Як ГП выкрыла фальсіфікацыі «на карысць» АГП


Дэпутацкі мандат чальца АГП Ганны Канапцкай застаецца галоўнаю дылемай і лініяй падзелу ў шэрагах апазіцыі. Адныя кажуць: выбараў няма, але перамогаю трэба скарыстацца, іншыя лічаць гэта прынамсі неэтычным. Тое, што Канапацкую ў парламент не выбралі, а прызначылі, можа вынікаць са справаздачы назіральнікаў ад кампаніі «Гавары праўду!», прадстаўніца якой балатавалася на той жа акрузе, што і абраная кандыдатка.

«Я лічу, што Ганна правільна зрабіла, што ўзяла гэты мандат» – гэтак перамогу чальца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай на выбарчай акрузе № 97 пракаментавала ейная канкурэнтка ў дэпутацкай гонцы Таццяна Караткевіч. Аднак неўзабаве сябры кампаніі «Гавары праўду!» падалі Аб’яднанай грамадзянскай партыі вынікі сваіх назіранняў за хадою галасавання ў акрузе Караткевіч і Канапацкай. Агулам кампанія «Гавары праўду!» назірала за трыма акругамі краіны.

«Мы ў адрозненне ад іншых дэмакратычных арганізацыяў свае звесткі, вынікі назіранняў перадалі. Сёння я перадала Ганне, якая сказала, што будзе адстойваць справядлівасць у гэтых момантах. Таксама мы перадалі вынікі нашых назіранняў у Бабруйск, кандыдату ад БХД і ў Віцебск, кандыдату ад АГП», – паведаміла Таццяна Караткевіч у інтэрвʼю «Белсату».

Што ж да ўласна парушэнняў, у сталічнай акрузе № 97, паводле назіральнікаў «Гавары праўду!», былі ўкінутыя амаль 12 тысяч бюлетэняў. У выніку яўка з 40-ка адсоткаў (40,6 %) вырасла да амаль 60-ці (59,7 %).

Толькі на трох з 29-ці ўчасткаў назіральнікі маглі сачыць за падлікам галасоў, а 13 з іх увогуле камісіі пазбавілі акрэдытацыі. Вынік наступны: выбары на акрузе не адбыліся, а дэпутата прызначылі. Тым не менш ад напісання скаргаў у пракуратуру ці Цэнтрвыбаркам назіральнікі адмовіліся.

Датэрміновае галасаванне ў БНТУ

«Мы прынялі палітычнае рашэнне не абскарджваць вынікі выбараў у гэтай акрузе, бо мы дэмакратычная структура і мы не хочам прадпрымаць ніякіх дзеянняў супраць мандата дэмакратычнага кандыдата Ганны Канапацкай», – гэтак тлумачыць рашэнне Сяргей Вазняк, каардынатар назірання кампаніі «Гавары праўду!»

Пры гэтым як у «Гавары праўду!», гэтак і ў АГП мяркуюць, што галоўнае не тое, хто трапіў у парламент, а тое, што там з’явіцца альтэрнатыўнае меркаванне. Намеснік старшыні АГП Мікалай Казлоў лічыць, што дэпутацкі мандат – гэта козыр для апазіцыі, нягледзячы ні на што.

«Я лічу, мы павінныя гэтым скарыстацца, калі ўжо так атрымалася па нейкіх невядомых мне прычынах. Адзінае, што я магу сказаць, абсалютна дакладна, што ні Абʼяднаная Грамадзянская партыя, ні Ганна Канапацкая ні ў якую змову з уладаю не ўступала», – кажа палітык.

Самая дэпутатка ад АГП каментароў пра сцэнары ўлады і пра выбарчы фаталізм не дае. А з нядаўняга інтэрвю «Белсату» вынікае нават процілеглае: «калі нехта мае доказы таго, што дадзеныя выбары былі несправядлівымі і сфальсіфікаванымі, я ўжо маючы мандат і адпаведны статус, кажу пра тое, што прыходзьце, паказвайце, распавядайце. Карыстаючыся сваім мандатам, прыкладаючы ўсе намаганні, мы давядзем гэтую справу да суда» (інтэрвʼю «Белсату» 14 верасня 2016 г.).

Парадокс ў тым, што калі б суд у Беларусі быў сапраўды незалежным і, напрыклад, прызнаў рацыю за назіральнікамі з «Гавары праўду!», паводле якіх выбары на 97-ай акрузе не адбыліся, свой мандат дэпутатка Ганна Канапацкая мусіла б здаць у Цэнтрвыбаркам.

Алесь Яшчанка, belsat.eu

Стужка навінаў