Як Горадня баранілася ад бальшавікоў. Прэм'ера на «Белсаце»


«Вызвольны паход» Чырвонай арміі ў Горадні сустрэўся з супрацівам невялікага вайсковага гарнізону ды цывільнага насельніцтва. Горад спаткаў савецкія танкі не трыумфальнымі аркамі з кветак, а бутэлькамі з запальнаю сумессю.

У межах цыклу «Невядомая Беларусь» на «Белсаце» – фільм Робэрта Менкуса «Кроў на бруку. Горадня 1939 г.». Фільм можна будзе паглядзець у эфіры «Белсату» 10 студзеня а 20:20, а таксама ў гэты ж час – на сайце belsat.eu падчас інтэрнэт-трансляцыі. Стужка распавядае пра няроўнае змаганне паміж Чырвонай арміі і Войскам польскім.

Няроўным яно было не толькі з увагі на колькасную і тэхнічную перавагу бальшавіцкага войска. Рэгулярныя часткі Войска польскага былі кінутыя на захад дзеля барацьбы з немцамі. Горадню ж баранілі ў асноўным рэзервісты з мясцовага насельніцтва, у тым ліку беларусы, што дэ-факта з’яўляліся грамадзянамі Польшчы.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

«Там было вельмі шмат беларусаў. Палешукоў, як любяць казаць цяпер і як казалі ў той час, – гаворыць гісторык Ігар Мельнікаў. – Агулам у склад Войска польскага ўвайшло каля 70 тысячаў жыхароў Заходняй Беларусі. І ў асноўным гэта былі менавіта беларусы. Яны змагаліся вельмі мужна і не толькі пры абароне ад бальшавікоў Берасцейскай крэпасці, Кобрына і Горадні, але таксама падчас абароны Млавы (дывізія з Баранавічаў) ад немцаў. На паўвыспе Хэль былі беларусы, у складзе Пінскай флатыліі – таксама. Змагаліся добра і мужна – гэта падкрэслівалі не толькі польскія камандзіры, але і немцы».

Што да Горадні, то баі адбываліся 20-22 верасня 1939 г. Спачатку да гораду падышлі 60 савецкіх танкаў, потым падцягнулася пяхота і артылерыя. Пачаўся абстрэл. Потым у горад уварваліся стралкі, аднак нягледзячы на колькасную перавагу чырвонаармейцаў, першы націск удалося адбіць, было спалена некалькі савецкіх танкаў.

«Для нас, сучасных беларусаў, гэта мае быць адна з галоўных падзеяў вераснёўскай кампаніі. Гэта таксама з’яўляецца часткаю гісторыі Беларусі, немагчыма выкідаць яе. Гэта не толькі гісторыя Польшчы, але і нашая. Заходняя Беларусь – гэта нашая тэрыторыя і мы павінныя гэтую гісторыю ведаць», – падкрэслівае гісторык.

На наступны дзень абарону прарвалі, горад узялі пад поўны кантроль. 22 верасня апошнія абаронцы ўцякаюць з гораду, а савецкія камандзіры рапартуюць у Маскву аб «чарговым вызваленым горадзе». Саветы расстралялі 300 палонных, а потым зладзілі супольны савецка-нямецкі парад.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў