Як кіраўнікі гаспадаркі ўцякалі ад камеры «Белсату»


Пытанні журналістаў прымусілі кіраўнікоў ТАА «Стрыгава» з Кобрыншчыны ўцякаць.

Скончыць рамонт меліся 1 сакавіка, але ў выніку нават амаль не пачыналі: 9 дошак на столі і пара рэек на вокны – вось і ўсё, што кіраўніцтва сельскай гаспадаркі «Стрыгава» зрабіла для шматдзетнай маці Нэлі Дзіткоўскай, якая працуе тут даяркай.

«Адна сценачка! Я не абагрэю адной сценачкай у мароз пакой», – кажа Нэля Дзяткоўская.

Драматычнасць жа сітуацыі ў тым, што пакуль умовы жытла жанчыны не палепшацца, служба апекі не верне ёй дзяцей, якіх адабрала ажно ў снежні. Калі адрамантуюць будынак па вуліцы Паўночнай у вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёну? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да кіраўніцтва сельскай гаспадаркі, але адказу не пачулі: намеснік дырэктара ТАА «Стрыгава»… збег ад «Белсату» (глядзіце відэа).

Нічога сэнсоўнага нашаму каналу не сказаў і кіраўнік гаспадаркі Ігар Масько, які зачыніўся ў сваім кабінеце.

Калі ж намаганні кіраўнікоў гаспадаркі, а з імі і чыноўнікаў, будуць такімі і надалей, то відавочна, што ні хаты, ні дзяцей Нэля ўвогуле можа не ўбачыць.

Зусім нядаўна жанчына даведалася, што старшыня сельсавету Іна Кузняцова ўводзіла яе ў зман, кажучы, што Нэля не мае права на пасведчанне шматдзетнай маці. Гэта б прыспешыла развязанне праблемаў сямʼі.

«Мне казалі, што я не магу прэтэндаваць на пасведчанне шматдзетнай маці, бо раней мяне пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Аказваецца, я магла мець такое пасведчанне, і тады б я стала ў чаргу на ільготную кватэру альбо атрымала б сродкі на рэканструкцыю свайго старога жытла», – распавядае Нэля Дзіткоўская.

У тое, што ўлады ёй дапамогуць, Нэля Дзіткоўская не верыць. Невялічкі рамонт у сваёй цяперашняй хаце яна зрабіла сама. Але ці хопіць жанчыне сілаў і сродкаў на тое, каб значна палепшыць жыллёвыя ўмовы? І ці дачакаецца яна сустрэчы з дзецьмі?

Глядзіце таксама:

Сяргей Пятрухін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары