Як галоўную дарогу ў вёсцы Пяцілетка будаўнікі пераўтварылі ў паласу перашкодаў

video

https://www.youtube.com/watch?v=BgoMk0e-nk0&feature=youtu.be

Жыццё пад крылом самалёта: вёска Пяцілетка месціцца за 2,5 км ад Нацыянальнага аэрапорту, і, калі раней рэйсаў было няшмат, такое суседства жыхарам не перашкаджала. Цяпер самалётаў паболела, а разам з тым будуюць другую лётную паласу і лагістычны цэнтр, будаўнічыя машыны ператварылі галоўную дарогу вёскі ў прысыпаную снегам паласу перашкодаў.

Праект забудовы стварылі яшчэ ў 2012-ым годзе на загад Лукашэнкі. На адведзеных 2 тысячах гектараў плануюць пабудаваць не толькі новую паласу, але і лагістычны цэнтр, гатэль, паркінг. Таксама сюды перанясуць авіярамонтны завод.

Вялікую будоўля ўжо пачалі, толькі зрабіць дарогу для будаўнічых машынаў не паспелі – таму грузавыя «МАЗы» ездзяць наўпрост вуліцамі вёскі Пяцілетка. Абмежавальныя знакі ДАІ паставіла толькі пасля пікету мясцовых жыхароў.

Што праўда, гэта не надта дапамагло.

«Машыны як ездзілі, так і ездзяць. Прыпыняеш яго, разварочваеш, хтосьці паслухаўся, хтосьці не, адзін увогуле ледзь не наехаў», – адзначыў жыхар вёскі Пяцілетка спадар Пётр.

Але большыя праблемы яшчэ наперадзе, упэўненыя жыхары. Ураган сёлета ў ліпені амаль цалкам знішчыў лес, які быў натуральнаю сцяною паміж вёскаю ды лётнішчам. Праз гэта ўжо цяпер мясцовыя пакутуюць ад шуму. Са з’яўленнем другое паласы колькасць рэйсаў і ўзровень шуму, адпаведна, толькі павялічыцца. Маюць пытанні людзі і да агульнай экалагічнае сітуацыі раёну, якая, імаверна, моцна пагоршыцца.

Жыхары вёскі Пяцілетка падкрэсліваюць:

«Лес зрэзалі, і калі авіяцыя выконвае палёты над тэрыторыяй, асабліва на малой вышыні, газа ўся не згарае, рэшткі паліва, як з пульверызатара, – і гэта ўплывае на тое, што тут у людзей расло».

«Адно што гул вельмі вялікі, другое што – ляціць гэта ўсё з самалётаў на зямлю на нашу».

Гэтыя ды іншыя пытанні жыхарамі Пяцілеткі ўздымаліся на грамадскіх абмеркаваннях яшчэ год таму. Аднак замест канструктыўных прапановаў – як развязаць актуальныя праблемы, мясцовыя чыноўнікі перакіравалі іх з усімі пытаннямі ў Менскі гарвыканкам.

«Адразу казалі – памяняем дахі, можа – вокны, а пасля сказалі, гэта слуханне, а не сход, ніхто гэтыя вашыя пытанні на дадзены момант вырашаць не будзе. Усё, пасадзілі ў аўтобус, па дамах развезлі нас», – адзначыла жыхарка Пяцілеткі спадарыня Зінаіда.

На мінулым жа тыдні жыхароў Пяцілеткі запрасілі на прэзентацыю праекту забудовы. Але зноў адказу на пытанне – што будзе з вёскаю – людзі не пачулі ні ад праектантаў, ні ад мясцовых уладаў.

«Што датычыць будаўніцтва другой лётнай паласы, то гэта не адносіцца да кампетэнцыі Сельскага савету, гэта – кампетэнцыя забудоўнікаў, планіроўшчыкаў, усіх гэтых службаў», – падкрэсліў старшыня Пекалінскага сельсавету Юрый Навуменка.

Цяпер жыхары плануюць замовіць экалагічную экспертызу, каб ведаць, ці могуць яны прэтэндаваць на перасяленне. Мы будзем сачыць за развіццём сітуацыі.

НХ, Менск, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары