Як Еўразійскі саюз разбурае прыбытковыя беларускія прадпрыемствы

video

Прыбытковае прадпрыемства, субсідыяў ад дзяржавы не атрымлівае, рахункі аплочвае своечасова. Але раптам заводу «Беліт», што ў Пастаўскім раёне, пагражае закрыццё, калектыў можа апынуцца на вуліцы. Арганізацыя сталася закладнікам новага пагаднення ў Еўразійскім саюзе і павышэння мытных коштаў.

Прыстасоўваліся як маглі

Пастаўскі завод «Беліт» выжываў з часоў развалу Савецкага Саюзу. Заснаваны ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя як спадарожнік літоўскага электрапрамысловага прадпрыемства – адкуль і назва, на пачатку завод выпускаў побытавыя электрычныя прылады. Але не вытрымаў канкурэнцыі з імпартам. Тады яго кіраўніцтва ўбачыла шанец у будаўнічым буме і перапрафіляваліся ў вытворцу бетонных і металічных канструкцыяў. Затым – знайшлі ўвогуле нечаканую нішу – пачалі вырабляць сурвэткі са старой вопраткі для станкоў.

«Вялікае было прадпрыемства, каля дзвюх тысяч чалавек. Раней нават былі філіялы – у Лындупах, былі і ў Ваўкавыску», – узгадвае Міхал Віль, былы працаўнік «Беліту».

Рэдкая рыба ў моры беларускай эканоміцы

Прадпрыемства, на якім цяпер працуе 260 чалавек, – адно з нешматлікіх у дзяржсектары, якое працуе з прыбыткам, цалкам аплочвае свае рахункі дастаўцам ды энергетыкам, не мае пазыкаў ані перад банкамі, ані перад бюджэтам. Таму папярэджанне дырэкцыі аб тым, што з Новага года завод можа спыніць сваю дзейнасць і распусціць калектыў, стала для яго працаўнікоў громам сярод яснага неба.

«Вельмі напружаная сітуацыя на заводзе «Беліт», дзе працуе, у Паставах, амаль 300 працоўных. І, як вядома, вельмі напружаная ў нас абстаноўка, каб уладкавацца на працу. Таму людзей фактычна выкінуць на двор», – сведчыць актывістка свабоднага прафсаюзу РЭП Людміла Барэйка.

У чым вінаваты ЕўрАзЭС?

З новага года кошт сыравіны для заводу павялічыцца ў два з паловай разу – з прычыны ўвядзення на яе ўвознага мыта памерам 165 %. Гэтае мыта дзее і цяпер, але на Пастаўскі «Беліту» не распаўсюджваецца, бо ён – рэзідэнт гэтак званай Віцебскай свабоднай эканамічнай зоны і карыстаецца істотнымі падатковымі ільготамі. Але з наступнага года, паводле пагаднення аб Еўразійскім саюзе, усе гэтыя паслабленні маюць адмяніць.

«Улічваючы, што прадукцыя, вырабленая ў адной краіне ЕАЭС, свабодна трапляе ў іншыя, каб ні ў каго не было прывілеяў. То бок гэта адметнасць не адной Беларусі, ліквідуюцца свабодныя эканамічныя зоны на ўсёй тэрыторыі ЕАЭС», – тлумачыць аналітык Вадзім Іосуб.

«Беліт» – першы з шматлікіх

У Беларусі 6 свабодных эканамічных зонаў – па адной у кожнай вобласці. Агулам у іх працуюць больш за чатыры сотні арганізацыяў і 124 тысячы чалавек. Налета шмат хто з іх рызыкуе страціць рэнтабельнасць ці развітацца з планамі пашырэння вытворчасці. Што праўда, на мінулым тыдні дырэктар Беліта абнадзеіў свой калектыў паведамленнем, што іхнае пытанне развяжуць на найвышэйшым узроўні.

Пытанне аб свабодных эканамічных зонах сёлета стала адным з яблыкаў разладу паміж краінамі ЕАЭС. У тым ліку з прычыны гэтага на паседжанні ў Менску раней у гэтым месяцы прэм’еры Беларусі, Расеі, Казахстану, Кыргызстану ды Арменіі не здолелі прыняць новы Мытны кодэкс. Лёс «Беліту» ды іншых чальцоў беларускіх эканамічных зонаў будзе вырашацца ў найбліжэйшыя тыдні на міжурадавым паседжанні ў Маскве.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Глядзі таксама
Каментары