Як энтузіясты развіваюць у Менску бясплатны роварны пракат


Актывісты хочуць вырашыць транспартныя праблемы сталіцы з дапамогай велапракату.

Ровар за «дзякуй» – у Менску запрацаваў бясплатны велапракат. Для таго, каб узяць ровар, спатрэбіцца толькі пашпарт і некалькі хвілінаў для рэгістрацыі на сайце dobrovar.by.

Пасля рэгістрацыі адкрываецца каталог з роварамі. Абіраем вольны – і паехалі. Цяпер ровар ваш на наступныя 12 гадзінаў.

Пасля ровар трэба вярнуць на адмысловую паркоўку – спіс можна паглядзець на сайце. Дабрачынны праект працуе ўжо другі год, ровары для яго збіралі ўсім светам – людзі прыносілі старыя «Буслы» і «горнікі» з лецішчаў, замкі ды дэталі, а валанцёры чынілі і фарбавалі іх. Цяпер у арсенале пракату – 20 ровараў, і кожны мае сваё імя.

«Мы хочам бачыць, што ровар ‒ гэта транспарт, хочам бачыць горад больш экалагічным, хочам вырашыць транспартныя праблемы», – кажа стваральник праекту Кірыл Кудравец.

На кожным ровары стаіць замок, пароль ад якога можна даведацца толькі пасля рэгістрацыі на сайце, але такія захады бяспекі, на жаль, не заўсёды дзейсныя: летась нехта скраў 6 «добрых» ровараў. Сумленныя менчукі, даведаўшыся пра гэта, дапамаглі знайсці тры з іх.

Ровар пакуль не стаў транспартавым сродкам для менчукоў – за апошнія гады ў сталіцы паболела парковак і веласцяжынаў, але ёсць яны не паўсюль, таму бітва раварыстаў з пешаходамі за ходнік працягваецца.

«Мы кажам, што раварыст сам павінны вырашаць, дзе яму ехаць: па ходніку ці па праезджай частцы, і трэба Правілы дарожнага руху пераглядаць і дазваляць раварыстам рухацца па праезджай частцы, каб тыя, хто хочуць рухацца хутка, хто на электрычным ровары, каб яны ўжо там рухаліся», – кажа старшыня Менскага роварнага таварыства Павел Гарбуноў.

На думку экспертаў, Менск мае ўсё для таго, каб стаць другім Капенгагенам: тут ёсць шырокія вуліцы і няма крутых горак, а бясплатны пракат заахвочвае жыхароў ездзіць часцей.

Настасся Храловіч

Стужка навінаў