«Раўнапраўны ўдзел немагчымы»: Таварыства аховы помнікаў пра конкурс на праект мемарыялу ў Курапатах


Беларуская добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася з лістом да ўладаў краіны з заклікам адмяніць дакументы, згодна з якімі зараз абвешчаны конкурс на мемарыял ахвярам камуністычных рэпрэсіяў у Курапатах.

Пра гэта паведаміў у сваім «Facebookʼу» кіраўнік арганізацыі Антон Астаповіч

Таварыства падтрымала ідэю распрацоўкі праекту мемарыялізацыі Курапатаў, аднак адзначыла, што прынятыя Міністэрствам культуры дакументы – загад ад 23 сакавіка 2017 г. № 69 і Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў памятнага знака «Курапаты» – ствараюць для ўдзельнікаў няроўныя і непразрыстыя ўмовы.

«Немагчымы раўнапраўны ўдзел не толькі спецыялістаў архітэктурнай секцыі (Таварыства), але і шэрагу іншых творчых асобаў і калектываў», – гаворыцца ў лісце да прэзідэнта, старшыні Рады міністраў і міністра культуры.

Асноўная прычына – праект павінен быць прадстаўлены на тапаграфічным плане маштабам 1:500, у той час, калі гэтая геападаснова (тапаграфічны план) патэнцыйным удзельнікам конкурсу арганізатарамі, Міністэрствам культуры, не прадстаўляецца.

«Для даведкі, дадзены тапаграфічны матэрыял згодна дзеючага заканадаўства з’яўляецца дакументам для службовага выкарыстання, што аўтаматычна закрывае ўдзел для творцаў і творчых калектываў, якія не маюць магчымасці гэтыя матэрыялы атрымаць», – адзначаецца ў лісце за подпісам Антон Астаповіч, які таксама зʼяўляецца сябрам Рэспубліканскага грамадскага савету па справах культуры і мастацтва пры Саўміне.

Акрамя таго не абнародаваны склад конкурснага журы, «хаця папярэдне дэкларавалася аб шырокім удзеле грамадства ў абмеркаванні мастацкай і архітэктурнай канцэпцыі мемарыяла».

Таварыства заклікае ўлады выправіць гэтыя хібы, прадугледзіць форму ўдзелу ў працы журы прадстаўнікоў Грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, іншых прадстаўнікоў профільных грамадскіх абʼяднанняў, і абвесціць конкурс паўторна з новымі тэрмінамі.

Ва ўрочышчы Курапаты на поўначы Менску ў 1930-я гады савецкія спецслужбы знішчылі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, сведчаць працы гісторыкаў і следства, якое праведзенае беларускай пракуратурай. Археолагі правялі вывучэнне толькі некалькіх масавых магілаў у Курапатах.

Раней беларуская благасфера ўжо звяртала ўвагі на хібы ўмоваў конкурсу па стварэнні мемарыяла – найперш, на кароткі тэрмін прадстаўлення конкурсных прац, а таксама на пункты 1 і 6 «Палажэння», згодна з якімі мемарыял прысвечаны не ахвярам савецкага тэрору, а «усім бязвінна загінулым ахвярам 20 ст», і павінен адлюстроўваюць нейкую ідэю «прымірэння».

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў