Як Беларусь гандлюе алкаголем з сепаратыстамі «ЛДНР». Расследаванне


Прыкладна чвэрць харчовага і алкагольнага рынку ў гэтак званых ДНР і ЛНР занятая Беларуссю. І хоць афіцыйны Менск не прызнае незалежнасці Прарасейскіх самаабвешчаных рэспублік, гандлюючы з імі беларускія прадпрыемствы могуць не парушаць не толькі сваё, але нават і ўкраінскае заканадаўства.

Як выглядаюць схемы паставак?

«Першы спосаб – гэта рээкспарт праз расейскую фірму і ў гэтым выпадку беларускія законы фармальна не парушаюцца, таксама ёсць такія фарматы, калі заключаюцца прамыя кантракты паміж беларускім прадпрыемствам і кампаніяй пад юрысдыкцыяй ДНР-ЛНР – так было ў выпадку славпродукта. І нарэшце ёсць трэці экзатычны варыянт, калі кантракт афармляецца праз кампанію ў Ганконгу і Канадзе», – дзеліцца суаўтара расследаванняў і журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.

Так праз ганконгскага партнёра «Huge Sky LTD ў ЛНР» прадае сваю прадукцыю Мазырскі спіртагарэлачны завод, Крыніца ж, чыя прадукцыя адкрыта рэкламуецца ў сепаратысцкіх рэспубліках працуе праз свайго канадскага партнёра.

Хто прымае беларускі тавар?

«Беларусь не проста гандлюе з бізнесоўцамі з ЛДНР, яна гандлюе з людзьмі, якіх афіцыйны Кіеў абвінавачвае ў фінансаванні тэрарызму – гэта так званыя кашалькі тэрарыстаў», – зазначыў Ігар Ільяш, журналіст «Белсату» і суаўтар расследавання.

Да прыкладу, гаворка пра кампанію «Майстар-гандаль», якую па непацверджанай інфармацыі кантралюе сын збеглага ўкраінскага прэзідэнта, мільянер Аляксандр Януковіч. Іншая, луганская кампанія «СВ-ТОРГ», што спецыялізуецца на аптовым гандлі спіртным і закускамі, адкрыта заяўляе аб тым, што ў першай дзясятцы яе партнёраў – адразу шэсць беларускіх прадпрыемстваў.

Большасць такіх беларускіх фірмаў сваіх данецкіх і луганскіх кліентаў не спяшаюцца афішаваць, у адрозненне, напрыклад, ад «Камунаркі».

Аўтары расследавання чакаюць вострай рэакцыі з боку Украіны

Магчыма – нават санкцыяў супраць прадпрыемстваў, якія наўмысна парушаюць ўкраінскае заканадаўства. Але цяжка ўявіць, што Кіеў не ведае пра гэтыя факты, улічваючы, што і цэлы шэраг украінскіх прадпрыемстваў выкарыстоўвае падобныя схемы, каб абыйсці забарону.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў