Як кіраўніцтва ЕГУ збіраецца выводзіць універсітэт з крызісу?


Рэктар ЕГУ Дэйвід Полік сыходзіць у адстаўку. Адміністрацыя навучальнай установы падкрэслівае, што адстаўка прафесара Поліка – гэта не датэрміновы сыход з прычынаў скандальнага аўдыту, а заканчэнне двухгадовага кантракту.

Ці змена рэктара дапаможа беларускаму ўніверсітэту ў выгнанні, які не ў апошнюю чаргу праз асобу Дэйвіда Поліка афіцыйна пазбавіўся асноўных спонсараў?

Выглядае на тое, што сёлетняя імпрэза для Дэйвіда Поліка ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце будзе апошняй. Згодна з заяваю, размешчанаю на інтэрнэт-старонцы ЕГУ, напрыканцы лета рэктар пакіне сваю пасаду. Паводле Эн Лонсдэйл, старшыні Кіроўнай рады, ужо ў траўні Дэйвіду Поліку пачнуць шукаць замену. У верасні ж абяруць кандыдата-фіналіста. Уся працэдура міжнароднага конкурсу будзе праходзіць пад кантролем аднаго з донараў універсітэту – Шведскага агенцтва міжнароднага развіцця. Аднак паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі, прафесара і доктара навук Станіслава Шушкевіча, змена рэктара не палепшыць рэаліяў ЕГУ.

«Што мы маем, што хацелі мець, і што мы згубілі ў гэтым так званым Еўрапейскім гуманітарным універсітэце? Бо я там не заўважаю ні еўрапейскасці, ні дэмакратычнасці, ні Балонскага працэсу», – кажа Станіслаў Шушкевіч.

Заява пра адстаўку рэктара зʼявілася адразу пасля аўдыту працы ЕГУ, зробленага міжнароднай кампаніяй «Deloitte». Правяранне выявіла фінансавае злоўжыванне з боку рэктара.

Меў аўдытар і пытанні адносна абрання Дэйвіда Поліка на пасаду.

Аднак Эн Лонсдэйл, старшыня Кіроўнай рады ЕГУ, ад імя ўніверсітэту выказвае іншае меркаванне што да асобы Дэйвіда Поліка.

«Дзякуючы яго бліскучаму акадэмічнаму кіраванню і актыўнай падтрымцы з боку калегаў па ЕГУ мы набліжаемся да завяршэння стратэгічнага плану, які будзе завершаны да яго сыходу ўлетку 2016 г. Мы неверагодна ўдзячныя Дэйвіду за яго нястомную працу на карысць універсітэту», – заяўляе Эн Лонсдэйл.

Але застаецца факт: менавіта пасля справаздачы кансалтынгавай кампаніі «Deloitte» Паўночная рада адмовілася ад далейшага фінансавання ўніверсітэту. Адзін з асноўных донараў ЕГУ называе галоўнаю прычынаю пераразмеркаванне бюджэту ў сувязі з міграцыйным крызісам, аднак пры гэтым не хавае, што мае шмат прэтэнзіяў да кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Але выглядае на тое, што ЕГУ пакуль яшчэ мае сваіх прыхільнікаў.

«Мэты, да якіх імкнецца, і каштоўнасці, якія вызнае ўніверсітэт, застаюцца для нас вельмі важнымі ды блізкімі. І мы цвёрда пастанавілі працягваць падтрыманне ўніверсітэту», – адзначае віцэ-міністр замежных справаў Літвы Андрус Крывас.

Шэсць гадоў таму ў ЕГУ навучалася каля 2 тыс. студэнтаў, летась – удвая менш. І хаця кіраўніцтва ўстановы мяркуе, што змяншэнню колькасці спрыяюць дэмаграфічныя праблемы Беларусі, а не палітыка ЕГУ, сёлета ўсё ж маем пабачыць некалькі крокаў насустрач.

«Сёлета ЕГУ прапаноўвае бясплатныя месцы для беларусаў на ўсе праграмы навучання. І на бакалаўрыят, і на магістратуру. А таксама сёлета зніжаецца аплата для беларусаў з 2,5 тыс. еўраў да 2-х тыс. еўраў у год. І такім чынам мы прытрымліваемся таго, каб навучанне для беларусаў было яшчэ больш простым і дасяжным», – распавядае кіраўнік камунікацыяў і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.

Тыя ж, хто калісьці абраў для сябе ЕГУ, сёння, нягледзячы ні на што, задаволеныя.

На чэрвень запланавалі паседжанне Кіроўнай рады ЕГУ, на якім будуць вызначаць стратэгію на будучыя гады, а таксама развязваць праблемы фінансавання. А магчыма, і зробяць працу над памылкамі.

Юрый Салодкі

Стужка навінаў