Як мастакі тварылі на Данбасе. Прэмʼера рэпартажу «Белсату» з зоны АТА


Рэпартаж пра пленэр беларускіх мастакоў, які адбыўся ў Песках пад Данецкам.

Прапануем вашай увазе рэпартаж Антося Цялежнікава «Пэндзлі замест аўтаматаў». Ён прысвечаны пленэру, які беларускія мастакі правялі ў Песках пад Данецкам.

Пленэр адбыўся летась у лістападзе.

Беларускія мастакі правялі пленэр на ўкраінска-расейскім фронце

Падчас здымак у Песках Андрусь Такінданг, які паехаў на пленэр разам з мастакамі, напісаў песню «Страляюць». Яна стала саўндтрэкам да рэпартажу.

Прэм’ера песні, якую Андрусь Такінданг напісаў на Данбасе

Антось Цялежнікаў распавёў пра тых, хто трапіў у кадр. Падаем словы рэжысёра:

«Тарас Носар карэнны данечанін, нарадзіўся там, выкладаў у мастацкіх школах па-украінску, калі туды прыйшла вайна, вымушаны быў зʼехаць і знайсці сабе прытулак у Львове. У Данецку засталася майстэрня і большасць працаў, цяпер у гэтым памяшканні фонд дапамогі «Наваросіі». Для спадара Тараса гэта быў вельмі асабісты пленэр, ён з асаблівым смуткам маляваў краявіды з разбуранымі дамамі на яго роднай зямлі, а на даляглядзе – свой Данецк, які так блізка, і так далёка за лініяй фронту.

Паехаць на пленэр – гэта быў, вядома, адважны чын з разуменнем пагрозы для жыцця, і тое, што адважылася паехаць столькі беларускіх мастакоў, шмат значыць.

Ідэяй пленэру было ўшанаванне загінулых хлопцаў з Тактычнай групы «Беларусь» Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі, а таксама іншых абаронцаў суверэнітэту Украіны. Гэта было творчае пераасэнсаванне таго, што цяпер адбываецца ва ўкраінскім Данбасе. Мастакі на ўласныя вочы пабачылі, у якіх умовах жывуць і дзейнічаюць украінскія добраахвотнікі. Пабывалі на лініі фронту ў Песках, у месцах, дзе жылі хлопцы з Тактычнай групы «Беларусь», дзе пісаў свае песні Алесь Чаркашын, дзе паранены снарадамі і кулямі кожны кавалак зямлі і будынкаў. Вынікам сталася каля 50 палотнаў што напісалі шэсць беларускіх і адзін украінскі мастак. Гэтыя працы прэзентавалі ў амбасадзе Украіны ў Менску».

Прэм’ера рэпартажу «Пэндзлі замест аўтаматаў» у эфіры «Белсату» адбылася сёння.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары