Як Генадзь Давыдзька ў Пінску станчыў псіхадэнс (coub)


Старшыня Белтэлерадыёкампаніі выступіў перад работнікамі прадпрыемства, настаўнікамі пінскай музычнай школы, ідэолагамі і прадстаўнікамі ветэранскіх арганізацый гораду, якія сабраліся ў актавай зале ААТ «Заводу штучных скураў».

Давыдзька распавёў пра структуру сваёй арганізацыі ды паведаміў, што на БТ запускаецца інтэрактыўнае тэлебачанне, на якое любы ахвотны можа даслаць сваё відэа, напрыклад, пра тое, як расце гарбуз у гародзе або ладзіцца аматарскі канцэрт.

Настаўніца пінскай музычнай школы спытала ў чыноўніка, чаму ў Беларусі нізкая музычная культура, на што Генадзь Давыдзька адказаў, што ўся справа ў сям’і і нечакана спеў і станчыў імправізаваны псіхадэнс, які пачуў ці тое ў гандлёвым цэнтры, ці тое ў рэстаране.

А вось на пытанне аб несправядлівым пенсійным забеспячэнні грамадзянаў спадар Давыдзька адказаць не змог, аднак паабяцаў узяць яго на кантроль.

Варта адзначыць, што апошнім часам у Пінск часцяком сталі наведвацца чыноўнікі вышэйшага рангу. Толькі ў жніўні-верасні ў сталіцы Палесся пабывалі прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, міністр культуры Барыс Святлоў і міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Марыяна Шчоткіна. Менскія госці сустракаюцца з кіраўніцтвам гораду і наведваюць дэпрэсіўныя прадпрыемствы, распавядаюць пра стабільнасці і ўпэўніваюць грамадзянаў, што эканамічны стан у краіне хутка палепшыцца.

ВМ для belsat.eu, відэа тэлекампанія «Варяг»

Стужка навінаў