Як лягчэй сабраць подпісы: «ад дзвярэй да дзвярэй» альбо на пікетах?


«Белсат» прайшоўся па пад’ездах разам з актывістамі, каб паглядзець, наколькі ахвотна выбаршчыкі ставяць подпісы.

Тактыка збору подпісаў «ад дзвярэй да дзвярэй» у гэтую кампанію не карыстаецца папулярнасцю. Большасць збірае галасы на пікетах, таму што, як кажуць у штабах, ініцыятыўным групам дзверы проста не адчыняюць.

Хадзіць па кватэрах больш складана, але гэта можна выкарыстаць, каб дадаткова інфармаваць насельніцтва.

«Я асабіста яшчэ не хадзіла па кватэрах, але ў нас ёсць дзве тактыкі: збор подпісаў па кватэрах і пікеты. Хачу сказаць, што ў Менску нашыя актывісты і валанцёры аддаюць перавагу пікетам», – кажа прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнта Таццяна Караткевіч.

Збор галасоў за вылучэнне Анатоля Лябедзькі ў Магілёве паказаў, што людзі амаль нічога не ведаюць пра апазіцыйных кандыдатаў, але свае подпісы ставяць.

Былі выпадкі, калі са ста кватэраў дзверы адкрылі толькі чатыры. Не заўсёды шанцуе і зборшчыкам за праўладных кандыдатаў. Вось як апісвае сітуацыю блогер Яўген Ліпковіч:

«Знаёмая збірае подпісы за Лукашэнку. Чаму – асобная размова. Тэлефанавала, плакала: пайшла нейкі дом абыходзіць – у якія дзверы не тэлефанавала – усе вельмі ветліва патрабуюць па $ 500 за подпіс».

Якая ж тактыка збору подпісаў больш эфектыўная?

«Ад дзвярэй да дзвярэй – гэта лом, які ляціць, яго вельмі цяжка спыніць. Але з іншага боку гэта вельмі дарагая тэхналогія. Наколькі я ведаю, ніхто з траіх апазіцыйных прэтэндэнтаў папросту не мае рэсурсаў», – заўважае паліттэхнолаг Юрый Варонежцаў.

Тым часам АБСЕ ўжо пачала прымаць заяўкі для ўдзелу ў назіральнай місіі на выбарах у Беларусі, якія адбудуцца 11 кастрычніка.

Настасся Храловіч

Стужка навінаў