Як байкер з Гомля асядлаў Цмока

photo

Камусьці падабаецца ездзіць на завадскім матацыкле, а нехта хоча зрабіць яго сваймі рукамі. Байкер з Гомлі Яўген Харытоненка зрабіў матацыкл у выглядзе цмока. Пра стварэнне міфічнай мотаістоты ён распавёў карэспандэнтцы belsat.eu

Матацыкл «з нуля»

Агмень байкерства запаліўся ў ва мне ў дзяцінстве. Усяму «віною» – мая цётка. Як мне споўнілася 10 гадоў, яна мяне пачала вадзіць на мота фэсты. Гэты стрыжань умацоўваўся з году на год. Першы мой матацыкл – Цмок.

У чалавека, напрыклад, узнікае ідэя (у сне ўбачыў, у мультфільме), якія і ўвасабляецца ў матацыкл. За базу бярэцца агрэгат – рухавік, нехта бярэ «раму-донара» ад матацыклу, нехта раму робіць сам, замаўляе трубы і пачынае ствараць свой байк. Дызайн малююць на аркушы, ці на кампʼютары ў 3D. Рухавік можа дапрацоўвацца: падымаецца магутнасць, момант сілы ды інш. Усё астатняе робіцца самастойна: рама, стырно, падвеска, вілка пярэдняя, задняя. Колы, вядома, купляюцца.

Пазнаёмцеся з Цмокам

Галава ў майго Цмока – з чыстага дрэва (чырвоны афрыканскі дуб). Бак на 42 літры. Шкілет бака – з металу, перапонкі – са шкловалакна, хвост, рама – металічныя, задняе кола – з БМВ X5.


Мяне знак цмока пераследуе ўсё жыццё. Я нарадзіўся ў год Цмока. З дзяцінства мяне захаплялі гэтыя істоты, я вельмі любіў маляваць цмокаў. Урэшце, пабудаваў матацыкл, і ён сам такім атрымаўся. Я не ставіў на мэце пабудаваць менавіта цмока, але атрымалася гэтак, што ў момант заканчэння пабудовы, ён набыў грацыю і формы цмока.

Цмокі мудрыя, уладныя, велічныя. Што да матацыкла – Цмока, у яго дынамічны палёт, я сябе адчуваю на ім вельмі камфортна. Самае галоўнае – ягонае дыханне – выхлап, які атрымаўся толькі з пятага разу, гэта ўжо пятая выхлапная сістэма на ім стаіць. Урэшце яна мяне задавальняе, бо раней выхлап атрымліваўся ці занадта гучны, ці занадта ціхі, ці надта хлёсткі.

Цмока збіраў уначы

На яго стварэнне пайшлі два гады. Гэта не працоўныя, гэта начныя гадзіны, то бок – два гады начэй, бо маю звычайную працу, таму атрымалася, што вольны час быў толькі ўначы.

І Цмок варты гэтага. Ён – у маім сэрцы, у душы. Ён – маё жыццё. У кожнага розныя захапленні, я знайшоў сябе ў кастамайзінгу.

Сёння Цмок – гэта транспартны сродак на кожны дзень, хаця планаваў, што ён будзе матацыклам выходнага дня.

Гутарыла Ларыса Шчыракова, belsat.eu
Фота аўтаркі

Глядзі таксама
Каментары