Міліцыя забараняе лісічкі ў лесе збіраць


Падобнымі адзін да аднога сталі будынкі былых калгасных кантораў у Краснапольскім раёне. Менш за дзесяць гадоў прайшло з часу, калі ўсе калгасы, саўгасы ды сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, што выжылі тут пасля Чарнобылю, абʼядналі ў адну гаспадарку: адкрытае акцыянернае таварыства «Краснапольскі».

Праводзілася рэарганізацыя для большай эфектыўнасці гаспадарання, але жыхары Краснапольшчыны як адзін сцвярджаюць, што жыццё пасля абʼяднання пагоршылася.У заняпад за гэты час прыйшлі не толькі будынкі калгасных кантораў, але і ўсе навакольныя вёскі.

Палеткі, што далей ад дарог, зараслі быллём, працы няма не толькі ў вёсках, але і ў самым Краснаполлі. Ратуюцца мясцовыя заробкамі ў Расеі, падсобнаю гаспадаркаю ці зборам грыбоў ды ягадаў на продаж.

«Мы вымушаныя збіраць лісічкі, але міліцыя ловіць, бо нельга – ужо забаранілі, бо радыяцыя. У нас няма радыяцыі! Але ў лес нельга хадзіць, бо радыяцыя. Як жыць, я не ведаю», – дзеліцца Мікалай Канаплёў, жыхар вёскі Раманькі.

Як знайсці працу? Карысныя лайфхакі

Кіраўніцтва абʼяднанай гаспадаркі пахваліцца плёнам ад узбуйнення не можа. Нічога сэнсоўнага не сказаў нам новы дырэктар «Краснапольскага».

На будынку Краснапольскага выканкаму да сёння вісіць герб Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Нібыта нічога і не змянілася з савецкага часу. Але тады старшыню калгасу хаця б фармальна абіралі, а не прызначалі зверху. Цяпер жа кожны новы дырэктар не адказвае за памылкі папярэдняга і нават не ведае пра іх.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Стужка навінаў