Як дыскрымінуюць беларускіх жанчынаў

video

https://www.youtube.com/watch?v=WOWgz3X0M5M

Яны і ў прэзідэнты ідуць, і ў небе лётаюць. Беларускія жанчыны – амаль роўныя ў правах з мужчынамі, цвердзяць сусветныя рэйтынгі. Гэтак, сёння Беларусь займае 34 месца з 145 краінаў свету паводле індэксу гендарнага разрыву ў рэйтынгу, які складае Сусветны эканамічны форум. Але ці лёгка ад гэтага самым жанчынам?

«Ім цяжка, вельмі цяжка. Сёння сталыя жанчыны не разумеюць, навошта яны так цяжка працавалі. Бо цяпер яны не маюць магчымасці пра сябе паклапаціцца, пра сваю сям’ю. Для маладых жанчын няма месца працы, асабліва ў рэгіёнах», – зазначае Таццяна Караткевіч, першая жанчына-кандыдат на прэзідэнцтва.

Сёння ўзровень занятасці сярод цудоўнай паловы насельніцтва – каля 65 %, а ва ўзросце ад 20 да 44 гадоў – нават 88. Але ўсё роўна ў гэтым пытанні перавагу маюць мужчыны. Ірына Саламаціна, якая даследуе гендарныя праблемы ў грамадстве, зазначае, што, напрыклад, выпускніцам такой папулярнай спецыяльнасці, як міжнародныя адносіны БДУ, нават з веданнем некалькіх моваў, сёння не проста ўладкавацца на працу.

«Не важна, што жанчыны больш паспяхова скончваюць гэтую ВНУ. Тым не менш, працадаўцы кажуць: не важна, хай ён не ведае пяці моваў, хай ведае хоць якую, але хай будзе мужчына. І тады паўстае пытанне: калі працадаўцы гэтак арыентуюцца, то, напэўна, нешта не тое з гендарнаю роўнасцю», – распавядае Ірына Саламаціна, лабараторыя гендарных даследаванняў «Eclab».

На думку адмыслоўцы, выбар на карысць мужчынаў пры прыняцці на працу пасля выпуску з навучальнай установы паўстае яшчэ з той прычыны, што ўчорашняя студэнтка для працадаўцаў – заўсёды патэнцыйна цяжарная.

«Потым зразумелая логіка працадаўцаў, якія не хочуць браць жанчыну з дзіцём пасля 25, бо дзіцё будзе часта хварэць. Потым, пасля 45, жанчына нібыта паводле логікі ўжо падыходзіць да пенсійнага ўзросту. Тады ў мяне пытанне: што рабіць жанчынам, якія ведаюць па пяць моваў і скончылі міжнародныя адносіны? Калі ім рабіць кар’еру?», – дадае Ірына Саламаціна.

Да гэтай праблемы дадаецца і яшчэ адная – няроўнасць у заробках. Гэтак, сярэдні заробак беларускіх жанчын, згодна з афіцыйнымі звесткамі, на чвэрць меншы, чым у мужчынаў. У краінах Еўразвязу гэтая розніца складае 17 %. Але так ці інакш беларускія жанчыны ўмеюць зарабляць. Гэтак, у спіс з двухсот самых уплывовых бізнесоўцаў Беларусі за 2016 год, які склаў партал «Ежедневнік», уваходзяць і сем жанчын.

«Калі жанчына займаецца бізнесам, у Беларусі ці ў іншай краіне, – гэта дае ёй больш свабоды. І таму я ў гэты цудоўны вясновы дзень жадаю кожнай жанчыне ўсё ж сябе паспрабаваць», – мяркуе Ганна Кулакова, уладальніца брэнду «Krasa»

Сёння ў Беларусі застаецца 182 прафесіі, якімі жанчыны не могуць займацца, – у першую чаргу праз іхную цяжкасць і небяспеку для жаночага здароўя. Напрыклад, беларускія жанчыны не могуць працаваць вадалазамі ці ратавальнікамі. Але з кожным годам спіс такіх прафесіяў скарачаецца – яшчэ два гады таму гэткіх небяспечных для жанчын спецыяльнасцяў у Беларусі было дзве з паловаю сотні.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары