Як каталікоў «пераводзілі» ў праваслаўе, а ад касцёла засталіся руіны і ключы


За сваю 400-гадовую гісторыю велічны барочны касцёл ў Вялікай Бераставіцы перажыў пажар, прымаў пад сваім дахам шпіталь ды пабыў праваслаўнаю царквою, а потым – ізноў стаўся касцёлам.

Усё пачалося з ксяндза-паўстанца

img_5293

Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі пабудавалі на сродкі магната Гераніма Хадкевіча каля 1620 года. У пачатку ліпеня 1862 году ксёндз Ігнацій Казлоўскі ўзначальвае рымска-каталіцкі прыход у Вялікай Бераставіцы. Малады і адукаваны, выхаваны ў патрыятычных традыцыях святар не змог застацца ў баку, калі ў Паўночна-Заходнім краі пачалі нарастаць пратэстныя настроі.

Ксёндз Казлоўскі, адразу пасля свайго прызначэння пачаў сябраваць з Кастусём Каліноўскім, стаў сябрам Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, а аднойчы яму нават прыйшлося ратаваць Каліноўскага. Архіўныя дакументы сведчаць аб тым, што ксёндз Ігнацій прыкрываў Каліноўскага падчас следства, якое было распачатае супраць раскідальніка «Брашур абуральнага ўтрымання пад загалоўкам Мужыцкай праўда…».

З пачаткам рашучых дзеянняў паўстанцаў увесну 1863 году на ксяндза часта стаў даносіць святар Ялаўскай царквы Катовіч. Дакументы Нацыянальнага Гістарычнага архіву Беларусі ў Горадні сведчаць: «ксёндз Казлоўскі абвінавачваецца за закліканне сялянаў, каб яны пры допытах не паказвалі адзін на аднаго…».

Ксяндза арыштавалі, следства працягвалася восем месяцаў.

Кропку ў гэтай справе паставіў генерал-губернатар Мураўёў: «Так як па дазнанню не выяўлена ніякіх доказаў, а таму згаджаюся з Заключэннем Вашым, аб вызваленні Ксяндза Казлоўскага ад усякай у гэтай справе адказнасці». Пасля свайго вызвалення ксёндз дзіўным чынам раптоўна падае прашэнне ў Віленскую епархію, каб пакінуць бераставіцкі прыход і перайсці ў праваслаўе, з мэтай пазбегнуць далейшых канфліктаў з мясцовымі ўладамі.

Перайдзі ў праваслаўе – пазбегнеш пераследу!

img_5218

Практыка пераходу з каталіцызму ў праваслаўе была вельмі распаўсюджана падчас і пасля паўстання. Такім чынам людзі пазбягалі крымінальнага пераследу. Беларускія і польскія гісторыкі даўно прыйшлі да высновы, што пасля здушэння паўстання больш за 80 тысяч асобаў на тэрыторыі Расейскай Імперыі перайшлі ў праваслаўе з каталіцтва, а каля 70 тысяч з іх прыходзілася на Віленскую, Гарадзенскую і Менскую губерні.

Разам з ксяндзом у праваслаўе загадам Мураўёва перавялі ўвесь касцёльны прыход, а гэта было больш за 200 асобаў. Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі з 1866 года стаў праваслаўнай царквою.Уладальнік Вялікай Бераставіцы Граф Касакоўскі прасіў гарадзенскага губернатара Івана Скварцова не зачыняць касцёл, але справа была марнаю…

Праз паўстагоддзя зноў касцёл, а пры Саветах – склад

img_5251У 1920 годзе, калі Вялікая Бераставіца была пад уладаю Польшчы, бажніцу зноў вяртаюць каталікам. На той момант у мястэчку функцыянаваў яшчэ адзін касцёл, які пабудавалі ў 1912 годзе на сродкі магнатаў Касакоўскіх. У старым барочным касцёле праводзілі набажэнствы толькі па вялікіх святах.

З прыходам Савецкай улады ўсё змянілася, мясцовыя жыхары, баючыся бальшавікоў, усё менш сталі наведваць касцёл, а святочныя набажэнствы перасталі праводзіцца ўвогуле. На пачатку 1960-х гадоў савецкае бераставіцкае чынавенства ужыла тагачаснае «ноў-хаў» – зачыніла касцёл ды пачало карыстацца будынкам у побытавых мэтах. Другі касцёл быў зроблены складам у 1965 годзе. Вынікі гэтай практыкі яскрава бачныя сёння – 400-гадовая барочная бажніцы пераўтварылася ў руіны.

img_5295

Уратаваць удалося толькі ключы ад касцёла, каталіцкая брошка ды ўбранне святара з паўлінамі колеру крыві. Гэтыя прадметы знайшлі сваё месца ў экспазыцыі мясцовага музею.


Глядзіце ўсе фота з Вялікай Бераставіцы:

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў