначыла, што пераходу на беларускую мову папярэднічалі курсы «Мова Нанова», на якіх навучаліся і працягваюць удзельнічаць працаўнікі кампаніі, у тым ліку і сама Ірына Валадзько. І гэта толькі першыя крокі ў справе беларусізацыі кампаніі, адзначыла гендырэктарка.

«Я вельмі ганаруся тым, што нашы супрацоўнікі падхапілі гэтую ідэю і падчас падрыхтоўкі сапраўды захапіліся ёю. Ёсць таксама людзі, якім цяжэй, чым тым, хто размаўляе вольна. Яны рыхтуюцца крыху больш — я, у прыватнасці, рыхтуюся больш за ўсіх. Мы будзем усім вельмі ўдзячныя за моўную дапамогу, бо яна патрэбная і мне, яна патрэбная і нам. Мы будзем вельмі ўдзячныя ўсім, хто дапаможа нам у гэтым кірунку. Мы будзем удзячныя і за крытыку, але заўважу, што такія справы робяцца паступова — не бывае ўсё «на раз« і адразу на сто адсоткаў», – адзначыла спадарыня Валадзько.

Паводле Галіна Абакунчык, svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары