Як берасцейскія ўлады сцежкі малююць


Замест таго, каб пабудаваць роварныя сцежкі ўлады Берасця іх намалявалі, накрэсліўшы дзве лініі на тратуары. Такім чынам паўстала каля пяці кіламетраў дарогі для ровараў на вуліцы Маскоўская.

На такім шляху раварыстаў чакае шмат сюрпрызаў – лаўкі, сметніцы, слупы, яміны. Пры гэтым рухацца можна максімум у адзін бок, у процілеглых напрамках раварысты ніяк не раз’едуцца.

Але галоўная праблема – пешаходы, якія так і не зразумелі, што ў іх забралі палову ходнікаў. І яны працягваюць рухацца там, дзе па версіі берасцейскіх уладаў зараз маюць ездзіць ровары, што стварае небяспеку для жыцця і здароў’я.

Каб высветліць якая арганізацыя зрабіла такія небяспечныя сцежкі, belsat.eu давялося зрабіць з дзясятак тэлефонных званкоў. Берасцейскі гарвыканкам не дае інфармацыі неакрэдытаваным СМІ. Будаўнічыя арганізацыі адна за адной адхрышчваліся ад будаўніцтва такой дарожкі.

Патэлефанавалі ў прэс-службу абласнога ДАІ. «З намі мусяць узгадняць падобныя аб’екты, але з намі ніхто нічога не ўзгадніў, так што вы не па адрасе», – заявілі там.

Бліжэй вечару ўсё ж удалося выйсці на след выканаўцы – Рэспубліканскага ўнітарнага мантажнага-эксплуатацыйнага прадпрыемства «СМЭП ДАІ» кіравання ўнутраных спраў берасцейскага аблвыканкаму. Там пацвердзілі, што гэта іх арганізацыя рабіла сцежку і разметку на ёй, і што ўсё зроблена ў адпаведнасці з прынятымі нарматывамі. На іншыя пытанні ў арганізацыі адказваць адмовіліся – сакрэтам аказалася нават даўжыня і шырыня пабудаванай сцежкі.

А ў нас пытанні засталіся: чаму замест рэальнага будаўніцтва інфраструктуры ўлады займаюцца адкрытай прафанацыяй? Колькі грошай падаткаплацельшчыкаў было выдаткавана на псеўдароварную сцежку? І ці нехта за гэта адкажа?

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава, belsat.eu

Стужка навінаў