Як людзі ўцякалі з мітынгу ў Маскве з нагоды далучэння Крыму


Нейкі час на мітынгу ішоў моцны снег. Фота Reuters

Галоўнае ўпраўленне МУС па Маскве паведаміла, што ў акцыі «Мы разам», прысвечанай другой гадавіне далучэння Крыму да Расеі, узяло ўдзел каля 100 тыс. чалавек.

Заяўку на правядзенне акцыі ў фармаце мітынгу-канцэрту падавала Грамадская палата Расеі. Яна ўказала максімальную колькасць удзельнікаў – 10 тыс. чалавек.

Карэспандэнт «Медузы» паведамляе, што некаторыя ўдзельнікі акцыі пачалі сыходзіць яшчэ перад яе пачаткам. Пра гэта таксама напісаў у сваім «Тўітэры» фатограф «Новай газеты» Яўген Фельдман. Паводле яго, натоўп людзей нават прарваў кардон з сілавікоў, каб уцячы з акцыі. Пачатак мітынгу першапачаткова планаваўся на 16:00, але затым, калі людзі ўжо сабраліся, пачатак адклалі на гадзіну, што выклікала яшчэ большую незадаволенасць у сабраных.

Карэспандэнт РБК ацаніў колькасць удзельнікаў мітынгу ў 15 тыс. чалавек.

Глядзіце яшчэ >>> Крым сігналізуе «SOS»

Падчас падрыхтоўкі мітынгу паведамлялася, што на акцыю арганізавана збіраюць работнікаў бюджэтных устаноў. Дэпутат Муніцыпальнай акругі Ламаносаўская Дзмітрый Мартыненка апублікаваў факс кіраўніка ўправы, у якой гаворыцца, што на мітынг трэба адправіць 214 бюджэтнікаў.

18 сакавіка 2014 года была падпісаная дамова пра прыняцце Крыму ў склад Расеі. Яе заключылі пасля таго, як у Крыме правялі рэферэндум аб далучэнні да РФ. Паводле афіцыйных дадзеных, за ўваходжанне ў склад Расеі прагаласавала пераважная большасць жыхароў паўвостраву.

Далучэнне Крыму да Расеі не атрымала міжнароднага прызнання. Больш за тое, заходнія краіны ўвялі супраць Расеі санкцыі. 18 сакавіка 2016 года Еўразвяз у чарговы раз выступіў з асуджэннем «незаконнай анексіі» Крыму.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары