Як Маладзечна рыхтуецца да пратэсту 10 сакавіка. Рэпартаж


Хваля пратэстаў супраць дэкрэту №3 пракацілася па ўсёй краіне. Найбліжэйшая акцыя адбудзецца ўжо ў пятніцу а 18-й гадзіне ў Маладзечне, у межах кампаніі «Мы не дармаеды». Ці збіраюцца мясцовыя жыхары выходзіць з пратэстам?

Цэнтр Маладзечна жыве сваім звычайным жыццём, але ўжо ў пятніцу тут мусіць адбыцца чарговы пратэст беларусаў супраць дэкрэту аб дармаедах.

Арганізатары не падавалі заяўкі, каб атрымаць афіцыйны дазвол на правядзенне акцыі. Бо ў тых гарадах, дзе людзі ўжо выйшлі на вуліцы, улады беспадстаўна адмаўлялі ў правядзенні акцыяў, хоць Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду сходаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацыяў.

«Калі на сённяшні дзень у мяне няма працы, і мне няма за што набыць кусок хлеба, што ты мне тут акцыю забароніш ці не забароніш. Яшчэ дзякуй богу, што яны ідуць мірным шляхам і мірным шляхам спрабуюць дамовіцца. Што яны не робяць тут ніякіх пераваротаў, не ламаюць, ні крышаць нічога. Я думаю, трэба размаўляць з імі, асабліва з моладдзю. Працоўных месцаў няма, іх няма!» – кажа актывіст АГП з Маладзечанскага раёну

Цяпер улады спрабуюць спагнаць падатак на дармаедства за 2015год. Між тым, паводле афіцыйнай статыстыкі, менавіта Маладзечанскі раён у гэты перыяд быў у краіне лідарам па беспрацоўі. Цяпер, нібыта, сітуацыя крыху выправілася. Але, паводле жыхароў, знайсці працу па-ранейшаму складана.

«Не магу ўладкавацца па спецыяльнасці. Ужо 52 гады мне. Усё, не годны – не годны. Стары. А куды ісці? Прыбіральшчыкам?» – распавядае пра сваю складаную сітуацыю маладзечанец.

Іншы жыхар гораду кажа:

«Працы няма. Я вам скажу, вось гэта быў завод «Электрамодуль», там – завод «Спадарожнік», унізе там стаіць гармонная фабрыка, – усё ператварылася ў крамы. Станказавод увогуле разваліўся».

Чытайце таксама:

Сплочваць падатак на дармаедства маладзечанцы не спяшаюцца, ды чакаюць адмены дэкрэту. У мясцовы Беларускі хельсінкскі камітэт увесь час тэлефануюць жыхары гораду і наваколля ды запытваюць, як супрацьстаяць падаткавікам.

«Такога даўно не было ў Маладзечна, хаця я на пачатку 1990-х, 2000-х ладзіў мітынгі, і на Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях, розныя мерапрыемствы мы ладзілі. Вось гэта будзе, мабыць, з тых часоў самае маштабнае мерапрыемства», – мяркуе Эдвард Баланчук з Беларускага хельсінкскага камітэту.

Да акцыі плануюць далучыцца і жыхары найбліжэйшых раёнаў. Прычым не толькі гарадоў, але і вёсак.

Актывіст з Вілейкі Уладзімір Малярчук распавядае:

«Прыедуць са Смаргоні, з Валожына, Вялейкі, можа нават з Мядзела нехта прыедзе. У нас канкрэтна ў Вялейцы ў сацсетках размясцілі абвесткі, і вось сёння да мяне звярнуўся чалавек, я ішоў па вуліцы, кажа: «Што, 10-га сустракаемся?»

Актывісты адзначаюць, што гэткія пытанні задаюць людзі, якія раней ніколі не бралі ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Арганізатары таксама запрашаюць выйсці на плошчу і мясцовых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Зразумела, калі так званыя народныя абраннікі сапраўды гатовыя бараніць інтарэсы народу.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары