Як каралю Літвы ды гетману Украіны не ўдалося стаць валадарамі беларусаў

photo

Нямецкае войска ў Жупранах пад Ашмяною ў часы І сусветнай вайны. Тады на гэтыя землі прэтэндавала каралеўства Літва. Фота fotopolska.eu

Як жыхары беларускіх земляў ледзь не сталіся падданымі караля Літвы ды гетмана Украіны, разбіраўся Belsat.eu.

Кароль на 100 дзён

Падчас І сусветнай вайны на акупаваных нямецкімі войскамі літоўскіх землях шырыліся думкі пра стварэнне новай дзяржавы – Літвы. Улады Нямеччыны не мелі нічога супраць, бо меркавалі, што будуць цалкам кантраляваць новую краіну.

Герцаг Вільгэльм Карл фон Урах. Фота wikipedia.org
Герцаг Вільгэльм Карл фон Урах. Фота wikipedia.org

Выкарыстаўшы спрыяльныя ўмовы, мясцовы ўрад – Літоўская Тарыба – абвесціў у лютым 1918 года незалежнасць Літвы ды пастанавіў, што краіна будзе канстытуцыйнай манархіяй. На пасад запрасілі нямецкага герцага Вільгэльма фон Ураха, які пагадзіўся прыняць імя Міндоўга ІІ, пераехаць у Вільню ды вывучыць літоўскую мову. На выбар чальцоў Тарыбы паўплывала тое, што герцаг быў каталіком, а ягоная жонка, баварская прынцэса Амалія, паходзіла па мацярынскай лініі ад каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх Аўгуста ІІІ ды Станіслава Ляшчынскага.

Паводле Тарыбы, у склад каралеўства Літва мелі ўвайсці і тэрыторыі з пераважна беларускім насельніцтвам: ваколіцы Ашмяны, Горадні, Ваўкавыску, Дзятлава, Слоніму і гэтак далей. Праўда, калі б нехта сказаў тады вяскоўцам з-пад Слоніму ці Ашмяны, што яны могуць трапіць у падданства да Міндоўга ІІ, то тыя, пэўна, моцна б здзівіліся.

Герцаг Вільгэльм ужо выбіраў крой каранацыйнага строю ды пакаваў фамільныя каштоўнасці, якія меў забраць з сабою ў Літву. У Вільні рыхтавалі пакоі ды шукалі рэпетытараў, якія мелі выкладаць літоўскую мову і гісторыю каралеўскай сям’і. Аднак гэтак амбітныя планы не змаглі рэалізавацца: Нямеччына была катэгарычна супраць, каб каралём стаў не прадстаўнік кайзерскага роду Гагенцолернаў; у самой Тарыбе пачаліся спрэчкі, ці патрэбны Літве манарх; а яшчэ пазней Нямеччына пачала прайграваць у вайне і не мела часу на спрэчкі ў Літве.

Напачатку лістапада 1918 года Літва абвесціла сябе рэспублікай ды адклікала рашэнне запрасіць Вільгэльма фон Ураха на літоўскі пасад. Намінальна Міндоўг ІІ быў літоўскім каралём толькі каля 100 дзён, аднак каранацыі ніколі не адбылося, а сам Вільгэльм фон Урах ні разу не наведаў Літвы.

Герцаг Вільгэльм Карл фон Урах і ягоная сямʼя. Фота wikipedia.org

Герцаг, які з маладосці прысвяціў сябе вайсковай кар’еры, быў вельмі амбітным чалавекам ды вельмі марыў пра каралеўскую карону на галаве. Але ў выніку яго пачалі называць вялікім няўдахам, бо ён меў шанцы стаць манархам не толькі Літвы, але Албаніі, Латарынгіі ды Манака, але сесці на троне яму нідзе не ўдалося.

У 2012 годзе найбуйнейшае літоўскае манархічнае абʼяднанне «Каралеўскі дом Літвы», прызнала ўнука Міндоўга ІІ, Ініга фон Ураха, легітымным спадкаемцам літоўскага каралеўскага пасаду. Спадар Ініга, ведаючы пра мінулае свайго роду, вывучае літоўскую мову, робіць бізнес-інвестыцыі ў Літве ды спрыяе прасоўванню літоўскай культуры ў Нямеччыне.

Нашчадак Міндоўга ІІ – Ініга фон Урах у Вільні. Фота vilnews.com

Гетман, які змяняў свае погляды

Ва Украіне падчас нямецкай акупацыі ў І сусветную вайну больш за 7 месяцаў кіраваў не кароль, а гетман. Вясною 1918 года ў Кіеве на Усеўкраінскі зʼезд хлебаробаў прыехала каля 7 тысяч памешчыкаў і багатых сялянаў. Апіраючыся на падтрыманне Нямеччыны ды Аўстра-Венгрыі, дэлегаты абвесцілі гетманам Украіны Паўла Скарападскага, які паходзіў са старога роду запарожскіх гетманаў і паводле нараджэння меў тытул князя.

Гетман Павел Скарападскі. Фота wikipedia.org
Гетман Павел Скарападскі. Фота wikipedia.org

Гетман Скарападскі скасаваў Украінскую Народную Рэспубліку ды абвесціў Украінскую Дзяржаву, прыняўшы афіцыйны тытул: «Яго Светласць Яснавяльможны Пан Гетман усяе Украіны».

Хоць Украінская Дзяржава афіцыйна не была манархіяй, шмат што ў ёй нагадвала гэты дзяржаўны лад. Паўла Скарападскага нават ўрачыста мірапамазаў праваслаўны епіскап у Кіеве, што ў нечым нагадвала каранацыю. Скарападскі актыўна прыняўся пераўтвараць Украіну, арганізаваўшы Украінскую акадэмію навук, Нацыянальную бібліятэку, Дзяржаўны архіў ды Украінскі ўніверсітэт і гэтак далей.

Украінская Дзяржава часткай сваёй тэрыторыі лічыла беларускае Палессе ды намагалася ўвесці сваю адміністрацыю на Берасцейшчыне ды Гомельшчыне.

Гэтак Берасце абвяшчалася цэнтрам Холмскай губерні ва Украінскай Дзяржаве. Мазыр – цэнтрам Палескай акругі. Гомель уключылі ў склад Чарнігаўскай губерні. Улады Украінскай Дзяржавы прызнавалі, што на ўсходнім Палессі большасць складаюць беларусы, але прагнулі сабе гэтыя тэрыторыі «са стратэгічных інтарэсаў». Беларуская Народная Рэспубліка зусім не гадзілася, каб аддаваць Гомельшчыну ды Берасцейшчыну ўкраінскаму гетману. Два разы БНР высылала ў Кіеў перамоўнікаў, але палкія размовы заканчваліся нічым – Украінская Дзяржава не хацела саступаць.

У той час гетман Скарападскі зрабіў стаўку на старых імперскіх чыноўнікаў, якія трызнілі «царом-бацюшкам» і цяжка ўздыхалі, чуючы ўкраінскую мову ў афіцыйных установах. Гетман тым часам адмовіўся аддаваць панскую зямлю сялянам, праз што пазбавіўся папулярнасці.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Украінскай Дзяржавы. Фота wikipedia.org

Скарападскі, прадчуўшы паразу нямецкіх войскаў у вайне, змяніў свае незалежніцкія погляды ды абвесціў, што Украіна мае стаць часткай Расеі. Гэта яшчэ больш не спадабалася ўкраінцам. Праз некаторы час Скарападскі ўзяў ды ўцёк на Захад ад войска ўзноўленай Украінскай Народнай Рэспублікі. Гэта быў акурат такі час, калі ўцякаў шмат хто. Тады ж Рада БНР таксама з’ехала – з Менску ў Горадню – ратуючыся ад наступу бальшавікоў.

На эміграцыі Скарападскі зноў змяніў погляды і абвясціў сябе зацятым незалежнікам. Вакол гетмана згуртаваліся некаторыя прадстаўнікі ўкраінскай эміграцыі, якія марылі, каб ён зноў ачоліў адроджаную Украінскую Дзяржаву, што мела стаць спадчыннай манархіяй на чале з гетманам. Пасля смерці Паўла Скарападскага кандыдатам на ўкраінскі пасад стаў гетманіч Даніла Скарападскі.

Гетманіч Даніла Скарападскі сярод украінскай моладзі ў Нью-Ёрку ў 1953 годзе. Фота wikipedia.org

Шмат хто з украінскай эміграцыі чакаў, калі ж гетманіч ажэніцца, бо працяг гетманскага роду меў для іх вельмі важнае сімвалічнае значэнне. Але Даніла не спяшаўся заручыцца. Ужо ў сталым узросце, маючы 53 гады, Даніла Скарападскі прапанаваў руку Галіне Мельнік-Калужынскай, але да вяселля не дажыў, раптоўна памёршы праз 10 дзён пасля заручынаў. Хадзілі чуткі, што ягоная смерць – справа рук савецкага КДБ. Украінская эміграцыя была ў вялікай жалобе. Гетманіча хавалі пад украінскім нацыянальным сцягам і родавым гербам Скарападскіх.

Цяпер намінальнымі наступніцамі гетманскага пасаду Украіны, паводле гэтай лініі, зʼяўляюцца ўнучкі Паўла Скарападскага, нашчадкі ягонай дачкі Алены Отт-Скарападскай – Александра ды Ірэн. Жанчыны жывуць у Швейцарыі і, магчыма, нават не ведаюць, што пры нагодзе могуць прэтэндаваць на тое, каб узначаліць Украіну.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары