Менчукі, узяўшы стужку з арнаментам, спрабавалі размаўляць па-беларуску


Нягледзячы на перашкоды з боку міліцыі, 5 км стужкі з беларускім арнаментам раздалі актывісты падчас акцыі «Пазнач сябе беларусам». Так распачалася грамадская кампанія «Беларуская стужка».

Міліцыя паспрабавала сапсаваць свята беларускай стужкі

Ад 10-й гадзіны раніцы на офіс «Арт Сядзібы», якая і зарганізавала акцыю, прыходзілі валанцёры за сваёй «порцыяй» стужак. Раздавалі іх на стацыянарных і мабільных пунктах.

«Я далучылася да акцыі, таму што адчула пачуццё патрыятызму, і я хачу падзяліцца ім з іншымі» – распавяла студэнтка 1-га курса лінгвістычнага ўніверсітэту Вольга Віткоўская, якая будзе раздаваць стужкі ў сябе ва ўніверсітэце ў панядзелак.

Некаторыя з менчукоў, узяўшы стужку, спрабавалі размаўляць па-беларуску ды адзначалі, што іхныя дзеці цікавяцца беларушчынай

Алена, што прыйшла за стужкамі, зазначыла, што хоча такім чынам супрацьстаяць таму, што «у нас распаўсюджваецца сімволіка зусім не наша, не родная, а гэта будзе родны ўзор».

На мабільных кропках стужкі разыходзіліся вельмі хутка. Валанцёры зазначалі, што людзі ўспрымалі акцыю вельмі пазітыўна.

«Вось, менш чым за гадзіну амаль усе раздала, – кажа Ганна, што раздае стужкі каля Камароўскага рынку. – Усе вельмі добра ставяцца, бяруць стужкі, самі падыходзяць з усмешкай. Бывае, праўда, нехта і пужаецца – навошта мне гэта?».

У Ганны нечакана знайшліся і памочнікі – да дзяўчыны падбеглі два хлопчыка 7 і 11 гадоў – Вова і Яскер. Яны папрасілі даць ім па жменьцы стужак, і пайшлі раздаваць мінакам.

Яшчэ адна валанцёрка Марына напісала ў сябе ў «Фэйсбуку», што раздала стужкі менш чым за 40 хвілін: «Да мяне збегліся прадавачкі некаторых крамаў і просяць ім даць стужкі. Жанчыны гладзяць стужкі на далоні, сціскаюць у кулачок. Сыходзяць з настроем».

Сапсаваць настрой свята беларускай стужкі паспрабавала менская міліцыя, якая затрымала каля Камароўскага рынка дырэктара «Арт-Сядзібы», актывістаў і фатографа. Іх павезлі ў пастарунак нібы для праверкі дакументаў. На шчасце, маладых людзей хутка адпусцілі.

Раздача стужак з арнаментам працягнецца да 22 гадзіны. Месцы, у якіх можна ўзяць стужку і пазначыць сябе беларусам, пералічаныя на сайце «Арт-Сядзібы».

«Беларусам трэба нагадаць, што яны беларусы»

У панядзелак да акцыі далучыцца Горадня. Як распавёў мясцовы грамадскі актывіст Дзяніс Івашын, будуць працаваць дзве стацыянарныя кропкі, пра адрас якіх паведамяць пазней.

«Мы хочам падтрымаць акцыю, бо зараз гэта наша жыццёвая патрэба – заявіць на ўвесь свет, што мы – беларусы. Бо, калі не зрабіць гэтага, калі беларусы не зразумеюць, што яны – беларусы, а ніякія не рускія, нас можа напаткаць лёс Усходняй Украіны», – зазначыў Дзяніс.

Пра важнасць у тым ліку і вонкавых праяваў сваёй беларускасці сказаў і дырэктар «Арт Сядзібы» Павел Белавус, распавядаючы пра мэты акцыі: «Сёння ў Беларусі, на жаль, часта можна пачуць, як беларусы кажуць «вось, мы, расейцы». У нас распаўсюджваюць расейскія трыкалоры, георгіеўскія стужкі, якія да нас не маюць ніякага дачынення. Таму і прыйшлі да ідэі вось такой акцыі. Беларусам трэба нагадаць, што яны беларусы».

Будзе ў вас стужачка – будзе і шчасце

Павел Белавус распавёў, што для акцыі быў распрацаваны адмысловы дызайн стужкі. Але потым ён быў заменены на той, што прапанавала фабрыка «Лента».

«Нам вельмі спадабаўся іхны ўзор, – кажа спадар Павел. – Тут арнамент складаецца з трох сімвалаў – сімвал чалавека з абодвух бакоў, а пасярэдзіне – так званы вужык. У беларусаў традыцыйна лічылася, што калі жыве вуж у хаце, то гэта да дабрабыту і шчасця ў сям’і. Гэта вельмі пазітыўны сімвал. Таму калі ў вас ёсць гэтая стужачка, у вас ёсць свой вужык, які абараняе і прыносіць шчасце і дабрабыт».

Першая акцыя «Пазнач сябе беларусам» была прымеркаваная да «Дня беларускай вышыванкі», што пройдзе 13 снежня. Арганізатары абяцаюць, што акцыі будуць працягвацца.

Акрамя гэтага, абвешчаны конкурс фотаздымкаў з беларускімі стужачкамі.

«Атрымаўшы стужку, абавязкова запосціце свой фотаздымак са стужачкай у сацыяльныя сеткі з гэштэгам #беларускаястужка ці дадайце ў альбом акцыі ва «УКантакце». Лепшыя фотаздымкі трапяць на сайт «Арт Сядзібы» і ў іншыя СМІ, а аўтары атрымаюць прыемныя падарункі» – гаворыцца пра конкурс на сайце «Арт-Сядзібы».

Данута Бароўская, belsat.eu

Стужка навінаў