Як мы шукалі цыганскага барона. Пазбаўляемся стэрэатыпаў пра цыганскае жыццё


Цыганскі барон у Пашкавічах Іван Марцінкевіч

Ці ядуць цыгане вожыкаў? Чаму цыганскія жанчыны носяць доўгія спадніцы? Як спраўляюць вяселле і паховіны? Як качавалі раней і як жывуць цяпер? Пра гэта ўсё размаўляем з цыганскім старэйшынам у Пашкавічах Іванам Марцінкевічам і ягонаю сястрой Сняжанай.

Шукаць сапраўднага цыганскага барона мы накіраваліся ў Радунь, дзе сёння жыве каля 10 цыганскіх сем’яў, аднак адтуль накіравалі нас у суседнюю вёску Пашкавічы. Цагляная хата, якую нам падказалі, нічым не адрозніваецца ад вясковых хат беларусаў. Вакол таксама бегаюць куры, ёсць агарод і гуляюць дзеці. На брэх сабакі дзверы адчыніў мужчына гадоў 50-ці, які на пытанне ці гэта дом цыганскага барона, крыху сумна ўсміхнуўся.

«Які барон? Няма ўжо баронаў даўно, дый не слухае іх зараз ніхто. Моладзь зараз зусім па-іншаму жыве. Раней слова барона было законам. Чалавек павінен быў сапраўды заслужыць, каб яго выбралі і потым падпарадкоўваліся. А зараз цыганскага жыцця амаль ужо няма. Цяпер усе жывуць па той жа сістэме, што і вы», – адказаў мужчына.

Унукі івана Марцінкевіча

Як аказалася, колішняя так званая пасада барона ў Радуні і яе ваколіцах знікла. Цяпер сярод сем’яў выбіраецца старэйшы, самы паважаны і мудры чалавек, да якога ідуць па параду і які дапамагае вырашаць спрэчкі.

«Маці мяне ў лесе нарадзіла пад елкай»

Пасля просьбы распавесці, як было даўней і як сёння жывуць беларускія цыгане, мужчына запрасіў нас у хату. Гаспадара завуць Іван Марцінкевіч. Ён нарадзіўся ў 1952-м годзе, яшчэ ў той час, калі яго вялікая сям’я жыла ў табары на тэрыторыі сучаснай Літвы. Асядлілі ягоную сям’ю і іншых цыганоў ужо пасля смерці Сталіна. Здарылася гэта пасля 1956 г., калі выйшаў закон «Ад далучэнні да працы цыганоў, якія займаюцца бадзяжніцтвам».

Сыны Івана Марцінкевіча. Фотаздымак з сямейнага альбому

На пачатку жылі ў драўляных бараках. Аднак усё роўна стараліся заставацца разам. Трымалі коней. Нехта працаваў у калгасе, а нехта насуперак працягваў качаваць.

Яшчэ да развалу Саюзу зараблялі ў асноўным перапродажам вопраткі з Літвы. Пасля ўжо спадар Іван уладкаваўся ў кацельню ў Радуні, дзе і прапрацаваў 35 гадоў. Цяпер на пенсіі, атрымлівае 200 рублёў, дапамагае гадаваць унукаў.

«Я калі нарадзіўся, то мы яшчэ качавалі. Жылі ў шатрах. Маці мяне ў лесе нарадзіла пад елкай. Сясцёр малодшых ужо ў шпіталі. Нас было сямёра. Бегалі босыя. Кавалак хлеба ўзяў, змачыў, пасыпаў цукрам, ды пабег. Коней трымалі. Цыганкі гадалі. Зараз мужчыны ў асноўным зарабляюць, а ў тыя гады больш зараблялі жанчыны. Папрашайнічалі, шчыра кажучы. Жыццё няважнае было, не тое, што цяпер. Зараз мае дзеці ў гарадах жывуць. Два сыны ў Расеі, адзін у Польшчы працуе, усе на будоўлях. Дачка яшчэ ёсць. Але, як у нас кажуць, дачка – чужы хлеб. Выйдзе замуж і будзе належаць да сям’і мужа».

«Цыганская жанчына павінна ўстаць раней за цесця»

Ужо паўналетняя дачка Івана, замуж яшчэ не збіраецца. Раней нявестамі дзяўчыны станавіліся ў 15-16 гадоў. Сёння са шлюбам не спяшаюцца, могуць рабіць вяселле і ў 20, і ў 25. Не спяшаюцца таксама і рэгістраваць сужэнства ў ЗАГСе.

«У 15 яна сама яшчэ дзіця. Яе трэба расціць. У нас жа як? Цыганская жанчына, як выйдзе замуж і паселіцца ў доме мужа, раніцай павінна ўстаць абавязкова раней, чым устане цесць. Мужык спіць, яна павінна падняцца, прыгатаваць есці. Мужчыны абудзіліся, паелі, пайшлі. Зараз ужо асобна маладыя жывуць, а раней усе разам былі ў адной хаце. У нявесты было болей клопатаў, чым у мужчынаў», – кажа спадар Іван.

«Калі дзяўчына перад шлюбам не будзе нявінніцай – гэта ганьба для бацькоў»

У 15 гадоў выйшла замуж сястра Івана – Сняжана, з якой знаёміць нас суразмоўца. Спадарыня Сняжана таксама ўжо на пенсіі. Яна рана страціла мужа, маючы сямёрку дзяцей і аднаго на падыходзе. Аднак, не зважаючы на трагедыю, з дапамогай сям’і ўсіх выхавала. Гэтак дзейнічае сапраўдная цыганская сям’я: калі нехта трапляе ў бяду, усе збіраюцца разам і вырашаюць, што рабіць і чым дапамагчы. Калі патрэбныя грошы, па рашэнні старэйшага, усе збіраюць дапамогу, калі патрэбна абарона, мужчыны збіраюцца і ідуць разбірацца.

Родная сястра Івана Марцінкевіча, Сняжана

Спадарыня Сняжана распавяла для нас, як выходзяць замуж цыганскія жанчыны: «Традыцыя такая ў нас, галоўнае, каб дзяўчына цнатлівай была. Адзяваем сукенку, спраўляем вяселле. Старыя цыганкі павінныя акрэсліць, ці маладая заслужыла гонар. Маладых адпраўляем на гадзіну ці дзве, няма розніцы ці дзень ці ноч. Доўга спаць ім не даем. А потым выносім прасціну з крывёй. Калі крыві няма, то яна не дзяўчына была. І тады жаніх можа ад яе адмовіцца. Але калі з боку маладога былі памылкі, то старэйшыя патрабуюць, каб ён жыў з ёй і не крыўдзіў. Нашыя дзяўчаты, калі замуж выходзяць, вельмі моцна трымаюцца за сваіх мужчынаў».

«Канешне стараемся жаніць са сваймі, але па-рознаму бывае. Я сам першы раз быў жанаты з полькай. Але не атрымалася ў нас. Нашыя жанчыны іншыя. Адданыя сям’і мужа. Не здраджваюць. А зараз моладзь жэніцца і на расейках, і на польках. Але пажадана, каб сваёй нацыі. Зараз усе па інтэрнэту знаёмяцца і па інтэрнэту жэняцца», – дадае спадар Іван.

«Без доўгай спадніцы – гэта не цыганка»

Заўважна, што спадарыня Сняжана і дзве яе дачкі апранутыя ў доўгія спадніцы па косткі.

Дачка спадарыні Сняжаны гатуе есці

«Гэта традыцыя. У нас не прынята ў штанах хадзіць. Калі дзяўчына не замужам, то яшчэ можа. Але калі замуж выйдзе, то не. Не павінна яна насіць спадніцу вышэй за калена, грудзі агольваць, гэта ганьба. Жанчына для нас была святая. Яе нельга было абражаць, крыўдзіць, але яна ведала сваю вопратку. Цяпер канешне рознае носяць. А раней, як памятаю мая маці без хусткі не будзе есці гатаваць. Калі трапіць волас у ежу, не дай Бог, то яна будзе вельмі моцна пакаранай. Без хусткі нельга хадзіць. У нас у сям’і з гэтым строга было», – тлумачыць спадар Іван.

Ці елі вожыкаў?

Седзячы побач з сапраўдным цыганскім баронам, нельга было не спытацца пра адзін з самых распаўсюджаных стэрэатыпаў – ці ядуць цыгане вожыкаў?

«Старыя людзі елі. Я асабіста не спрабаваў, бо грэбую. Але калісьці ў іх нават сабачкі былі, якія на хадзілі і вожыкаў вышуквалі. Але толькі ў лесе, бо ў горадзе або на могілках нельга, там яны нячыстыя. А лясных елі. Лічылася, што мяса вельмі карыснае. Вожык жа вужакамі харчуецца».

«Калі схлусіў на іконе, то магіла»

Сям’я Івана Марцінкевіча вызнае каталіцтва. У кожным пакоі вісяць абразы. У сямейным фотаальбоме ў асноўным здымкі з вянчання і хрэсьбінаў. На Каляды і Вялікдзень традыцыйна сям’я збіраецца разам, каб падзяліцца аплаткам ды пабіцца яйкамі. Як распавядае спадар Іван, вера вельмі моцна прысутнічае ў іх жыцці. Без Бога не абыходзіцца і на цыганскіх судах.

Сямейны фотаздымак Івана Марцінкевіча. Хрэсьбіны дачушкі

«Мы ведаем па ўсёй Беларусі цыган. Бываюць нейкія зборкі, разборкі. Трэба ездзіць, высвятляць, хто вінаваты. У нас свае законы. Калі чалавек правініўся, мы яго паправім. Таксама калі ён узяў у рукі ікону і прысягнуў, для нас гэта найвышэйшае пацверджанне ягонай праўды. Аднак, калі высветліцца, што ён схлусіў, то прабачэння яму не будзе да канца жыцця. Ніхто ніколі больш не паверыць гэтаму чалавеку і не будзе з ім размаўляць».

Пахавальныя традыцыі

На вялікі жаль, цыгане зусім не захоўваюць сваю матэрыяльную культуру. Па традыцыі, пасля смерці чалавека раней палілі воз з усімі ягонымі рэчамі. Сёння паляць толькі вопратку. Калі спадар Іван распавядае пра пахаванне, то сплёўвае тры разы праз левае плячо.

«Калі нехта памірае, то мы палім усю яго адзежу. Яшчэ не кладзём нябожчыка ў пустую яміну. Спачатку кладзём дыван, потым труну закрываем дываном. Можна таксама ў гроб пакласці манету. Потым на заўтра ідзем на могілкі «нябожчыка будзіць». Памінкі спраўляем на 30 дзён і праз год», – кажа Іван Марцінкевіч.

Яч дэвлэса!

Адзінае, што без выключэння пераказваюць цыганскія сем’і з пакалення ў пакаленне – гэта мова. Не зважаючы на тое, што дзеці не вывучаюць яе ў школе, не пішуць на ёй і не чытаюць кніжак, яны чуюць яе з дзяцінства і носяць з сабой усё жыццё. Іх маці і бабулі распавядаюць на ёй казкі, сварацца, песцяць і спяваюць песні.

«У нас жа азбукі няма цыганскай. І адкуль узялася гэтая мова, я сам не ведаю. Кажуць, што цыгане з Індыі прыйшлі. Насамрэч ніхто не ведае, дзе радзіма. Я б хацеў, каб была свая пісьменнасць, каб свая цыганская краіна была. Цыгане ж раскіданыя па ўсім свеце. Які чалавек не хоча, каб была свая радзіма. Каб там праца добрая была, заводы», – кажа спадар Іван.

На развітанне мы спыталіся, як гучаць некалькі выразаў па-цыганску, каб наступным разам прывітацца на звыклай для іх мове. Падаем маленькі беларуска-цыганскі слоўнічак:

Лачо дэвэс! – Добры дзень!

Ма тут камум. – Я цябе кахаю.

Парікероў. – Дзякуй.

Паса стыпэ. – Калі ласка. (На здароўе)

І на развітанне: Яч Дэвлэса! – З Богам!

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў