Як камуністы ўзарвалі сэрца гораду. У Горадні згадваюць Фару Вітаўта


«Адразу – агонь па колу. Касцёл прыпадняўся і пачаў павольна асядаць, складвацца ўнутр», – з успамінаў відавочцаў разбурэння Фары Вітаўта ў Горадні.

У Горадні адчынілася выстава, прысвечаная Фары Вітаўта. Гэта не адзіны касцёл і царква, што пацярпелі ад савецкай вайны з «опіумам для народа». Аднак гарадзенцы не перастаюць згадваць яго, нягледзячы на дзесяцігоддзі. Пра гарадзенскую Фару Вітаўта пісалася шмат. Сёлета выйшаў мультымедыйны дыск з гісторыяй і фотаздымкамі святыні. А цяпер у Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні адкрылася выстава цалкам прысвечаная Фары Вітаўта. «Яна заўсёды прысутнічала ў грамадскай свядомасці і зараз усё больш і больш у яе ўваходзіць», – лічыць адзін са стваральнікаў выставы, гісторык Андрэй Вашкевіч.

«Нашай ідэяй было паказаць Фару Вітаўта, як архітэктурны аб’ект у маштабе гораду. Мы адмыслова падабралі такія здымкі, дзе касцёл бачна на фоне будынкаў і з розных гарадскіх ракурсаў. Гэта даволі рэдкія здымкі, сабраныя з некалькіх калекцыяў, Фелікса Варашыльскага, Яна Лялевіча, Віктара Саяпіна, польскія крыніцы ды інш», – тлумачыць Андрэй Вашкевіч.

Адно з выданняў праграмы «Загадкі беларускай гісторыі» было прысвечанае Фары Вітаўта:

Як узрывалі Фару

У савецкія часы было знішчана больш за 70 тысяч бажніцаў ва ўсім СССР, у тым ліку ў Беларусі. У ноч з 28 на 29 лістапада 1961 чарговаю ахвяраю стаў гарадзенскі касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны, у народзе проста «Фара Вітаўта».

У 2002 годзе журналістка гарадзенскага выдання «Біржа інфармацыі» Наталля Макушына сабрала сведчанні ды ўспаміны пра тое, як знішчалі бажніцу. Тагачасны кіраўнік дружыны ДАІ Цыгельніцкаў згадвае: «Ніхто не ведаў у які бок рухне касцёл. Нават мясцовыя ваенныя сапёры не рызыкнулі ўзрываць будынак. Таму ўзрывала касцёл дзяўчынка-вундэркінд з Ленінграда. Яна адзіная ў Савецкім саюзе была такая – падрыўнік вышэйшага класу. Вельмі маленькая. Яна прыходзіла, сядала на кукішкі – у яе быў такі нататнічак малюсенькі – лічыла вугал бурэння і глыбіню шурфа. Яна разлічвала, давала кут прарабу. Той пачынаў бурыць шурф у зададзеным кірунку. І калі ўжо быў кірунак шурфа, тады працягвалі бурыць салдаты. Іх паклікалі на дапамогу, таму што сцены былі 4-5 метраў».

«Калі яна сказала, што ўсё ў парадку, яны выйшлі з прарабам на цэнтр Савецкай плошчы. Мы з Прасцяковым стаялі на ўваходзе ў скверык. На ўсялякі выпадак танкавыя шлемы нацягнулі, калі раптам цэгла якая. А яна з дзедам у адкрытую стаяла, без ніякіх шапак. Дзед крутануў машынку… Адразу – агонь па колу. Касцёл прыпадняўся і пачаў павольна асядаць, складвацца ўнутр. Настолькі яна дакладна разлічыла, што ён ні ў адзін з бакоў не падаў. Калі ўсё завяршылася, гэтае дзіця ўскочыла на шыю дзеду, і яны скакалі на плошчы…»

Як успамінаюць сведкі, на раніцу ўвесь цэнтр з блізкімі вуліцамі стаяў, ахутаны чырвоным пылам. Праз год на месцы разбуранай бажніцы зрабілі скверык, які аблюбавалі мясцовыя выпівохі.

Памяць забараніць не атрымалася

За сваю шматпакутную гісторыю бажніца неаднаразова гарэла і перабудоўвалася, была праваслаўным саборам, каталіцкім касцёлам, а ў часы нямецкай акупацыі складам вопраткі, сабранай у гарадзенскім гета.

Краязнаўца і гісторык Віктар Кірэеў таксама адзначае, што змянілася стаўленне цяперашніх уладаў да ўзарванай святыні. «Раней, калі надыходзіла 29-е лістапада, гэта быў памятны дзень. Звычайна розныя акцыі ладзіла апазіцыя, ставілі крыжы, якія потым кудысьці таямнічым чынам знікалі. Цяпер сітуацыя змянілася. Нават з дазволу ўладаў пастаўлены помнік на месцы знішчанай святыні. І я думаю, што людзі цяпер ва ўладзе не адчуваюць сябе нашчадкамі тых, хто ўзрываў. Нешта змянілася і там на версе ў тым ліку. Магчыма, калісьці гэтая святыня будзе адноўленая. Яе фундаменты засталіся».

«Фара Вітаўта – гэта сімвал цікавай, вельмі складанай, шматканфесійнай гісторыі нашай Беларусі. Мы павінны памятаць нашую гісторыю і нават тыя канфлікты паміж канфесіямі для таго, каб гэта ніколі не паўтарылася», – разважае Віктар Кірэеў.

Таксама 55 гадоў таму сербскі пісьменнік Іва Андрыч атрымаў нобэлеўскую прэмію за свой раман «Мост на Дрыні», у якім на прыкладзе аднаго моста паміж баснійцамі і сербамі пісьменнік адлюстраваў амаль усе складаныя і неадназначныя працэсы гісторыі Югаславіі. На прыкладзе нашага страчанага помніка архітэктуры можна як на далоні прасачыць гістарычныя працэсы, якія перажывала Беларусь у розныя часы.

Фара Вітаўта перажыла і Вітаўта, і смерць Стэфана Баторыя, была і праваслаўным саборам, і гарнізонным касцёлам. Падчас няспынных войнаў будынак даваў прытулак гарадзенцам, якія аказваліся пад пільным наглядам і ціскам розных уладаў. Яго муры зруйнаваныя, аднак магчыма Фара Вітаўта дачакаецца калі-небудзь свайго літаратурнага помніка?

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў