Як БГК стартаваў у гандбольнай Лізе чэмпіёнаў. Рэпартаж «Белсату»


Берасцейскі клуб імя Мяшкова правёў свой першы двубой групавога этапу ў самым галоўным клубным турніры Старога свету. Адпаведна лёсаванню адкрывалі праграму ў гэтым разыгранні мяшкоўцы на хатняй пляцоўцы, а ў супернікі ім дастаўся адразу наймацнейшы клуб у выглядзе польскага «Вівэ», якому з абʼектыўных прычынаў дружына Бябешкі саступіла 24:29.

«Мяшкоўцы» з першых хвілінаў спрабавалі нарасціць тэмп гульні, здолелі павесці ў ліку. Аднак ужо бліжэй да 10-й хвіліны гаспадары зарабілі адразу два выдаленні, што дазволіла гасцям займець даволі салідны задзел. «Мяшкоўцы» не апусцілі рук, і нават здолелі дадаць у хуткасці, а галоўнае – у дакладнасці на апошнім рубяжы атак. Як вынік – на перапынак каманды пайшлі з лікам 14:11 на карысць гаспадароў. Другая частка чамусьці пайшла ўжо паводле зусім іншага сцэнара. Імпэт і запал у «мяшкоўцаў» спаў, чаго не скажаш пра дзейнага пераможцу гэтага турніру. Галкіпер «Вівэ» Філіп І́віч злавіў кураж, і, здавалася, адбіваў усе, што ляцела ў ягоную браму. На канцоўку нашых не хапіла – перамога палякаў 29:24.

«Хацеў бы павіншаваць сваю каманду з перамогай. Думаю, што ў другім тайме мы вельмі добра гулялі», – заявіў галоўны трэнер «Вівэ» Талант Дуйшэбаеў.

А вось што сказаў галоўны трэнер БГК Сяргей Бябешка:

«Гуляць супраць такіх каманд як Кельцэ, якая на сённяшні дзень, на мой погляд, мацнейшая ў Еўропе, вельмі складана пры такой колькасці памылак».

Пракаментаваць гульню мы таксама папрасілі і берасцейскіх заўзятараў:

Наступны двубой у Лізе чэмпіёнаў БГК правядзе на выездзе 1 кастрычніка супраць македонскага «Вардара». Таксама сёлета ў суперніках дружыны Бябешкі па групавым этапе значацца: нямецкі «Райн» з Лёвэну, харвацкі «Загрэб», «Пік» з Вугоршчыны, славенкі «Цэле» і шведскі «Крыстыянстад».

Дзмітрый Сухановіч, НМ, belsat.eu

Стужка навінаў