Як беларус забіў пасла Масквы. У 1927 годзе


Навіна пра публічнае забойства расейскага амбасадара ў Турцыі шакавала і здзівіла многіх. Добра апрануты малады турэцкі паліцыянт некалькі разоў выстраліў у ахвяру з выкрыкам: «Не забывайце пра Алепа! Алах вялікі!» Такім чынам ён, відавочна, лічыць сябе мсціўцам за ахвяры ў канчаткова ўзятым пад кантроль сірыйскімі і расейскімі падраздзяленнямі горадзе Алепа.

Аднак гэта не першы раз, калі маскоўскі пасол гіне ад куль мсціўцаў. Больш за тое, самы блізкі па стылі і ня менш гучны тэрарыстычны акт учыніў наш суайчыннік, беларус, 19-гадовы нарадзінец Вільні Барыс Каверда.

Барыс Каверда

7 чэрвеня 1927 года на вакзале ў Варшаве ён забіў стрэламі з рэвальвера паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава.

«Люба мне буква «Ка»,

Вокруг нее сияет бисер.

Пусть вечно светит свет венца

Бойцам Каплан и Каннегисер.

И да запомнят все, в ком есть

Любовь к родимой, честь во взгляде,

Отмстили попранную честь

Борцы Коверда и Конради».

Так пісаў расейскі паэт-сімваліст Канстанцін Бальмант, згадваючы Каверду ў ліку іншых антыкамуністаў, якія стралялі ў кіраўнікоў і функцыянераў Савецкай Расеі.

Барыс Каверда нарадзіўся ў 1907 годзе ў сямʼі настаўніка і быў вымушаны пакінуць Беларусь з-за набліжэння фронту Першай сусветнай вайны ва ўзросце 8 гадоў. У Расеі ён стаў сведкам Грамадзянскай вайны і чырвонага тэрору, у выніку каторага загінулі ягоны стрыечны брат і праваслаўны святар, які быў сябрам сямʼі. Пазней разам з бацькамі Барыс вярнуўся на Радзіму – у Вільню, якая стала польскай.

Размоўнай мовай у сямʼі была беларуская, і Барыс паступіў у Віленскую беларускую гімназію, аднак савецкі тэрор схіліў хлопца ў бок правага радыкалізму, хоць ягоны бацька быў эсэрам (сацыялістам-рэвалюцыянерам). З прычыны правых перакананняў ён не прыжыўся ў беларускай гімназіі, дзе тады на хвалі супрацьстаяння з польскімі ўладамі былі папулярнымі сацыялістычныя ідэі, і перайшоў у расейскую гімназію.

«У гімназіі адрозніваўся добрымі здольнасцямі, але неабходнасць пастаяннага заробку замінала яму вучыцца, быць у ліку лепшых вучняў. У школьным грамадскім жыцці ўдзелу не прымаў… Не выказваў асаблівай цікаўнасці да грамадска-палітычных пытанняў і стаяў у баку ад расейскага грамадска-палітычнага жыцця», – пісала потым расейская эмігранцкая газета «За Свободу.

Працаваў беларускамоўны хлопец карэктарам і экспедытарам у беларускай антыкамуністычнай газеце «Беларускае слова», рэдактарам якой быў Арсень Паўлюкевіч, загадчык шпіталя беларускіх паўстанцаў падчас Слуцкага Збройнага Чына.

Паўлюкевіч таксама прытрымліваўся правых перакананняў – ён быў адным са стваральнікаў Часовай беларускай рады, палітычнага апанента антыпольскіх левых беларускіх партый.

«Кожны народ толькі тады можа жыць і спакойна глядзець у сваю будучыню, калі ён нацыянальна свядомы. Дык галоўным пунктам нашай праграмы і зʼяўляецца – нацыянальнае адраджэнне», – пісала «Беларускае слова» у сваім першым нумары.

Потым на судзе Каверда будзе згадваць пра доўгія размовы з Паўлюкевічам і свае ваганні паміж расейскай і беларускай нацыянальнымі ідэнтычнасцямі. Іншым блізкім сябрам хлопца стаў былы казачы есаўл Міхал Якаўлеў, які выдаваў у Вільні газету «Новая Расія».

Менавіта з Паўлюкевічам і Якаўлевым Каверда абмяркоўваў свой тэракт. Яны і далі маладому чалавеку зброю і грошы на вандроўку ў Варшаву.

Забойства, якое прынясло маладому чалавеку сусветную вядомасць, адбылося амаль выпадкова – ён прачытаў памылковую зацемку ў газеце пра тое, што Войкаў збіраецца ехаць у Маскву. Аднак на самой справе савецкі амбасадар нікуды не збіраўся і прыйшоў на вакзал, каб сустрэць праязжаючага транзітам у Вялікую Брытанію іншага савецкага дыпламата.



Карыкатура з «Беларускага слова».

Першая куля патрапіла Войкаву ў спіну, аднак у былога дасведчанага баявіка-рэвалюцыянера, саўдзельніка ў забойстве расійскай царскай сямʼі, хапіла сіл абярнуцца і выхапіўшы браўнінг нейкі час адстрэльвацца. Ад раненняў ён памёр.

Потым у расійскіх манархічных кругах будуць распавядаць, што Каверда «помсціў за расійскую імператарскую сямʼю». Аднак хлопец быў правым рэспубліканцам і на судзе нават не згадваў пра Раманавых.

Допыт Барыса Каверды ў чыгуначным паліцэйскім пастарунку пасля забойства.

У адказ на «кропкавы» палітычны тэрарызм СССР выкарыстаў тэрарызм масавы – ў ноч з 9 на 10 чэрвеня былі забітыя 20 арыстакратаў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах пад рознымі абвінавачваннямі ці былі спецыяльна арыштаваныя без судоў.

У савецкай прапагандзе Войкаў стаў «пакутнікам», у ягоны гонар сталі называць вуліцы, заводы, шахты. Дагэтуль вуліцы Войкава існуюць у Віцебску, Гомлі, Слоніме, Бабруйску, Магілёве і нават заходнебеларускіх Баранавічах. У той жа час Каверду абвесцілі «белагвардзейцам».

Труна з целам Войкава нясуць для адпраўкі ў СССР.

«Ня хочучы абвастрэньня з Саветамі, польскі суд прысудзіў Кавэрду пажыцьцёвае зьняволеньне, у адрозьненьне ад падобнай справы 1923 г. з забойствам Вароўскага ў Швайцарыі, дзе два забойцы-расейцы былі апраўданыя… Разам з гэтым Кавэрда стаў кумірам расейскай эміграцыі, яго ўважалі за прыклад моцнага духу, за чалавека, здольнага на ахвярны ўчынак», – піша даследчык беларускай эміграцыі ў Амерыцы Віталь Зайка.

«И огнями горит золотыми

Путеводная наша звезда

Дорогое, любимое имя:

«Русский рыцарь Борис Коверда

– пісала адна эмігранцкая паэтэса.

Верагодна, гэты статус героя сярод расейскіх «белых» канчаткова паўплываў на нацыянальную свядомасць Барыса Каверды – пасля выхаду з турмы ён канчаткова ўліваецца ў жыццё расейскай эміграцыі.

Радыкальны антыкамуніст у часы Другой сусветнай вайны стаў афіцэрам у так званым Зондэрштабе «Р» генерала Барыса Хольмстан-Смыслоўскага, які рыхтаваў агентаў і афіцэраў для вайсковых фармаванняў з савецкіх грамадзянаў, якія ваявалі супраць СССР на баку Нямеччыны.

Пасля вайны Барыса Каверда працаваў у расейскіх эмігранцкіх выданнях і памёр ва ўзросце 79 год у Вашынгтоне.

Вынікам акцыі Кавэрды сталі новыя рэпрэсіі, «кананізацыя» Войкава і антызаходняя істэрыя ў СССР, але яна ня выклікала ані антысавецкіх паўстанняў, ані значнага пагаршэньня адносінаў паміж СССР і Захадам, адзначаюць гісторыкі.

Лёс Барыса Каверды – прыклад складанай гісторыі беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў перыяд яе фармавання і пашырэння. Можна ўпэўнена сказаць, што рашучы і перакананы хлопец мог бы прынесці сапраўдную карысць беларускаму і суседнім народам, калі б працягваў працаваць у «Беларускім слове».

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў