Як беларусы перажываюць «Даніэлу»


«Белсат» распытаў мінакоў, як ім жывецца падчас моцнага снегападу.

Менск пад снегам. Да самага сапраўднага транспартнага калапсу не толькі ў сталіцы, але і ў іншых беларускіх гарадах спрычынілася надворʼе. І хоць цыклон з прыгожым імем Даніэла не такі жорсткі, як ягоны вядомы папярэднік Хаўер, жыццё стыхія ўскладніла многім.

У краіне абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі. Больш за 20 сантыметраў снегу ў Менску выпала толькі цягам некалькіх гадзінаў. Людзям сталага ўзросту ў гэткіх умовах рэкамендуецца не выходзіць з дому, а кіроўцам – перасаджвацца ў грамадскі транспарт. Зрэшты, і гэта не дапамагае – паводле сэрвісу «Яндекс.Пробки», узровень коркаў на сталічных дарогах сягнуў максімальных 10-ці балаў.

«Хацелі як лепей, атрымліваецца як заўсёды. Нечакана прыйшло.У нас жа пакуль смажаны певень не клюне, мы ж не пашавелімся», – каментуе цяжкія ўмовы надворʼя мужчына на вуліцы.

Іншы кажа:

«Камунальныя службы не рэагуюць, так. У апошні момант гэта ўсё ў іх. І потым як заўсёды, толькі па радыё ў нас усё добра».

Надворʼе папсавала жыццё і жыхарам іншых беларускіх гарадоў. Моцны ўдар стыхіі прыйшоўся на Гарадзенскую ды Берасцейскую вобласці. Даць рады са стыхіяй спрабуюць камунальныя службы, але пакуль марна.

«Наліпанне снегу, увогуле! Дарогі – не прайсці нідзе, ні праехаць», – кажа берасцейка.

«Павінен нейкі час прайсці, каб тут было штось пасыпана», – заўважае іншы жыхар абласнога цэнтру.

Неспрыяльнае, прынамсі, для шпацыру надворʼе чакаецца і заўтра, зазначаюць у Белгідраметцэнтры.

«Снегапады зменяцца маразамі, і ўжо тэмпература цягам содняў складзе – 1-8, крыху цяплей стане ў нашых паўднёва-заходніх рэгіёнах. І ўжо ў бліжэйшыя суботу, нядзелю чакаецца пік маразоў. Тэмпература паветра – 13-20. Падчас праяснення – 20–25. І такое ж надворʼе чакаецца і на Хрышчэнне», – адзначае начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Белгідраметцэнтру Зміцер Рабаў.

На сёння ж праз снегапад без электрычнасці засталіся больш за 200 паселішчаў па ўсёй Беларусі. У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надворʼя цярпяць і пасажыры нацыянальнага аэрапорту «Менск-2». Гэтак вечаровы рэйс з Масквы ў Менск прыляціць у Беларусь толькі ўначы. А рэйс з Франкфурту ўвогуле адменены.

Стужка навінаў