«Як астаткі дык астаткі – хай трасуцца бабаў задкі»


Канец карнавалу, сёння каталіцкія вернікі пачалі Вялікі пост. Згодна са старадаўняй традыцыяй, у аўторак перад папельцам гуляліся астаткі, якімі завяршаўся карнавальны перыяд, што доўжыўся ад Раства да пачатку посту.

Само слова карнавал лацінскага паходжання: carne – мяса і vale – бывай, адным словам карнавал гэта нішто іншае, як развітанне з мясам, а пры нагодзе няпостнымі стравамі і забавамі.

У Іспаніі ці Францыі кульмінацыйны момант карнавалу і па сённяшні дзень называецца тлустым аўторкам. У старапольскай традыцыі гэты дзень звязаны з вандроўнымі групамі, якія шмаруюць мінакоў сажай ці даюць падзаднікі – а ўсё гэта на шчасце.

Тлусты аўторак завяршае тлусты тыдзень, што пачаўся ў мінулы чацьвер. Гэты тыдзень у народзе называлі Запустамі ці Мясапустам. Сам жа тлусты тыдзень выводзіцца са спалучэння народнай традыцыі ды хрысціянства.

Сімвалам карнавалу быў тлушч, таму што падчас посту забаранялася спажываць тлустыя стравы. Калісьці ва ўсіх хатах гатавалі шмат тлустай ежы, кашы з капустай ды шкваркамі, вэнджанае сала ды смалец. Ну і канешне ж мяса, нават у бедных дамах, дзе мяса не было месяцамі, людзі стараліся, каб уся сям’я мела па кавалку мяса.

З запустамі звязана шмат абрадаў. Неадемным элементам гэтага святкавання былі каляровыя карагоды пераапранутых вандроўнікаў. Як і падчас калядавання хадзілі яны па вуліцах пераапранутыя ў козы, коні, дяблы, смерць з касою ды анёла. Усім напатканым па дарозе мінакам яны ўручалі букецікі з лясных галінак. Гэтыя галінкі ставіліся ў ваду і на Вербную нядзелю былі гатовыя вербачкі.

У запустны аўторак перад папельцам, называны яшчэ следзікам моладзь з усёй вёскі збіралася ў карчме, каб разам завершыць мясапуст. Напрыканцы забавы на стале з’яўляўся падкурак – страва з яек, малака і селядца, якія сімвалізавалі пераход ад мясапусту да посных страваў.

Дакладна апоўначы на падлогу высыпаўся попел і такім чынам пачынаўся Вялікі пост, а разам з ім чаканне Вялікадня.

КР, belsat.eu

Стужка навінаў