Нацыянальныя асаблівасці самагубстваў: як беларусы забіваюць сябе (статыстыка за апошнія 30 год)


«Белсат» знайшоў навуковыя звесткі пра «нацыянальны» спосаб самагубства і падрабязны аналіз перадсмяротных запісак тых, хто адабраў сабе жыццё.

Шчаслівыя 1980-я

Афіцыйная статыстыка за апошнія гады сведчыць пра зніжэнне колькасці суіцыдаў у Беларусі. Гэта можа сведчыць пра тое, што беларусы адаптаваліся да фінансавых крызісаў. Або пра заніжэнне лічбаў: гэта магло стаць вынікам устаноўкі, «спушчанай» медыкам у 2009 годзе, якую журналісты хутка ахрысцілі «планам па самагубствах». Медыкам забаранілі «завышаць» у справаздачах колькасць самагубстваў і парасамагубстваў (няўдалых спробаў забіць сябе), пагражаючы забраць прэміі.

Нягледзячы на станоўчыя лічбы ў свежай статыстыцы, Беларусь гэтак і не здолела перакрочыць небяспечнага паводле міжнародных нормаў паказніка: больш за 20 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва ў год. Небяспечная тэндэнцыя захоўваецца ўжо цягам амаль 25 (!) гадоў. За ўвесь гэты час максімальная колькасць суіцыдаў здарылася ў 1996 годзе (35,3 на 100 тыс. насельніцтва).

Трэба ўлічваць, што на апошні крок з прычыны нейкіх узрушэнняў у грамадстве людзі вырашаюцца не адразу, а праз некаторы час, калі пачынаюць выразна адчуваць уплыў гэтых падзеяў на ўласнае жыццё. Напрыклад, ўсплёск суіцыдаў, выкліканых банкруцтвам у выніку расейскага дэфолту 1998 года ў краінах СНД адбыўся не адразу пасля яго, а з «адтэрміноўкаю» на год. Са статыстыкі вынікае, што самым шчаслівым для беларусаў перыядам была другая палова 1980-х (мінімальны паказнік зарэгістраваны ў 1988 годзе: 18,5 на 100 тыс. насельніцтва).

Самы «эфектыўны» спосаб…

Беларуская псіхіятр і аўтарка навуковых публікацыяў Вольга Паравая піша, што на спосаб самазабойства ўплывае культурная спецыфіка. Напрыклад, у ЗША найчасцей выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю, паколькі яе лёгка набыць легальна і смерць ад стрэлу наступае хутка. У Беларусі самы распаўсюджаны спосаб – павешанне. Гэта можна патлумачыць даступнасцю і высокай «эфектыўнасцю»: большасць спробаў заканчваецца трагічна.

Такім чынам, 91 % усіх суіцыдаў у Беларусі адбываецца праз павешанне, далей з ідуць атручванні (2,3 %), калечанне рэжучымі і колючымі прадметамі (2,2 %), агнястрэльныя раненні (1,7 %), падзенні з вышыні (1,6 %), утапленні (0,8 %), самаспальванні (0,3 %) і іншыя сродкі, напрыклад скачок пад транспарт (0,2 %). Гэта найбольш поўная статыстыка наконт спосабаў суіцыду, якую можна знайсці ў адкрытым доступе, яна датуецца 2009 годам.

Найчасцей забіваюць сябе міліцыянты?

Напрыканцы сакавіка Гарадзеншчыну ды і ўсю Беларусь ускалыхнуў выпадак, калі малады міліцыянт застрэліўся на вачах у начальства. (Дарэчы, перадсмяротную запіску засакрэцілі). Нягледзячы на тое, што статыстыка суіцыдаў у сілавых ведамствах засакрэчаная, інфармацыя пра самазабойствы людзей у пагонах трапляюць у СМІ даволі часта. Самым трагічным для МУС быў 2009 год: ажно 14 гучных справаў.

Аднак загадчык лабараторыі клініка-эпідэміялагічных даследаванняў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Анатоль Гелда ў размове з «Белсатам» абверг меркаванне пра тое, што міліцыянт – гэта самая «суіцыдная» прафесія ў Беларусі. Ён распавёў, што статыстыкі наконт прафесійнай прыналежнасці самазабойцаў у нашай краіне не вядзецца, паколькі на гэта не хапае ні людскіх, ні грашовых рэсурсаў. Анатоль Гелда звяртае ўвагу на тое, што самагубства адбываецца, калі чалавек не можа справіцца з унутранымі праблемамі, калі ўнутраную агрэсію ён накіроўвае на самога сябе. Прафесія ж міліцыянта гэтую агрэсію дазваляе накіроўваць на іншых.

У заходніх краінах часцей за прадстаўнікоў іншых прафесіяў накладаюць на сябе рукі медычныя працаўнікі, праца якіх часта звязана са стрэсам, у тым ліку і праз высокую сёння небяспеку звальнення. Беларускія дактары, паводле нашага суразмоўцы, у якасці спосабу змагання з негатыўнымі эмоцыямі найчасцей сягаюць па алкаголь.

«На мой погляд, да самазабойства ўвогуле штурхаюць не прафесійныя нейкія праблемы, а асабістыя і сямейныя, якія ў нас на першым месцы стаяць сярод прычынаў самагубстваў», – гаворыць Анатоль Гелда. Паводле яго, у групу рызыкі ўваходзяць перад усім тыя, хто займаецца некваліфікаванаю фізічнай працай і, адпаведна, атрымліваюць малыя заробкі і маюць нізкі ўзровень жыцця. Далей ідуць кваліфікаваныя працаўнікі. На трэцім месцы – інваліды і пенсіянеры, то бок беспрацоўныя. На чацвёртым – школьнікі і студэнты. Замыкае спіс інтэлігенцыя.

Анатоль Гелда лічыць, што трагічных выпадкаў у апошнія гады паменела, дзякуючы прафілактыцы, на якую ўрэшце звярнулі ўвагу на дзяржаўным узроўні, і таму, што беларусы ўжо адаптаваліся да стрэсаў: «Напрыклад, у 2011 годзе, калі была дэвальвацыя, росту самагубстваў не было», – адзначае ён.

Аліна Кашкевіч, ММ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары